Галоўная / Навiны / Навiны раёна
10.05.2020

Бераставіччына далучылася да рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае. Салдаты Перамогі”( + відэа)


Відэа: Віктара Фрыдэля

У майскія перадсвяточныя дні ветэраны Бераставіцкага раёна атрымліваюць шматлікія віншаванні з надыходзячым 75-гадовым юбілеем Вялікай Перамогі.

У сілу паважанага ўзросту яны не могуць наведать святочныя мерапрыемствы. А таму ў індывідуальным парадку святочныя мерапрыемствы праводзяцца для  віноўнікаў урачыстасці побач з іх домам.

Напярэдадні 9 Мая са святам Перамогі музычныя віншаванні прымаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Захар Емяльянавіч Акуліч з аграгарадка Кватары. Побач з домам ветэрана работнікі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці арганізавалі міні-канцэртную праграму, каб стварыць для шаноўнага гледача атмасферу свята і выканаць яго любімыя песні. Прагучалі песні «Катюша» і «День Победы», якія  кранаюць за душу прадстаўнікоў усіх пакаленняў, але асабліва ветэранаў, якія  пранеслі гэтыя, дарагія сэрцу, лірычныя радкі праз ўсё жыццё.

Лідэры піянерскай дружыны імя Пятра Клімука і валанцёрскага атрада «Доброволец» Кватарскага ясляў-сада–базавай школы прачыталі Захару Емяльянавічу вершы, уручылі паштоўку з малюнкамі пераможцаў конкурсу «Салют Перамогі» і букет кветак, зроблены ўласнаручна.

Ветэран атрымаў кветкі і ад моладзі Бераставіччыны. Спецыяліст райкама ГА «БРСМ» Вольга Марцён падарыла Захару Емяльянавічу прыгожы букет, а таксама віншавальны салдацкі трохкутнік ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  і святочную паштоўку ад кіраўніцтва Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і абласнога Савета ветэранаў.

– Мы памятаем і ніколі не забудзем пра вялікі подзвіг, які здзейснілі ветэраны, – падкрэсліла Вольга Марцён. – І наша задача – быць годнымі нашчадкамі сваіх дзядоў і прадзедаў. Менавіта такім сэнсам напоўнена рэспубліканская патрыятычная акцыя “Беларусь памятае. Салдаты Перамогі”.

Святлана Ганчарова, фота аўтара

Читайте актуальные новости Берестовицкого района, области, республики  и в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!