4 чэрвеня ў аграгарадку Стары Дворац зладзілі свята «Старадварэцкая Сёмуха гудзе на ўсю ваколіцу», якое з’яўляецца сучасным увасабленнем даўніх абрадаў нашых продкаў па ўшанаванню расліннасці – носьбіту жыватворчай моцы зямлі і сонца. Сёмуха адзначаецца на пяцідзесяты дзень пасля Вялікадня і сімвалізуе канец вясны і пачатак лета.
Старадварэцкая Сёмуха з 2009 года знаёміць вяскоўцаў і гасцей аграгарадка з традыцыямі фальклорнага свята. Работнікі філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Стары Дворац пры падтрымцы мясцовага сельгаспрадпрыемства аграфірмы “Стары Дворац” праводзяць гэты прыгожы фэст, каб даць магчымасць усім жадаючым дакрануцца да традыцый продкаў, адчуць асалоду ад беларускай песні і проста прыемна адпачыць.
З дапамогай юных удзельнікаў фальклорнага аматарскага аб’яднання «Дударочкі» самыя прыгожыя і відовішчныя абрады “ваджэння куста”, “завівання бярозак” і “кумавання” ажылі на імправізаванай сцэне свята, упрыгожанай галінкамі бярозы і аформленай у стылі старадаўняй сялянскай хаты. Сама віноўніца ўрачыстасці – бяроза – была ўстаноўлена на ганаровым месцы ў цэнтры адкрытай пляцоўкі.
Дзяўчаты ўпрыгожылі бярозку стужкамі, зладзілі карагод вакол яе, кінулі свае вяночкі на галінкі дрэўца і загадалі жаданне. Госці свята з задавальненнем далучыліся да дзейства.
Падчас абрада “кумавання” дзяўчаты абмяняліся вяночкамі, папрасілі адна ў адной прабачэння, абяцаючы захоўваць сяброўства і добрыя адносіны.
– Мы прыехалі на фэст у Стары Дворац з мамай і дачкой, – дзеліцца ўражаннямі жыхарка г. п. В. Бераставіца Тамара Мініч. – З задавальненнем паўдзельнічалі ў фальклорным абрадзе “завівання бярозкі”. Ён вельмі прыгожы. Можна толькі дзівіцца самабытнай беларускай культуры. Арганізатарам свята хачу сказаць “дзякуй” за прыемныя эмоцыі і за дзейнасць па захаванні старадаўніх традыцый.
На фэсце гучала шмат народнай музыкі і песняў. Сваёй творчасцю з гасцямі свята падзяліліся старадварэцкія артысты – трыо “Верацейцы” і гурт “Гармонія”.
Выступілі артысты народнага ансамбля народнай песні “Бераставіцкія музыкі”.
Цудоўна ўзнялі настрой жыхарам аграгарадка госці святочнай праграмы – народны ансамбль народнай песні і музыкі «Уладары» Ваўкавыскага гарадскога Дома культуры. Артысты пакарылі гледачоў літаральна з першай песні.
У эстраднай частцы канцэрта “Са святам, землякі” прагучалі нумары ў выкананні артыстаў і ўдзельнікаў аматараскай творчасці Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і філіялаў па культурна-дасугавай дзейнасці ў аграгарадках.
Сакавітых фарбаў лета ў гэты дзень дадала забаўляльная праграма “У стылі Тіk Tok” і калор-фэст ад гасцей з Луцкаўлян. Амаль ніхто з юных жыхароў аграгарадка не пайшоў са свята чыстым. Выглядала гэта не толькі весела, але і прыгожа. Дзеці ад душы павесяліліся пад дыскатэчную музыку ў рознакаляровым воблаку фарбаў, а яшчэ далучыліся да танцавальнага флэшмобу.
Эмоцыі, якія выклікаюць яркія фарбы неперадавальныя. Цуды аквагрыму падарыла маленькім гасцям свята майстар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Дзянішчык. Аквагрым – гэта як раз тое, што дазваляе дзецям пераўвасобіцца ў выдуманага персанажа. Ад такога адметнага макіяжа мясцовая дзетвара засталася ў захапленні.
На свяце Сёмухі можна было набыць сувеніры ручной работы ад майстроў-рамеснікаў. Увазе вяскоўцаў была прадстаўлена выстава-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці Бераставіцкага Дома рамёстваў, а таксама прыезжых рамеснікаў. Дзейнічала бяспройгрышная латарэя.
Не забыліся арганізатары і пра пачастунак традыцыйнымі стравамі – кашай, выпечкай і гарбатай.
Самых маленькіх жыхароў аграгарадка не адарваць было ад дзіцячых атракцыёнаў – горкі, электрамабіляў, батута і іншых забаў.
Працавалі гандлёвыя кропкі з попкорнам, салодкай ватай, напоямі і цацкамі.
https://www.beresta.by/pesni-spjavali-vjanochki-zavjavali-u-berastavickim-rajone-adbylosja-falklornae-svjata-staradvarjeckaja-sjomuha-gudze-na-sju-vakolicu/
Больше фото по ссылке https://disk.yandex.ru/d/MiHCvCO707QkCg