Музей "Зямля і людзі"

Адрас: 231785 аг. Вялікія Эйсманты
вул.Юбілейная, 20
тэл./факс: 8 01511 74525
e-mail: voronetskogo@mail.ru

Рэжым работы: панядзелак - пятніца - з 10.00 да 16.00
                            субота, нядзеля - выхадны


Экскурс па Музею камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Варанецкі”
“Зямля і людзі

Першыя два стэнды справа прысвечаны А.М. Варанецкаму.

Варанецкі Андрэй Максімавіч нарадзіўся ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці ў сям’і селяніна-бедняка 19 лютага 1920 года. (Так значыцца ў пашпарце, хаця ў аўтабіяграфіі самым Андрэем Максімавічам пазначана дата нараджэння – 19 жніўня 1920 года).

У 1935 годзе пасля заканчэння мясцовай сямігодкі паступіў на рабфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які закончыў у 1938 годзе. У гэтым жа годзе паступіў ў Мінскі настаўніцкі інстытут.

Пасля заканчэння Мінскага настаўніцкага інстытута ў 1940 г. працаваў дырэктарам Суражскай сямігадовай школы Саколкаўскага раёна Беластоцкай вобласці (цяпер Польшча). 

6 мая 1941 года быў прызваны на службу ў Савецкую Армію. Служыў  спачатку ў палку сувязі тэлефаністам. У снежні 1941 года быў залічаны курсантам у лётную ваенную школу ў горадзе Уфа. Пасля заканчэння лётнай школы ў снежні 1942 года накіраваны на вучобу ў лётную школу знішчальнікаў. У студзені 1944 года  быў накіраваны пілотам у знішчальны полк на другі Беларускі фронт. У ліпені 1944 года быў накіраваны пілотам ў горад Благавешчынск Хабараўскай ваеннай акругі ў знішчальны полк. У ім ён праслужыў да аварыі на самалёце ў кастрычніку 1944 года. Там, на Далёкім Усходзе, ён і знаходзіўся да лістапада 1945 года. 

Пасля дэмабілізацыі з 1946 года – на педагагічнай рабоце ў Бераставіцкім раёне. 

Летам 1953 года А.М.Варанецкі быў пераведзены на пасаду дырэктара сямігадовай школы ў Вялікія Эйсманты. А ўжо 11 снежня гэтага ж года калгаснікі калгаса імя Хрушчова, цэнтр якога знаходзіўся ў в. Вялікія Эйсманты, выбралі А.М.Варанецкага старшынёй калгаса, які 17.09.1957 года быў перайменаваны ў калгас “Гвардыя”. Пад яго кіраўніцтвам адстаючая гаспадарка стала адной з найбольш моцных не толькі ў  Беларусі, але і ў СССР. За  гады працы ў калгасе Андрэй Максімавіч праявіў сябе ініцыятыўным і здольным арганізатарам сельскагаспадарчай вытворчасці. За дасягнутыя поспехі ў 1966 г. А.М. Варанецкаму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Акрамя таго, ён быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга і многімі медалямі. А калгас “Гвардыя” ў 1967 г. быў узнагароджаны ордэнам Леніна. 

На першым стэндзе змешчаны фатаграфіі з урачыстага мітынгу калгаснікаў, прысвечанага ўручэнню калгасу ордэна Леніна. Гэтая ўрачыстасць адбылася 21 жніўня 1967 г. на стадыёне ў Вялікіх Эйсмантах.  

На верхнім здымку сакратар Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі  С.В. Прытыцкі прымацоўвае ордэн Леніна да Сцяга калгаса, які трымае Андрэй Максімавіч Варанецкі. 

Ордэн Леніна, які быў уручаны ў 1967 годзе калгасу, знаходзіцца на цэнтральнай вітрыне нашага музея. Побач знаходзіцца Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб ўзнагароджанні  калгаса імя Варанецкага ордэнам Леніна.   

На верхнім стендзе размешчана брашура А.М.Варанецкага “Высокая награда обязывает”, выдадзеная ў 1968 г. у Мінску ў выдавецтве “Ураджай”. У гэтай брашуры аўтар расказвае, якім чынам удалося дабіцца высокіх паказчыкаў у эканамічным развіцці гаспадаркі.

На ніжнім стэндзе: 

На здымку  ўдзельнікі Усесаюзнага семінара па сельскаму будаўніцтву ў в. Вялікія Эйсманты ў 1970 годзе. У семінары ўдзельнічалі міністры, старшыні аблвыканкамаў розных рэспублік СССР. У цэнтры: Андрэй Максімавіч Варанецкі і старшыня Гродзенскага аблвыканкама Георгій Філатавіч Фамічоў.      

Пад здымкам – копія старонак пашпарта А.М.Варанецкага, выдадзенага 01.03.1962 г. Бераставіцкім раённым аддзелам міліцыі.

На ніжнім здымку Андрэй Максімавіч Варанецкі ўручае хлеб-соль гасцям з Масквы, слухачам Ваеннай Акадэміі Генеральнага штаба Савецкай Арміі.

Злева побач з першым фотаздымкам размешчана копія старонак “Працоўнай кніжкі” А.М.Варанецкага з запісам: “11.12.1953 г. избран председателем правления колхоза имени Хрущёва Берестовицкого района”. 

На вітрыне размешчаны арыгіналы і копіі дакументаў, якія належылі Андрэю Максімавічу Варанецкаму. Звярніце ўвагу на фатаграфію Андрэя Максімавіча, на якой ён у ваеннай форме ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А на суседняй фатаграфіі А.М. Варанецкі – дырэктар Лішкаўскай школы з настаўнікамі і вучнямі. Гэтыя дакументы перадала музею дачка Андрэя Максімавіча – Алена Андрэеўна, якая жыве ў Гродна. Вялікую цікавасць выклікае “Личное дело офицера А.М. Воронецкого”, якое раней знаходзілася ў раённым ваенкамаце, а потым было перададзена яго сям’і. 

У цэнтры экспазіцыі размешчаны партрэт Андрэя Максімавіча Варанецкага. Аўтар партрэта, Народны мастак СССР Міхаіл Андрэевіч Савіцкі.

Наступныя два стэнды справа таксама прысвечаны А.М. Варанецкаму.

На верхнім стэндзе фотаздымак, зроблены ў Маскве, у Крамлі  8 красавіка 1966 года. Дэлегаты ХХІІІ з’езда КПСС ад Камуністычнай партыі Беларусі. Разам з імі у першым радзе члены Палітбюро Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза і кіраўнікі Савецкага ўрада. Сярод іх: Генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Ільіч Брэжнеў, Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Мікалай Віктаравіч Падгорны, Старшыня Савета Міністраў СССР Аляксей Мікалаевіч Касыгін і іншыя. 

На ніжнім стэндзе размешчаны фотаздымкі, звязаныя са знаходжаннем А.М.Варанецкага ў Маскве. 

А пад здымкамі кніжка “Книга героев Гродненской области.” Гродна. 2004 г. У ёй на старонцы 104 надрукаваны артыкул аб Андрэю Максімавічу Варанецкім.

Побач –кніжка “Твои герои, Гродненщина.” Гродна.1997 г. Тут на старонках 64-71 надрукаваны артыкул журналіста і пісьменніка, нашага земляка з вёскі Канюхі, Валянціна Антонавіча Жвалеўскага аб Героі Сацыялістычнай Працы, старшыні калгаса “Гвардыя”  Андрэю Максімавічу Варанецкім.   

На вітрыне перад вокнамі знаходзяцца: 

Ганаровыя граматы і дыпломы, якімі ўзнагароджана гаспадарка ў розны час. 

Тут жа знаходзяцца спартыўныя трафеі: Кубкі за спартыўныя дасягненні мясцовых спартсменаў.

У цэнтры вітрыны знаходзіцца бюст У.І.Леніна які быў уручаны А.М.Варанецкаму ў 1970 годзе на Усесаюзным з’ездзе калгаснікаў. Побач друкарская машынка, якой карыстаўся А.М.Варанецкі. 

Крайнія два стэнды злева прысвечаны М. Р. Зданчуку

На верхнім стэндзе:

З лютага 1972 г. – старшыня праўлення калгаса імя Варанецкага.  Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1995 г.). За вялікі асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці ўзнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 жніўня 2000 г. “за значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, шматгадовую плённую працу” Мікалаю Рыгоравічу Зданчуку прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”.

У жніўні 1996 г. на Бераставіччыне ўпершыню пабываў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ён наведаў СВК імя Варанецкага, пабываў на малочна-таварным комплексе “Рымуцеўцы”, у мясцовай бальніцы і на мехдвары, гутарыў з калгаснікамі.

На здымку на гэтым стэндзе старшыня СВК Мікалай Рыгоравіч Зданчук і старшыня Эйсмантаўскага сельсавета Людміла Мікалаеўна Фядотава ў час размовы з Прэзідэнтам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам.

Значнай падзеяй у жыцці калектыву быў прыезд у Вялікія Эйсманты кіраўніцтва рэспублікі. Гэта адбылося ў чэрвені 1979 года, калі праходзіў рэспубліканскі семінар па павышэнню эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці. У семінары прымалі ўдзел кіраўнікі рэспублікі, у тым ліку Пётр Міронавіч Машэроў.

Калгас імя Варанецкага ў 1973-1990 гг. неаднаразова выходзіў пераможцам Усесаюзнага, рэспубліканскага, абласнога і раённага спаборніцтва і неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі сцягамі. У 1986 г. калгас быў занесены на  Усесаюзную Дошку Гонару на Усесаюзнай выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, а таксама гаспадарцы было прысвоена званне “Гаспадарка высокай культуры жывёлагадоўлі і земляробства”. А ў 2000 годзе калгас быў быў занесены на Рэспубліканскую Дошку Гонару. 

На здымку: ганаровую ўзнагароду – Чырвоны Сцяг ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВКЛСМ уручае калектыву сакратар Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі Уладзімір Фёдаравіч Міцкевіч. Узнагароду прымае старшыня калгаса Мікалай Рыгоравіч Зданчук.
 
23-25 сакавіка 1983 года ў Маскве праходзіў VI Усесаюзны з’езд калгаснікаў. У яго рабоце прымаў удзел і старшыня калгаса імя Варанецкага Мікалай Рыгоравіч Зданчук. На здымку (у цэнтры):  дэлегацыя Гродзенскай вобласці на  VI Усесаюзным з’ездзе калгаснікаў. У трэцім радзе (злева направа) Мікалай Рыгоравіч Зданчук. 

М. Зданчук адзін з аўтараў кнігі  “Село родное”, якая выйшла ў Мінску ў 1987 годзе, у якой расказваецца аб працоўных дасягненнях калгаса і аб перадавых людзях калектыву.

Праўленне калгаса імя Варанецкага і яго старшыня Мікалай Рыгоравіч Зданчук удзялялі пастаянную ўвагу развіццю спорту. Па іх ініцыятыве тут праводзіўся рэспубліканскі турнір па вольнай барацьбе сярод камандаў дзіцячых спартыўных школ рэспублікі. У ім прымалі ўдзел спартсмены з усіх абласцей Беларусі, а таксама з Польшчы, Літвы, Расіі і іншых рэспублік. 

На верхнім крайнім здымку справа: крайні злева – ганаровы госць турніру, трохкратны чэмпіён Алімпійскіх гульняў Аляксандр Мядзведзь, у цэнтры – Мікалай Рыгоравіч Зданчук, злева – жонка Андрэя Максімавіча Варанецкага – Вера Сямёнаўна Варанецкая. 

У Галерэі Славы размешчаны фотаздымкі не проста заслужаных, а вельмі заслужаных калгаснікаў нашай гаспадаркі. Аб кожным з іх можна расказваць многа, але лепш за ўсё аб іх гавораць іхнія справы  і іхнія ўзнагароды.

На галерэю славы занесены фотаздымкі ўсіх працаўнікоў калгаса імя Варанецкага, якія ўзнагароджаны вышэйшай дзяржаўнай узнагародай СССР – ордэнам Леніна.

Крайнія два стэнды злева прысвечаны І.І.Коласу

На верхнім стэндзе:

У сакавіку 2007 года узначаліў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў імя Варанецкага Колас Іосіф Іосіфавіч. Колас Іосіф Іосіфавіч нарадзіўся ў  1959 г. у в. Кудрычы Бераставіцкага раёна. Працоўную дзейнасць пачаў у 1976 г. у калгасе “Зара” (цэнтр – в. Пачобуты) з 1977 г. па 1982 г. вучыўся ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. Пасля яго заканчэння працаваў загадчыкам вытворчага ўчастка, з 1988 г. – галоўным аграномам калгаса “Дружба” (цэнтр – в. Пачобуты).  У 2005 г. быў абраны старшынёй СВК “Пархімаўцы”. 

За добрасумленную і плённую працу ў 2011 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ўзнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі” і “Падзячным Пісьмом Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” і Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Рашэннем Гродзенскага аблвыканкама “за вялікі асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці” яго імя занесена ў Кнігу Славы Гродзенскай вобласці. Таксама ўзнагароджаны Ганаровай Граматай Гродзенскага аблвыканкама. З’яўляецца Лаўрэатам і Дыпламантам абласных конкурсаў “Лепшы кіраўнік сельскагаспадарчай арганізацыі Гродзенскага абласнога Аграпрамысловага Саюза”.

На першым здымку злева вы бачыце момант уручэння Ганаровай Граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь І.І. Коласу. Узнагароду ўручае Міністр сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Леанід Канстанцінавіч Заяц.

У 2016 годзе ў раёне праводзіўся абласны семінар па жывёлагадоўлі. Удзельнікі семінара пабывалі ў СВК імя Варанецкага на жывёлагадоўчым комплексе “Валотынь”. На фота (злева направа): першы намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый Рафаэльевіч Кадргулаў, старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Станіслававіч Кулісевіч, першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іван Алейзавіч Жук, старшыня СВК імя Варанецкага Іосіф Іосіфовіч Колас, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Валерый Уладзіміравіч Хелскі.

У раёне стала добрай традыцыяй рэгулярна падводзіць вынікі спаборніцтва на жніве.  На ніжнім крайнім здымку злева ўзнагароды – “Благодарственные письма районного Совета депутатов и  райисполкома” – перадавому экіпажу СВК імя Варанецкага, які заняў першае месца ў раённым спаборніцтве, уручылі першы намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый Рафаэльевіч Кадргулаў і старшыня райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу Уладзімір Аляксандравіч Апон.

На ніжнім стэндзе: 

Дзясяткі працаўнікоў гаспадаркі за высокія дасягненні былі ўдастоены высокіх дзяржаўных узнагародаў у савецкі час. Добрая працоўная традыцыя працягваецца і цяпер. 

СВК імя Варанецкага і яго працаўнікі былі ініцыятарамі правядзення ў Эйсмантах свята польскай песні і сялянскага побыту “Эйсмантаўскі фэст”. На  здымку побач: ганаровыя госці фестывалю – старшыня Бераставіцкага райвыканкама А.С.Кулісевіч, супрацоўнік Гродзенскага аблвыканкама І.Папоў  і Генеральны консул  Польшчы ў Гродна А.Хадкевіч.  

У другім і трэцім радзе крайнія здымкі злева:

- Раённае свята “Дажынкі” у Вялікай Бераставіцы. Дэлегацыя СВК імя Варанецкага на свяце. 

На вітрыне размешчаны: “Благодарственное Письмо Президента Республики Беларусь” некалькі Ганаровых грамат і Дыпломаў, якімі ўзнагароджаны Іосіф Іосіфавіч Колас і працоўны калектыў у апошнія гады за высокую эфектыўнасць у сельскагаспадарчай вытворчасці. Зазначым, што гэта далёка не ўсе ўзнагароды, якіх удастоены наш калектыў.  

Фотараскладка “Імі ганарацца землякі”

На стэндах фотараскладкі размешчаны здымкі лепшых працаўнікоў калгаса.