Галоўная / Навiны / Навiны раёна
19.09.2024

Да 80-годдзя ўтварэння Бераставіцкага раёна і Гродзенскай вобласці

Бібліятэка з’яўляецца збіральнікам, захавальнікам і правадніком інфармацыі пра гісторыю, культуру, прыроду свайго края.

Знаёміць чытача з гісторыяй сваёй малой радзімы, выхоўваць пачуццё гонару за слаўнае мінулае сваіх землякоў, з павагай ставіцца да сваіх каранёў, культуры, традыцый і звычаяў – асноўная задача бібліятэчнай краязнаўчай дзейнасці.

80-гадовы юбілей Гродзенскай вобласці і нашага Бераставіцкага раёна – знакавая дата для ўсіх жыхароў рэгіёна, якая дазваляе яшчэ раз успомніць і больш падрабязна вывучыць гісторыю сваёй Радзімы.

Любоў жыхароў Гродзеншчыны і Бераставіччыны да малой радзімы, беражлівае захаванне традыцый і імкненне да найлепшага выніку стануць трывалым фундаментам для далейшага працвітання Беларусі – такая мэта відэароліка-віншавання, кніжна-ілюстрацыйнай выставы “Гродзенскі край: спадчына, памяць, будучае” і краязнаўчага турніра «Ганаруся табой, зямля родная!», падрыхтаваных супрацоўнікамі раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага да 80-годдзя нашага краю.

Бібліятэкар філіяла “Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка” Зоя Хлебнікава падрыхтавала для сваіх чытачоў цэлы цыкл мерапрыемстваў. Дзейнічала краязнаўчая выстава-агляд “Спадчына малой радзімы”, падчас якой і дзеці, і дарослыя мелі магчымасць пазнаёміцца з літаратурай, прысвечанай гісторыі ўтварэння нашай вобласці і раёна, з яе сучаснымі дасягненнямі і знакамітымі людзьмі. Гадзіна патрыятызму «Мой родны край, ты дорыш мне натхненне» прысвячалася гераічным старонкам Малой Бераставіцы і ўшанаванню памяці землякамі-сучаснікамі. На днях бібліятэкар запрашае наведвальнікаў на краязнаўчы вернісаж “Мой край задуменны, пяшчотны”, а з удзельнікамі аматарскага аб’яднання “Знайка” адправяцца ў вандроўку па родных мясцінах “Тут край маіх бацькоў і дзедаў”.

Мілагучнай роднай мове і мясцовым гаворкам прысвячалася літаратурная кампазіцыя “Каб слова роднае гучала!” ў філіяле “Старадварэцкая сельская бібліятэка”. Дарэчы, бібліятэкар Людміла Багдановіч захапляецца пошукавай краязнаўчай дзейнасцю. Ёю складзены слоўнік гаворак жыхароў вёскі Вараны “Слова роднае – вечнасці след”, кніга замалёвак “Этнаграфія маёй вёскі”, “Вайна ў лёсах землякоў” і іншыя. З багаццем Гродзеншчыны і Бераставіччыны — гістарычнымі мясцінамі і помнікамі знаёміла сваіх чытачоў Людміла Мікалаеўны падчас краязнаўчага падарожжа «Усё тут дыхае гісторыяй» і прэзентавала сваю аднаіменную кнігу.

Роднай Бераставіччыне, 80-годдзю ўтварэння раёна прысвяцілі свае мерапрыемствы ўсе бібліятэкі: кніжную выставу “Квітней, наш любы край!” і пазнавальную гадзіну “Гродзеншчына – цудоўная кветка вянка Беларусі” – Пархімаўская бібліятэка, тэматычны квэст “У лабірынце роднага краю” — Кватарская бібліятэка, гістарычную гадзіну “Бераставіччына мая!” – Пагранічная бібліятэка.

Са святам, родная Бераставіччына!

https://www.beresta.by/strong-svjatkuem-80-goddze-tvarjennja-berastavickaga-rajona-i-grodzenskaj-voblasci-strong/