Галоўная / Навiны / Навiны раёна
22.03.2024

Сёння – Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі

Трагедыя Хатыні і тысяч вёсак і гарадоў з такім жа лёсам – гэта несуцішальны боль у сэрцы беларусаў, гэта рана, якая ніколі не перастане крываточыць.

Назву невялікай беларускай вёскі Хатынь ведаюць ва ўсім свеце. 22 сакавіка 1943 года яе спалілі разам з жыхарамі. Людзей сагналі ў хлеў на ўскрайку вёскі і падпалілі. У агні загінулі 149 чалавек.

І што самае страшнае, 75 – гэта дзеці. Самаму малодшаму было 7 тыдняў. Выратаваліся толькі шасцёра дзяцей і адзін дарослы – Іосіф Камінскі. У гары абпаленых трупаў ён знайшоў свайго сына, той памёр у яго на руках. Гісторыя, якая на стагоддзі засталася ў камені мемарыяла. Шасціметровы непакораны чалавек – стары з дзіцём на руках – прататып Камінскага. Менавіта ён пайменна назаве ўсіх жыхароў вёскі Хатынь.

Практычна ў кожным населеным пункце краіны ёсць абеліскі спаленым вёскам. У трагічнай статыстыцы ахвяр ваенных гадоў вялікі працэнт за мірным насельніцтвам. Бераставічына таксама пацярпела ад генацыду падчас Вялікай Айчыннай вайны. Вёска Верхаўляны была спалена, вёскі Генюшы, Парэчча, Рымуцеўцы і Казлы разбураны, усяго забіты 634 мірныя грамадзяніны.

Вёска Верхаўляны стала сястрой Хатыні. Да вайны ў ёй пражывалі 173 жыхары. 20 мая 1942 года фашысты акружылі вёску, арыштавалі ўсіх да аднаго мужчын і юнакоў – усяго

33 чалавекі – і расстралялі. Нагодай для арышту стала сувязь жыхароў Верхаўлян з партызанамі. 20 ліпеня немцы зноў наехалі. Людзі былі падняты на ногі, іх выгналі ў суседнюю вёску Гольні. Вярхаўляны падпалілі. Жанчыны з дзецьмі засталіся ўдовамі, без жылля і маёмасці.

Трагедыя  Хатыні – гэта ўрок для ўсёй сусветнай супольнасці і напамін аб недапушчэнні гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх дзеянняў.

На Бераставіччыне у Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі адбудзецца шэраг памятных мерапрыемстваў. 22 сакавіка ў вёсцы Верхаўляны пройдзе мітынг-рэквіем у памяць аб загінуўшых земляках.

https://www.beresta.by/sjonnja-dzen-pamjaci-ahvjar-hatynskaj-tragedyi/