Галоўная / Навiны / Навiны раёна
10.05.2020

“Ганарыся сваім імем, вуліца!”. Інфармацыйныя стэнды з партрэтамі і біяграфіямі герояў вайны ўстаноўлены ў Вялікай Бераставіцы

Жыхары г.п. Вялікая Бераставіца, напэўна, заўважылі інфармацыйныя стэнды “Ганарыся сваім імем, вуліца!”, якія былі ўстаноўлены ў райцэнтры напярэдадні 9 мая. Гэта працяг праекта, распачатага яшчэ ў мінулым годзе аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бераставіцкага райвыканкама сумесна з райбібліятэкай, музеем Вавёркі, рэдакцыяй “Бераставіцкай газеты” і раённым радыё і прысвечанага 75-годдзю Вялікай Перамогі.

У рамках праекта супрацоўнікамі райбібліятэкі былі падрыхтаваны выдавецкія працы – буклеты і брашуры – з інфармацыяй аб лёсах герояў Вялікай Айчыннай вайны, якія змагаліся за нашу Радзіму і імёнамі якіх названы вуліцы г.п. В. Бераставіца, а таксама аграгарадкоў Пагранічны і Малая Бераставіца. Гэта Геронцій Цітаішвілі, Канстанцін Заслонаў, Мікалай Гастэла, Іван Міхайлін, Аляксандр Матросаў, Іван Жыжаль, Вольга Соламава і сям’я Цівынчыкаў-Арловых. Каб жыхары Бераставіччыны маглі пазнаёміцца з іх біяграфіямі і баявымі подзвігамі, бібліятэкары ладзілі шматлікія кніжна-ілюстрацыйныя выставы, на старонках раённай газеты і ў эфіры раённага радыё выходзілі артыкулы і паведамленні. А цяпер з’явіліся і стэнды з партрэтамі і біяграфіямі герояў, чые імёны носяць вуліцы райцэнтра. Такое матэрыяльнае ўвасабленне праекта – яшчэ адзін захад сучаснага пакалення аддаць даніну павагі і захаваць памяць пра людзей, якія цаной свайго жыцця падарылі нам мірнае неба над галовой.

У хуткім часе інфармацыйныя стэнды ўпрыгожаць вуліцы Цітаішвілі і сям’і Цівунчыкаў-Арловых у аграгарадках Малая Бераставіца і Пагранічны. Таксама рыхтуецца да выдання кніга пад назвай “Ганарыся сваім імем, вуліца!”.

Вось што з гэтай нагоды лічаць жыхары г.п.  В. Бераставіца.

Марына Хамяня:

– Ідэя ўстанавіць інфармацыйныя стэнды на вуліцах нашага пасёлка мне вельмі спадабалася. Бераставічане павінны ведаць героеў, імёнамі якіх названы вуліцы райцэнтра, асабліва дзеці і моладзь. Мы з дочкамі ў бліжэйшы час абавязкова зробім экскурс па гэтых “кропках памяці”.

Аляксандр Адзярэйка:

– Я жыву як раз у пачатку вуліцы Заслонава, дзе ўстаноўлены стэнд з інфармацыяй і партрэтам героя. І бачу, як жыхары гарпасёлка спыняюцца пачытаць, што там напісана. Думаю, цяпер усе будуць ведаць, хто такі Канстанцін Заслонаў і чаму менавіта ў яго гонар названа вуліца. Гэта добрая справа дзеля захавання памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны.  

Таццяна Рабенкова:

–Прыйшла да бацькоў, якія пражываюць па вуліцы Жыжаля, і ў прыемным здзіўленні спынілася прачытаць пра чалавека, імем якога названа вуліца. Прызнаюся, не ведала, што гэта наш зямляк, які ваяваў, а пасля вайны быў міністрам прамысловага будаўніцтва БССР.  Ганаруся, што на маёй малой радзіме нараджаліся людзі, які ўнеслі значны ўклад у дасягненні краіны.

Святлана Ганчарова, фота аўтара

Читайте актуальные новости Берестовицкого района, области, республики  и в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Марына Хаменя
Аляксандр Адзярэйка
Таццяна Рабенкова