Галоўная / Навiны / Навiны раёна
09.01.2023

На Бераставіччыне праходзіць выстава-конкурс “Самаробны цуд”

Нягледзячы на далёка не зімовае казачнае надвор’е, Рэзідэнцыя Бераст-Зюзі і Спадарыні Завеі ў Вялікай Бераставіцы працягвае дарыць дзецям навагоднюю казку. На канікулах экскурсіі ў сядзібу бераставіцкага Дзеда Мароза актывізаваліся, а разам з імі актывізавалася і наведванне навагодняй экспазіцыі ў пакоях Спадарыні Завеі. Штогод па слаўнай традыцыі тут дэманструюцца вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, створаныя ў рамках раённай выставы-конкурсу “Самаробны цуд”.

– На раённы конкурс, які праводзіцца пры падтрымцы ДУК “Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы”, раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”,  раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і аддзела адукацыі Бераставіцкага райвыканкама, сёлета даслана 169 работ, – расказвае адзін з арганізатараў творчага мерапрыемства Наталля Таргонская. – Канкурсанты праявілі сапраўдны талент і фантазію пры стварэнні вырабаў у традыцыйнай намінацыі “Аб’ёмная калядная кампазіцыя”, а таксама ў новых намінацыях “Навагодняя сняжынка”, “Навагодні ліхтарык” і “Зімовае дрэва”. Экспанаты “Самаробнага цуда” вельмі адпавядаюць той навагодняй  казачнай атмасферы, якая пануе ў пакоях Спадарыні Завеі, і выклікаюць цікавасць у наведвальнікаў усіх узростаў.

Гэта сапраўды так. Можна бясконца разглядаць некаторыя работы і не пераставаць дзівіцца незвычайнай прыгажосці, вытанчанасці і багатай выдумцы ўдзельнікаў конкурсу. Хоць іх узроставы парог  не перавышае 16 год, зразумела, што на выставе прадстаўлена творчасць, народжаная сумеснымі намаганнямі дзяцей, бацькоў, настаўнікаў, кіраўнікоў гурткоў і аматарскіх аб’яднанняў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Аднак такі тандэм дае выдатныя вынікі, у чым можна ўпэўніцца наведаўшы Рэзідэнцыю Бераст-Зюзі.

Падвядзенне вынікаў і вызначэнне пераможцаў выставы-конкурсу будзе завершана да 16 лютага.

Святлана ГАНЧАРОВА, фота аўтара