Галоўная / Навiны / Навiны раёна
04.07.2023

«Гэта наша земля, гэта мы – беларусы!» На свяце Дня Незалежнасці ў Вялікай Бераставіцы дзейнічалі выставы-прэзентацыі прадпрыемстваў раёна, вулічны вернісаж і арт-галерэя пад адкрытым небам

Пасля ўрачыстага мітынгу святочная дзея з плошчы Ратушнай перамясцілася ў сквер імя 500-годдзя Вялікай Бераставіцы.

Прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы Бераставіччыны прадставілі выставы-прэзентацыі сваёй дзейнасці, дасягненняў, вырабляемай прадукцыі і аказваемых паслуг.

Амаль на кожнай пляцоўцы можна было пачаставацца прысмакамі, сфатаграфавацца ў маляўнічых фотазонах, прадэгуставаць прадукцыю і далучыцца да інтэрактыву.

Сыры вытворчага цэха “Бераставіца” ААТ “Малочны Мір”, малабераставіцкія караваі, эйсмантаўская выпечка і алекшыцкія бліны – ад жадаючых паспрабаваць прысмакі не было адбою.

Адпачываючы, госці свята маглі змераць ціск, прымерыць амуніцыю выратавальнікаў, зрабіць прычоску, пазнаёміцца са зручнымі банкаўскімі прадуктамі, паслугамі газавікоў, камунальнікаў, паштавікоў, связістаў і электрыкаў, даведацца, дзе набыць недарагія саджанцы дэкаратыўных хваёвых раслін і паліўнай прадукцыі, прыняць удзел у дабрачынным кірмашы вырабаў ручной работы гурткоўцаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, далучыцца да спартыўных гульняў і пазнавальных віктарын.

Для аматараў мастацтва і краязнаўства дзенічалі вулічны вернісаж з выставамі мастацкіх твораў навучэнцаў Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў і мастачкі з Ліды Алены Санько.

Арт-галерэя Бераставіцкай райбібліятэкі  “Гісторыя ў асобах” выклікала цікавасць і ў дарослых, і ў дзяцей. Як і інсталяцыя Святамікалаеўскай царквы ў Вялікай Бераставіцы, зробленай з падручных матэрыялаў бібліятэкара, а таксама кніжная выстава твораў аб развіцці і станаўленні беларускай дзяржавы.

Выстава дэкаратыўных вырабаў з калекцыі Бераставіцкага Дома рамёстваў “Васільковая песня гадоў” перанесла ў старадаўні сялянскі побыт

Працавалі атракцыёны, былі арганізаваны майстар-класы і гульнявыя праграмы для дзяцей.

Дзейнічалі гандлёвыя кропкі Бераставіцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, ААТ “Малабераставіцкі элітгас”, Бераставіцкага дзяржаўнага каледжа, а таксама палаткі індывідуальных прадпрымальнікаў з цацкамі і салодкасцямі.

Госці свята дзеляцца ўражаннямі

Людміла Жалудок:

– Цудоўнае свята! Свята, калі сапраўды адчуваеш гордасць за сваю краіну, яе народ і, вядома ж, за родную Бераставіччыну. Усім нам трэба берагчы Радзіму і дбаць пра яе дабрабыт.

Вольга Барысевіч:

– На Бераставіччыне ўмеюць ладзіць святы. Выдатны канцэрт, шматлікія выставы, падчас якіх не перастаеш здзіўляцца, на што здольныя землякі і якая багатая наша зямля на працавітых людзей і слаўную гісторыю. І для дзяцей арганізавана шмат забаў. Мы з дачкой цудоўна адпачылі!

https://www.beresta.by/gjeta-nasha-zemlja-gjeta-my-belarusy-na-svjace-dnja-nezalezhnasci-vjalikaj-berastavicy-dzejnichali-vystavy-prjezentacyi-pradpryemstva-rajona-vulichny-vernisazh-i-art-galerjeja-pad-adkrytym-nebam/

Больш фота па спасылцы https://disk.yandex.ru/d/G05t79dku1AHwg