Галоўная / Навiны / Навiны раёна
04.05.2020

Памяць пра подзвіг – у літаратуры. Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Перамога ў сэрцы кожнага” дзейнічае ў райбібліятэцы

Пазнаёміцца з арыгіналамі газет “Красная звезда” і “Советская Белоруссия” пераможнага мая 1945 года, дзе апублікавана інфармацыя аб капітуляцыі фашыстскай Германіі, паглядзець здымкі ваенных фотакарэспандэнтаў, даведацца пра герояў, чыімі прозвішчамі названы вуліцы населеных пунктаў Бераставіцкага раёна, пачытаць дакументальныя і мастацкія кнігі аб Вялікай Айчыннай вайне прапануе кніжна-ілюстрацыйная выстава “Перамога ў сэрцы кожнага”, арганізаваная ў абанементнай зале Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага.

Раздзелаў у выставы некалькі. Галоўныя з іх – “Шлях да Перамогі” і “Салдаты Вялікай Перамогі”– знаёмяць з ваенна-гістарычнай літаратурай,  дакументальнай хронікай Вялікай Айчыннай вайны і біяграфіямі талентавітых савецкіх ваеначальнікаў.

На паліцы пад назвай “Вуліцы ў гонар герояў” размешчаны выдавецкія працы – вынік дзейнасці супрацоўнікаў бібліятэкі па пошуку матэрыялаў пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, чые прозвішчы носяць вуліцы Вялікай Бераставіцы, аграгарадкоў Пагранічны і Малая Бераставіца. У рамках гэтага праекта былі створаны брашуры і буклеты пра Геронція Цітаішвілі, Канстанціна Заслонава, Мікалая Гастэла, Фёдара Цівунчыка-Арлова, Івана Жыжаля, Вольгу Соламаву.

“Вялікая Айчынная вайна ў фотааб’ектыве” – раздзел выставы, на якім прадстаўлены кнігі, дзе сабраны ваенныя фотаздымкі, створаныя адважнымі журналістамі. Кожны з гэтых кадраў – шэдэўр хаця б таму, што зроблены, падчас, у нерэальных умовах. Экспазіцыя знаёміць як з сусветна вядомымі здымкамі, так і з тымі, што датычацца гісторыі нашай мясцовасці. На іх, у прыватнасці, адлюстраваны вывад ваеннапалонных з касцёла ў Вялікай Бераставіцы (1941 год) і высяленне яўрээў у гета (1942 год). Цікавасць выклікаюць і экспанаты ваеннай атрыбутыкі – пілотка, а таксама фляга для вады і салдацкі кацелок. Апошнія, дарэчы, перадаў на выставу актыўны чытач райбібліятэкі Міхаіл Маскальчук.

Асобна на выставе сабраны мастацкія кнігі ваеннай тэматыкі, якія можна ўзяць пачытаць дамоў.

***

Выстава ў дзіцячай бібліятэцы не менш цікавая. На ёй прадстаўлена літаратура пра дзяцей- сведкаў трагічных падзей 1941-1945-ых гадоў, дзяцей-удзельнікаў і герояў вайны, а таксама пра вялікія і пераломныя бітвы Вялікай Айчыннай і памятнікі-манументы, якія сёння захоўваюць памяць аб подзвігу беларускага народа.

Святлана Ганчарова, фота аўтара

Читайте актуальные новости Берестовицкого района, области, республики  и в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!