Афіцыйны сайт
Адрас:
231778, г.п. Вялікая Бераставіца,
пл. Ратушная, 1
Электронная пошта:
berestrec@mail.grodno.by
Тэлефон: 8-(01511) 2-17-47
Факс: 8-(01511) 2-17-47

Краязнаўчы каляндар Бераставіччыны

Краязнаўчы каляндар на 2019 год створаны на аснове кнігі “Памяць” Бераставіцкага раёна, “Летапіснай хронікі Бераставіччыны”, тэматычнай папкі “Знакамітыя людзі Бераставіччыны”, фактаграфічнай картатэкі “Славутыя імёны Бераставіччыны”. Папка і картатэка змяшчаюць звесткі энцыклапедычных выданняў: Беларуская энцыклапедыя: У 18 т..-Мн.: БелЭн., 1996-2003.- Т. 1-16; Беларусь: Энцыкл. давед.-Мн.: БелЭн., 1995; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. – Мн.: БелЭн., 1993-2001.- Т. 1-6; Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Х-ХІХ стст.: Энцыкл. давед.- Мн.:Бел.Эн., 1995; Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.- Мн.: БелСЭ, 1984-1987; Беларускія пісьменнікі: Бібліягр. слоўн.: У 6 т.- Мн.: БелЭн., 1992-1995; Пяткевіч А. Людзі культуры з Гродзеншчыны: Давед.- Гродна, 2000, а таксама матэрыялаў з электронных рэсурсаў.

Адбор юбілейных дат рабіўся ў адпаведнасці са значнасцю для гісторыі, эканомікі і культуры краю. Для персаналій юбілейнымі вырашана лічыць: 60, 65, 70 ... і далей гадоў. Указваюцца сувязі дзеячаў з Бераставіччынай. Даты даюцца па новаму стылю, геаграфічныя аб’екты – згодна сучаснаму адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму дзяленню.

Спадзяёмся, што наш каляндар будзе карысным і цікавым для шырокага кола чытачоў, краязнаўцаў, бібліятэкараў і ўсім тым, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.

 



510 гадоў з дня нараджэння Юрыя Аляксандравіча Хадкевіча (каля 1509 – 1569), стольніка і кашталяна трокскага, уладальніка Вялікай Бераставіцы ў 1550-1569 гг.

 




470 гадоў з дня смерці Хадкевіча Аляксандра Іванавіча (1475 - 28.5.1549), вядомага дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, аднаго з першых уладальнікаў Вялікай Бераставіцы. Мястэчка і некаторыя іншыя паселішчы перайшлі ва ўладанне сярэдняму сыну Аляксандра – Рыгору, каралеўскаму падкаморнаму, старасце Ковенскаму (каля 1500 – 12.11.1572 або 19.11.1573) і малодшаму сыну Юрыю, кашталяну трокскаму (каля 1509 – 1569) .



455 гадоў з часу бітвы над ракой Улай, пры Чашніках, паміж нешматлікім войскам Вялікага Княства Літоўскага і 30-тысячным рускім войскам (1564). Перамогу атрымала войска Вялікага Княства Літоўскага, якое ўзначальваў вядомы ваеначальнік таго часу, уладальнік Вялікай Бераставіцы Рыгор Хадкевіч.








275
 гадоў з часу атрымання (1744) ураджэнцам маёнтка Алекшыцы Масальскім Міхаілам Юзафам (да 1700-20.01.1768) пасады кашталяна Віленскага і Гетмана Польнага Вялікага Княства Літоўскага.











265 гадоў з часу надання (02.08.1754) Вялікай Бераставіцы Магдэбургскага права з гербам “Вавёрка”. У 1754  -  1755 гг. нямецкі архітэктар Ян Генрык Клем стварае праект бераставіцкай ратушы – сімвал самакіравання. Фундатарам будаўніцтва стаў тагачасны ўладальнік Бераставіцы Ежы Аўгуст Мнішак (1715-1778), маршалак надворны каронны. 




 






245 гадоў з часу ўладання Вялікай Бераставіцай графскім родам Патоцкіх гербу “Пілава”. 1 снежня 1774 г. Юзэфіна Амелія (1752-1798), дачка Е.А. Мнішка, маршалка надворнага кароннага, узяла шлюб з графам Станіславам Патоцкім (1752-1805), ваяводам рускім, якому ўнесла ў пасаг Вялікую Бераставіцу з навакольнымі вёскамі.
 




 





245 гадоў з дня нараджэння Тышкевіча Тадэвуша (Фадзея) (17.09.1774-15.04.1852), дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага і Расійскай імперыі, які з 1816 года стаў ўладальнікам маёнтка Клепачы (палац Сымфаны) і фальваркаў у навакольных вёсках, якія раней належылі Свіслацкаму графству (цяпер Бераставіцкі раён).
 







225 гадоў з часу (сак.-лістап. 1794)  паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі супраць умоў другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793). 20 верасня 1794 года каля Вялікай Бераставіцы адбылася бітва паміж паўстанцамі і войскамі царскай Расіі.











225 гадоў з часу адкрыцця (1793 - 1794) шпіталя і школы пры касцёле Прасвятой Дзевы Марыі ў Вялікай Бераставіцы.
 







200 гадоў з дня нараджэння Манюшкі Станіслава (5.05.1819 - 4.06.1872), беларускага і польскага кампазітара, дырыжора. У 1850-1870-ыя гады неаднаразова бываў на Бераставіччыне ў маёнтку Гольні, дзе за мясцовым памешчыкам графам Ельскім была замужам яго сястра.
 










115 гадоў з дня нараджэння Жыжаля Івана Мацвеевіча (1904, в.Сыраежкі - 1982), Героя Сацыялістычнай Працы (1964), Заслужанага будаўніка БССР (1962), у 1955-1959 гг. міністра прамысловага будаўніцтва БССР.
 









100 гадоў з дня нараджэння Зароўскай Ганны Сямёнаўны (1919, Вытагорскі р-н Валагодскай вобл. - 2004), Заслужанай настаўніцы Беларусі (1968), з 1947г. працавала ў розных школах Бераставіцкага раёна, з 1960г.- настаўніца рускай мовы Вялікабераставіцкай СШ, 1971-73гг.- намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
 










90 гадоў з дня нараджэння Лознева Віталія Аляксандравіча (1929, Бельскі р-н Смаленскай вобл.), навукоўца і педагога, кандыдата эканамічных навук (1975), дацэнта (1980), выкладчыка Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута (1976-1990). У 1957-1972 гг. працаваў дырэктарам саўгаса “Бераставіцкі”.
 






90 гадоў з дня нараджэння Трафіменковай Анастасіі Сцяпанаўны (1929, в. Асмолавічы Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. - 1987), Заслужанай настаўніцы Беларусі (1972). З 1947г. - на педагагічнай рабоце ў Бераставіцкім раёне. У1950-1985 гг. – настаўніца рускай мовы і літаратуры Макараўскай СШ.




85 гадоў з дня нараджэння Мароза Міхаіла Адамавіча (11.02.1934, в. Траццякі), навукоўца, кандыдата эканамічных навук (1974), дацэнта (1988), Заслужанага работніка сельскай гаспадаркі (1992), рэктара Інстытута кіравання аграпрамысловым комплексам Беларусі (з 1985).

 










80 гадоў з дня нараджэння Хвясько Генадзія Міхайлавіча (1939, Вялікая Бераставіца), навукоўца і дацэнта (1980), прарэктара па выхаваўчай рабоце Беларускага тэхналагічнага універсітэта (з 1997).











75 гадоў з дня нараджэння Пацэнка Мікалая Іванавіча (13.01.1944 г., в.Вострава Мастоўскага раёна), краязнаўца, рэдактара-укладальніка кнігі “Памяць” Бераставіцкага раёна (1999), лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” (2001) і Прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў намінацыі “Літаратура і журналістыка” Беларускага прафсаюза работнікаў культуры (2010), Ганаровага грамадзяніна Вялікай Бераставіцы (2017).








75 гадоў з дня нараджэння Ядкоўскага Казіміра Міхайлавіча (1944, в. Вялікія Ёдкавічы), кандыдата медыцынскіх навук (1990), галоўнага дзіцячага ўролага Гродзенскай вобласці, з 1980 года асістэнта кафедры дзіцячай хірургіі Гродзенскага медыцынскага інстытута.






75 гадоў з дня нараджэння Скапца Георгія Міхайлавіча (1944, в.Бераставічаны), ваеннага навукоўца, палкоўніка, доктара тэхнічных навук (1995), Заслужанага дзеяча навукі Расіі (1997), Члена-карэспандэнта Міжнароднай акадэміі інфарматыкі.






75 гадоў з часу вызвалення Вялікай Бераставіцы (16.07.1944) ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.









75 гадоў з часу ўтварэння (20 верасня 1944г.) Бераставіцкага раёна з цэнтрам у Вялікай Бераставіцы.
















75 гадоў з часу выпуску (верасень 1944) першага нумара раённай газеты “Знамя Советов”  (рэдактар - С.І. Шэлег). 














75 гадоў з часу стварэння (1944) вытворчага аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі (Камунгас) ў Вялікай Бераставіцы. Першы начальнік – М.А. Шульгановіч. У розны час ім кіравалі М.В. Шышкін, А.В. Смалей, К.Е. Кузікевіч, А.В. Паляк, А.І. Чыж, К.С. Семянюк, М.М. Таргун і інш.







75 гадоў з часу  ўтварэння (ліпень 1944)  цэнтральнай раённай аптэкі. У розны час яе ўзачальвалі У.І. Шока, А.В. Сідарэнка, Ц.І. Канецкая, А.Л. Пушнякоў.









75 гадоў з часу  стварэння (1944) хлебапрыёмнага прадпрыемства ў п. Пагранічны. Яго кіраўнікамі былі Л.І. Жыдкоў, І.І. Петрашкевіч, А.І. Умрыхін, К.С. Семянюк, Р.П. Навумовіч.







55 гадоў з дня нараджэння Лагады Барыса Барысавіча (31.10.1964, г.п. Вялікая Бераставіца), беларускага тэатральнага рэжысёра, артыста тэатра і кіно, пісьменніка.