Галоўная / Навiны / Навiны раёна
12.03.2020

“Мы – грамадзяне Беларусі!” Бераставіцкія школьнікі атрымалі пашпарты напярэдадні Дня Канстытуцыі

Бераставіцкія школьнікі далучыліся да Усебеларускай акцыі  Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі  “Мы – грамадзяне Беларусі!”.

Гэтая патрыятычная акцыя  на працягу ўжо многіх гадоў традыцыйна праводзіцца да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Яна падкрэслівае значымасць такой важнай падзеі ў жыцці 14-гадовых падлеткаў, як атрыманне пашпарта грамадзяніна Беларусі і дапамагае маладым людзям усвядоміць, што быць грамадзянінам сваёй краіны – гэта не толькі гонар, але і вялікая адказнасць.  Ва ўрачыстай абстаноўцы галоўны дакумент маладым людзям уручаюць прадстаўнікі выканаўчай і заканадаўчай улады, грамадскія дзеячы і  заслужаныя людзі краіны.

Урачыстае мерапрыемства з нагоды Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прайшло 12 сакавіка і ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе. Асабліва хвалюючым яно было для тых школьнікаў, якім напярэдадні споўнілася 14 гадоў і якія рыхтаваліся атрымаць пашпарты.

Намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама Андрэй Шчука павіншаваў маладых людзей з гэтай значымай падзеяй у іх жыцці і адзначыў, што, атрымаўшы пашпарт, яны  становяцца  паўнапраўнымі грамадзянамі нашай краіны, з усімі вынікаючымі правамі і абавязкамі. Андрэй Іосіфавіч пажадаў юнакам і дзяўчатам   разумець гэтую адказнасць і  ганарыцца сваёй прыналежнасцю да грамадзянства Беларусі.

Далучылася да віншаванняў з гэтым святочным днём і інспектар групы па  грамадзянству і міграцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Людміла Добка. Яна  пажадала  школьнікам заўсёды быць у згодзе з законам і ганарыцца тым, што  яны  з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.

Андрэй Шчука і Людміла Добка ўручылі пашпарты грамадзян Рэспублікі Беларусь вучням Вялікабераставіцкай сярэдняй школы Мілене Кавальчук, Аляксею Рыгосіку і Паўлу Садоўскаму.

 

Са словамі віншаванняў да маладых людзей, якія атрымалі пашпарты, звярнулся і першы сакратар раённага камітэта БРСМ Ірына Вайцюк, якая пажадала ім з годнасцю несці званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і быць сапраўднымі патрыётамі роднай краіны.

Традыцыйна ў рамках акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!” папаўняюцца рады Бераставіцкай раённай арганізацыі БРСМ ,  вось і ў гэты дзень Ірына Вайцюк  уручыла маладзёжныя білеты БРСМ вучням Алекшыцкай сярэдняй школы.

Святочны настрой на працягу ўрачыстага меропрыемства стваралі  канцэртныя нумары патрыятычнай тэматыкі,  а напрыканцы ўвазе прысутных быў прадстаўлены відэафільм аб сацыяльна-эканамічным развіцці Бераставіцкага раёна.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара