Галоўная / Навiны / Навiны раёна
21.03.2023

Народны хор ветэранаў “Памяць сэрца” выступіў на абласным фестывалі

ХХVII абласны фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны” адбыўся 18-19 сакавіка. 12 аматарскіх калектываў  дэманстравалі сваю творчасць у Іўе і 15 – у Ваўкавыску.

На сцэне Ваўкавыскага гарадскога Дома культуры выступіў і народны хор ветэранаў “Памяць сэрца” Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Як паведаміла старшыня раённага савета ветэранаў і ўдзельніца народнага хору ветэранаў “Памяць сэрца” Алена Сілкова, выступленне калектыву ўключала чатыры харавыя песні і  песню ў выкананні  трыо ў складзе Зінаіды Зямцовай, Ліліі Жданук і Аліны Сапуновай. Падрыхтавалі хор да ўдзелу ў абласным фестывалі мастацкі кіраўнік Таццяна Панасюк і акампаніятар  Дар’я Барысевіч.Тэматыка песень была ваенна-патрыятычная, прасякнутая любоўю да роднай зямлі.

Выступленне нашага хору было адзначана Дыпломам задухоўнае і патрыятычнае выхаванне моладзі, прапаганду песні і памятным падарункам,  – адзначыла Алена Іосіфаўна. – Асаблівыя словы падзякі мы атрымалі ад кіраўніка аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама Віталія Ляховіча. Як самая старэйшая ўдзельніца  абласнога фестывалю,  86-гадовая Таццяна Якімовіч, прадстаўніца народнага хору ветэранаў “Памяць сэрца”, была ўзнагароджана грашовым сертыфікатам.

Ірына МІКЛАШ