Відэа: Віктара Фрыдэля
У сілу паважанага ўзросту яны не могуць наведать святочныя мерапрыемствы. А таму ў індывідуальным парадку святочныя мерапрыемствы праводзяцца для віноўнікаў урачыстасці побач з іх домам.
Напярэдадні 9 Мая са святам Перамогі музычныя віншаванні прымаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Захар Емяльянавіч Акуліч з аграгарадка Кватары. Побач з домам ветэрана работнікі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці арганізавалі міні-канцэртную праграму, каб стварыць для шаноўнага гледача атмасферу свята і выканаць яго любімыя песні. Прагучалі песні «Катюша» і «День Победы», якія кранаюць за душу прадстаўнікоў усіх пакаленняў, але асабліва ветэранаў, якія пранеслі гэтыя, дарагія сэрцу, лірычныя радкі праз ўсё жыццё.
Ветэран атрымаў кветкі і ад моладзі Бераставіччыны. Спецыяліст райкама ГА «БРСМ» Вольга Марцён падарыла Захару Емяльянавічу прыгожы букет, а таксама віншавальны салдацкі трохкутнік ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і святочную паштоўку ад кіраўніцтва Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і абласнога Савета ветэранаў.
– Мы памятаем і ніколі не забудзем пра вялікі подзвіг, які здзейснілі ветэраны, – падкрэсліла Вольга Марцён. – І наша задача – быць годнымі нашчадкамі сваіх дзядоў і прадзедаў. Менавіта такім сэнсам напоўнена рэспубліканская патрыятычная акцыя “Беларусь памятае. Салдаты Перамогі”.
Святлана Ганчарова, фота аўтара