Галоўная / Навiны / Навiны раёна
24.02.2020

Алекшыцкія “Дамаседы-непаседы” не любяць сумаваць

Арганізацыя вольнага часу  для людзей старэйшага пакалення стала самастойным напрамкам дзейнасці клубных устаноў. Работа вядзецца планамерна і накіравана на павышэнне ў людзей старэйшага пакалення цікавасці да жыцця і творчасці. Удзельнікі аматарскага аб’яднання для пажылых “Дамаседы-непаседы”, якое два гады дзейнічае ў філіяле па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Алекшыцы, удзячны мясцовым работнікам культуры за ўвагу і клопат, за магчымасць сустрэцца разам, з карысцю правесці свой вольны час, не адчуваць сябе адзінокімі.

– Наша аб’яднанне “Дамаседы-непаседы” было створана з мэтай сабраць разам пажылых людзей аграгарадка, прадаставіць ім пляцоўку для сяброўскіх сустрэч, шчырых размоў і  праяўлення творчых здольнасцяў, – гаворыць мастацкі кіраўнік філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Алекшыцы, кіраўнік аматарскага аб’яднання  Валянціна Шыш. – Мы плануем тэматыку пасяджэнняў, стараемся разнастаіць кожную сустрэчу, прапанаваць цікавыя творчыя конурсы, гульні.  Назвы мерапрыемстваў, якія мы правялі за час існавання аб’яднання, гавораць самі за сябе – “Для тых, хто гады не лічыць”, “Восеньскія вячоркі”, “Хрышчэнне. Абрады нашых продкаў”, “Успомнім гады маладыя”, “Велікодныя сустрэчы”, “Песні нашай маладосці”, “Бульбяны банкет”, “Паміж намі, жанчынамі” і гэтак далей.

Нядаўна ўдзельнікі аматарскага аб’яднання сабраліся на чарговым пасяджэнні, каб адведаць стравы “з бабулінай печы”. Сустрэча была прысвечана рэцэптам старадаўняй народнай кухні, якія захаваліся да гэтай пары і актыўна выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыцці. Дранікі, кішка, мачанка, бульба са шкваркамі – стравы менавіта такія. Удзельнікі аб’яднання з задавальненнем падзяліліся асаблівасцямі іх прыгатавання. А завяршылі сустрэчу песнямі і танцамі, даказаўшы, што ў іх душы жыве агеньчык маладосці, і яны яшчэ здольныя адчуваць смак да жыцця.

Святлана Ганчарова