Галоўная / Навiны / Навiны раёна
12.12.2022

Саломапляценне Беларусі ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

Намінацыя «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні» ўключана ў Рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Адпаведнае рашэнне было прынята 1 снежня  на 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якая праходзіла ў Марока.

Намінацыя «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні» падрыхтавана ў 2020-2021 гадах пры фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Беларускія вырабы з саломкі не маюць аналагаў у свеце, з’яўляюцца адной з найбольш нацыянальна адметных праяў духоўных каштоўнасцей і мастацкіх традыцый беларусаў. Гэты від рамяства сёння здабыў новае жыццё, узбагаціў арсенал народнага мастацтва новымі знаходкамі, стаў масавым відам сучаснай мастацкай творчасці. Вызначэнне «Беларуская саломка» набыло значэнне нацыянальнага брэнда. Мастацкія вырабы і сувеніры з саломкі беспамылкова асацыююцца з Беларуссю, сведчаць аб унікальных творчых здольнасцях нашага народа.

Нагадаем нашым чытачам, што згодна з пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь №15 ад 20 лютага 2020 года беларускія мастацкія практыкі саломапляцення як адметная праява нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Перад гэтым па ініцыятыве Міністэрства культуры на рэгіянальным узроўні сумесна з установамі культуры і навуковымі арганізацыямі быў вывучаны і зафіксаваны сучасны стан саломапляцення на тэрыторыі Беларусі.

Вынікі гэтай маштабнай працы паказалі, што ў 85 рэгіёнах Рэспублікі Беларусь носьбітамі традыцый саломапляцення з’яўляюцца больш за 200 майстроў, больш за 100 з якіх працуюць ва ўстановах культуры – дамах рамёстваў і цэнтрах народнай творчасці, каля 50 майстроў выкладаюць ва ўстановах адукацыі, некаторыя працуюць індывідуальнымі прадпрымальнікамі, рамеснікамі, уладальнікамі сядзіб. Свае вырабы з саломы яны прапануюць на кірмашах, фестывалях, выставах, у магазінах народных промыслаў і сувеніраў.

Беларускае саломапляценне – гэта пяты элемент, які ўключаны ў Рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва разам з абрадамі «Калядныя цары» і «Юр’еўскі карагод», Будслаўскім фэстам і традыцыямі бортніцтва.

Загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Тамара Касьян таксама адзначана як носьбіт гэтай традыцыі ў Гродзенскай вобласці і краіне. Аўтарская інтэрпрэтацыя, арыгінальнасць сюжэтных кампазіцый, канструктыўныя асаблівасці саламяных твораў Тамары Мікалаеўны надаюць яе практыцы саломапляцення ўнікальнасць і адметнасць.

Тамара Касьян: “У створаных пры падтрымцы дзяржавы цэнтрах і дамах рамёстваў удалося не толькі захаваць многія забытыя рамёствы і промыслы, але і развіць іх, ператварыўшы вырабы сучасных майстроў у лепшы нацыянальны сувенір. Я рада, што беларуская саломка заняла дастойнае месца ў свеце як найбольш яркая праява нацыянальных традыцый нашага народа і ганаруся, што маю да гэтага непасрэднае дачыненне”.

З ўзорамі беларускага саломапляцення ў таленавітым выкананні Тамары Мікалаеўны можна пазнаёміцца ў Доме рамёстваў на пастаяннай экспазіцыі альбо падчас шматлікіх тэматычных выстаў, у тым ліку і выязных. Жанчына паспяхова ўдзельнічае ў фестывалях і конкурсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці розных ўзроўняў, рэспубліканскіх, абласных і раённых святах і кірмашах. Звесткі пра дзейнасць бераставіцкіх майстроў размешчаны таксама ў  выданні «Жывая традыцыя рамёстваў Беларусі», падрыхтаваным пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”.

Адна з задач сёння – перадаць традыцыі продкаў сучаснаму пакаленню. Датычыцца гэта ў тым ліку і асноў саломапляцення. Свой вопыт і веды Тамара Касьян перадае падчас майстар-класаў і праз арганізацыю этнаграфічных экскурсій, на якія запрашае ўсіх жадаючых Береставіцкі Дом рамёстваў.

Святлана ГАНЧАРОВА, фота аўтара