Галоўная / Навiны / Навiны раёна
20.10.2020

Бераставіцкая раённая бібліятэка рэалізуе інтэрнэт-праекты

Сёлетняя сітуацыя з распаўсюджваннем каронавіруснай інфекцыі актывізавала бібліятэчную дзейнасць у online-фар­маце. І цяпер, напэўна, няма ніводнай бібліятэкі, якой не даводзілася б ствараць віртуальныя прэзентацыі ці праекты. Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В. М. Кавалеўскага – не выключэнне. Дзейнасць бібліятэкараў па падрыхтоўцы электронных мультымедыйных рэсурсаў з выкарыстаннем сучасных лічбавых тэхналогій садзейнічае прапагандзе чытання, папулярызацыі кніжнага фонду ўстановы і пашырэнню ведаў па беларускай культуры і гісторыі.

У стварэнне інтэрнэт-праектаў уключыліся як супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу і работы з фондам, аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі, так і бібліятэкары філіялаў у аграгарадках, а таксама дзіцячага філіяла.

– За два апошнія кварталы было пад­рыхтавана дваццаць віртуальных выстаў, відэааглядаў і відэапрэзентацый, прысвечаных, у асноўным, юбілеям знакамітых паэтаў і пісьменнікаў, важным дзяржаўным падзеям і актуальным праблемам грамадства, – расказвае дырэктар Бераставіцкай райбібліятэкі Аксана Кумпель. – Акрамя распрацоўкі ўласных медыарэсурсаў, мы далучыліся і да абласных віртуальных бібліятэчных праектаў. Так, бібліятэкі і чытачы раёна прынялі ўдзел у абласным бібліяпраекце “Вялікай Перамозе – 75!” і акцыі “Чытаем разам аб вайне”. Было падрыхтавана дваццаць пяць відэаролікаў, падчас якіх дзеці і дарослыя выразна чыталі вершы і ўрыўкі з твораў беларускіх і рускіх пісьменнікаў і паэтаў. Самымі эмацыянальнымі і яскравымі сталі відэавыступленні Алесі Сяргейчык, Алы Філон, Дануты Лагады, Таццяны Кулік, Таццяны Навумчык, Марыны Ясюкевіч і іншых.

У рамках абласнога бібліятэчнага праекта “Кніга ў кінематографе” падрыхтавана пятнаццаць буктрэйлераў і відэапрэзентацый. Шэсць відэаролікаў папоўнілі абласны online-праект “Кніжныя сустрэчы”, трынаццаць – абласны бібліятэчны праект “ВО! Круг кніг!”.

Асабліва хочацца адзначыць краязнаўчы online-праект “А ці ведаеце Вы што…”, які знаёміць чытачоў і карыстальнікаў інтэрнэту з мясцовымі помнікамі гісторыі і архітэктуры раёна, адметнымі падзеямі і знакамітымі землякамі. Падрыхтавана адзінаццаць відэаматэрыялаў, у якіх ідзе гаворка пра дэкаратыўную скульптурную кампазіцыю “Дрэва жыцця”, устаноўленую ў 2006 годзе ў цэнтры Вялікай Бераставіцы з нагоды 500-годдзя першага ўпаміну нашага мястэчка ў гістарычных дакументах, а таксама пра паходжанне назвы “Вялікая Бераставіца” і Бераставіцкую ратушу, пра “стары” касцёл Візітацыі Найсвяцейшай Панны Марыі ў гарпасёлку і Успенскую царкву ў вёсцы Гарбачы, пра музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы і музей “Каменны летапіс Зямлі” Вялікаэйсмантаўскай СШ, пра жыццё і дзейнасць вядомых вучоных-землякоў Ігната Анацэвіча і Восіпа Кавалеўскага. Ёсць відэаролік, прысвечаны палкоўніку Геронцію Цітаішвілі, слаўнаму сыну грузінскага народа, які загінуў падчас вызвалення Бераставіччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Усе відэарэсурсы размешчаны на сайце Бераставіцкай раённай бібліятэкі пад адпа­веднымі банэрамі, публікуюцца ў сацыяльных сетках і на youtube-канале ўстановы.

Святлана Ганчарова