Галоўная / Навiны / Навiны раёна
10.04.2021

“Маленькім беларусам – пра любую Беларусь”. Мерапрыемства, прысвечанае Году народнага адзінства, адбылося ў Алекшыцкай сельскай бібліятэцы

Мерапрыемствы краязнаўчай накіраванасці, якія праводзяцца ў філіяле “Алекшыцкая сельская бібліятэка” для падрастаючага пакалення, маюць на мэце пашырэнне ведаў дзяцей пра гістарычную спадчыну беларускага народа, выхаванне патрыятызму, пачуцця гонару і паважлівых адносінаў да Радзімы.

Прыклад гэтаму – краязнаўчая гульня- падарожжа пад назвай “Маленькім беларусам пра любую Беларусь”.

Разам з чароўнай Феяй, якая выбірала сабе краіну, каб на будучыя сто гадоў аберагаць і ахоўваць яе, дзеці адправіліся ў віртуальнае падарожжа па Беларусі. Яны ўбачылі ўсю прыгажосць нашага краю і ўпэўніліся, што нам ёсць чым ганарыцца.

Галоўнае, што было падкрэслена, гэта добразычлівыя адносіны беларускага народа да іншых народаў і нацыянальнасцей, якія жывуць побач.

Юныя чытачы прынялі ўдзел у віктарыне “Што вырабляюць нашы прадпрыемствы?”, рашалі крыжаванку, чыталі вершы пра Беларусь і Вялікую Бераставіцу. З аповяду бібліятэкара Зоі Хлебнікавай даведаліся, хто такія Францыск Скарына, Кірыла Тураўскі, Еўфрасіння Полацкая, Янка Купала і Якуб Колас.

Цікавасць у школьнікаў выклікала таксама завочная экскурсія ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, на завод БЕЛАЗ, у Белавежскую пушчу.

Акрамя гэтага, адбылася прэзентацыя кніжнай  выставы “Адзінства народа – мір і згода”, прысвечанай Году народнага адзінства,   на якой літратура прадстаўлена ў падраздзелах  “Гонар і талент твой, Гродна”, “Зямля бераставіцкая, бацькоўскі дом”, “Турыстычнымі маршрутамі Гродзенскай вобласці”.


Напрыканцы мерапрыемства хлопчыкі і дзяўчынкі станцавалі  флэшмоб, прысвечаны любай Беларусі.

Святлана Ганчарова