Галоўная / Навiны / Навiны раёна
06.12.2020

Калектывы Бераставіцкага раёна пацвердзілі званні “ўзорных” і “народных”

26 лістапада адбыўся атэстацыйны агляд народных і ўзорных калектываў Бераставіцкага раёна.Згодна з Палажэннем аб народным (узорным) непрафесійным (аматарскім) калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь падобныя атэстацыі праводзяцца кожныя тры гады. Калектывы, якія маюць званні народных і ўзорных, павінны весці пастаянную творчую дзейнасць, прымаць актыўны ўдзел у культурным жыцці свайго рэгіёна, выступаць з канцэртнымі праграмамі на раённых і абласных пляцоўках, валодаць самабытнасцю, арыгінальнасцю, выконваць і папулярызаваць творы айчыннага і сусветнага мастацтва на высокім узроўні выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культуры. Да абароны званняў калектывы падрыхтавалі свайго роду прэзентацыі, куды ў абавязковым парадку была ўключана інфармацыя аб творчай дзейнасці за апошнія тры гады, звесткі пра спецыялістаў і ўдзельнікаў, копіі артыкулаў у СМІ, дыпломаў конкурсаў і фестываляў, фота- і відэаматэрыялы.Атэстацыйная камісія ў складзе спецыялістаў упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці пазнаёмілася з пастаноўкамі народных тэатраў “Магія гульні” Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і “Вяскоўцы” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Алекшыцы, а таксама выстаўкай-прэзентацыяй народнага аматарскага аб’яднання мадэлістаў “ВІНТ”.

П’еса “Пан Твардоўскі” Сяргея Кавалёва ў выкананні бераставіцкіх акцёраў пад кіраўніцтвам Марыны Хамяні сёлета ўбачыла свет у онлайн-фармаце. Спектакль можна ўбачыць на афіцыйным YouTube-канале Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Менавіта гэты відэазапіс і ацэньвалі члены камісіі. П’еса “Пан Твардоўскі” – цікавая. У ёй прысутнічае і захапляльны змест, і пранікнёная ігра акцёраў, якімі выступілі Дзмітрый Бозыр, Вольга Качыашвілі, Марына Хамяня, Іван Міцкевіч, Яўген Грыцко і Алена Бурая.

Удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “ВІНТ” пад кіраў­ніцтвам Аляксандра Унуковіча займаюцца стварэннем і запускам радыёкіраваных мадэляў самалётаў і суднаў. Унікальны клуб вядомы ў краіне і па-за яе межамі, з’яўляецца ўладальнікам уласных рацыяналізатарскіх распрацовак мадэляў, пераможцам Кубка Беларусі ў спаборніцтвах па “паветранаму бою” радыёкіраваных копій “Саюз-500”, ініцыятарам фестывалю радыёкіраваных мадэляў “Бераставіца запрашае сяброў”. Сёлета падчас фестывалю планаваліся спаборніцтвы сярод удзельнікаў з краін СНД і нават міжкантынентальныя спаборніцтвы, аднак эпідэмія­лагічная сітуацыя ўнесла свае карэктывы, і мерапрыемствы былі перанесены. Усе створаныя самалёты – дакладныя копіі рэальных мадэляў. Перад праектаваннем самалёта адбываецца вывучэнне яго гісторыі і баёў, у якіх удзельнічала мадэль, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі. І тут тэхнічная творчасць удала спалучаецца з патрыятычным выхаваннем.

Удзельнікамі народнага драматычнага калектыву “Вяскоўцы” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Алекшыцы быў паказаны спектакль па п’есе Васіля Ткачова «Без Ягора будзе гора». Ролі выконвалі Андрэй Гражынскі, Ала Ляшкевіч, Наталля Шалесная і Вольга Пазняк. У вясёлай і трошку сумнай народнай камедыі закранаецца хвалюючая тэма бацькоў і дзяцей, старэйшага пакалення і моладзі, адносінаў да сваёй малой радзімы.

Народны драматычны калектыў “Вяскоўцы” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Алекшыцы быў створаны ў 1982 годзе. З 1997 года калектывам кіруе Валянціна Шыш. Акрамя пастаноўкі п’ес і мініяцюр, удзельнікі тэатра рыхтуюць разнастайныя абрадавыя мерапрыемствы і тэматычныя тэатралізаваныя прадстаўленні. “Вяскоўцы” неаднаразова прымалі ўдзел у раённых аглядах аматарскай творчасці, абласным аглядзе-конкурсе самадзейных тэатральных калектываў.


У выніку прагляду і аналізу членамі камісіі прадстаўленых на атэстацыю праграм калектывы пацвердзілі свае званні. Шэраг з іх – а гэта народны ансамбль народнай песні «Бераставіцкія музыкі», народны хор ветэранаў вайны і працы “Памяць сэрца”, народны ансамбль польскай песні “Стокроткі” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Макараўцы, узорны тэатральны мала­дзёжны калектыў “Сонейка” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. М.Бераставіца, узорны эст­радна-інструментальны ансамбль “Tutti”, народны жаночы вакальны ансамбль “Канцона”, узорныя хоры “Кампанэлі” і “Манжэрок” – абаранілі званні аўтаматычна з улікам сваёй актыўнай творчай дзейнасці, паспяховага ўдзелу ў конкурсах і фестывалях, запатрабаванасцю ў насельніцтва.

Святлана Ганчарова,фота аўтара і Віталія Масюка