Своеасаблівы марафон добрых спраў адбыўся ў бібліятэках Бераставіччыны з мэтай праявіць максімальны клопат і ўвагу ў адносінах да старэйшага пакалення. У адрас людзей “залатога ўзросту” гучалі віншаванні з Новым годам і Калядамі, пажаданні моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Бібліятэкар філіяла “Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка” запрасіла сваіх чытачоў на навагодні калейдаскоп. Падчас мерапрыемства ў бібліятэцы панавала святочная атмасфера панавала, якая надала бадзёрасці і добрага настрою пажылым ўдзельнікам сустрэчы. Ніхто не застаўся без салодкага пачастунка ад Дзеда Мароза.
У Старадварэцкай сельскай бібліятэцы жанчыны аматарскага аб’яднання “Вяскоўцы” сабраліся на вячоркі “Зімовых святаў карусель” і падзяліліся добрым настроем, сакрэтамі і традыцыямі святкавання Каляд і … хатняй выпечкай.
Бібліятэкар філіяла “Масалянская інтэграваная сельская бібліятэка” правяла вечар адпачынку “Свет Каляднай зоркі” для ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Ладачкі”. На мерапрыемства быў запрошаны намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце РУСП “Масаляны” Арцём Шкулепа. Ён павіншаваў прысутных са святам Новага года і Нараджэння Хрыстова. Ва ўтульнай атмасферы людзі старэйшага пакалення з задавальненнем весяліліся, прымалі ўдзел у розных конкурсах і віктарынах. Сустрэча ў бібліятэцы была напоўнена цеплынёй і душэўнасцю.
Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Кватараначка” і госці Кватарскай інтэграванай сельскай бібліятэкі сабраліся на пасядзелкі “Добра нам побач з дзядуляй і бабуляй”, каб успомніць гісторыю, традыцыі і звычаі свята Каляд. Падчас мерапрыемства спявалі калядныя песні, варажылі, правялі абрад калядавання, пераапрануўшыся ў касцюмы цыганкі, казы, мядзведзя. Весела і з карысцю чытачы правялі свой вольны час.
Рэспубліканская благачынная акцыя “Ад усёй душы” стала яшчэ адной добрай традыцыяй падчас навагодніх і калядных святаў.
https://www.beresta.by/biblijatjeki-berastavickaga-rajona-daluchylisja-da-akcyi-ad-usjoj-dushy/