Галоўная / Навiны / Навiны раёна
04.11.2020

У Бераставіцкім раёне ветэрана вайны Ганну Шышко павіншавалі з 95-гадовым юбілеем

4 лістапада свой 95-гадовы юбілей адзначыла ветэран Вялікай Айчыннай вайны з Вялікай Бераставіцы Ганна Шышко. Павіншаваць яе з гэтай значымай жыццёвай падзеяй прыехалі старшыня Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык, начальнік адасобленай групы Бераставіцкага раёна ваеннага камісарыята Ваўкавыскага, Бераставіцкага і Свіслацкага раёнаў Віталь Ігнатовіч і старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова.

Праўда, каб не ставіць пад пагрозу здароўе Ганны Міронаўны ў  існуючай эпідэміялагічнай сітуацыі,   віншаванні для ветэрана госці  перадалі праз яе дачку Аліну Богдан.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык уручыў Ганаровую грамату Бераставіцкага райвыканкама, якой  Ганна Шышко ўзнагароджана з нагоды свайго юбілею, пажадаў ветэрану вайны моцнага здароўя і даўгалецця.

Кветкі і віншаванні для імянінніцы  ад калектыву раённага ваеннага камісарыята і раённага савета ветэранаў перадалі таксама  начальнік адасобленай групы Бераставіцкага раёна Віталь Ігнатовіч і старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова, якія пажадалі Ганне Міронаўне яшчэ многа  доўгіх здаровых гадоў жыцця.

— Калі я ўчора сказала маме, што   яе прыедуць віншаваць з 95-годдзем, яна вельмі ўзрадавалася, што і ў  Бераставіцкім раёне пра яе ведаюць і памятаюць, — з хваляваннем адзначыла дачка  ветэрана Аліна Пятроўна.- Яна раней жыла ў Зэльвенскім раёне, у вёсцы  Бібікі,  а са студзеня гэтага года, калі ў яе пагоршылася здароўе і яна амаль страціла зрок, мы забралі яе да сябе ў Бераставіцу.   На Зэльвеншчыне   маму таксама не пакідалі без увагі, яна заўсёды радавалася, калі да яе завітвалі ў госці, віншавалі са святамі, аказвалі неабходную дапамогу. Вядома, і сёння  яна б хацела асабіста прыняць віншаванні, але, на жаль, здароўе ўжо не дазваляе.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Ганна Шышко – удзельніца партызанскага руху. У няпоўных 18 гадоў яна    прыняла рашэнне  дапамагаць партызанам і ў кастрычніку 1943 года ўступіла партызанскі атрад №2  брыгады імя Кутузава, якая дзейнічала ў Віцебскай вобласці. Маладая дзяўчына не баялася ісці на баявыя заданні, удзельнічала ў многіх аперацыях партызан.

Пасля вызвалення Ганна Міронаўна працавала паляводам у калгасе 1-га Мая Гарадокскага раёна Віцебскай вобласці, а затым у калгасе “Іскра” Зэльвенскага раёна. З 1965 года і да пенсіі, на якую яна выйшла ў 1983 годзе, Ганна Шышко была паштальёнам Зэльвенскага раённага вузла паштовай сувязі. Пісем, газет і часопісаў, якія разносіла жанчына, з нецярпеннем чакалі жыхары многіх вёсак Зэльвеншчыны. За час працы яна зарэкамендавала сябе добрасумленным работнікам і карысталася заслужаным аўтарытэтам сярод аднасяльчан.

За храбрасць, стойкасць і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і ў азнаменаванне 40-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне Ганна Шышко была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 2 ступені, мае таксама шэраг юбілейных медалёў.

Дарэчы, як паведаміла старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова, на сённяшні дзень у Бераставіцкім раёне пражываюць усяго чатыры ветэраны Вялікай Айчыннай вайны: два ўдзельнікі баявых дзеянняў і два працаўнікі тылу.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара