Галоўная / Навiны / Навiны раёна
01.04.2021

Становіцца гісторыяй вайна

Ці многа ведаеце вы пра сваіх дзядоў або прадзедаў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне? Што можаце расказаць нашчадкам пра баявыя ўзнагароды продкаў?

Набліжаецца 76-я гадавіна з дня Перамогі.  З кожным днём аддаляюцца ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Адыходзяць у нябыт ветэраны. Цяжка ўжо сёння знайсці непасрэднага ўдзельніка тых ваенных падзей. І міжволі прыходзіць усведамленне, што страчаны час, калі былі жывыя сведкі.

Дома ў скрынцы ляжаць медалі дзеда. З расказаў матулі і бабулі ведаю, што ў 1943 годзе ён быў вывезены ў Германію, дзе разам з іншымі аднавяскоўцамі працаваў ў прыватнай гаспадарцы. Пасля таго, як пачала набліжацца Чырвоная Армія, гаспадары ўцяклі (клікалі дзядулю з сабой, але ён адмовіўся), а хлопцы-беларусы былі мабілізаваны і адпраўлены на фронт. У баі дзед быў паранены ў плячо выстралам снайпера. І толькі дзякуючы таму, што трапіў у афіцэрскі шпіталь, руку яму захавалі. Пасля доўгага лячэння быў дэмабілізаваны.   Калі я была малой і дзядуля быў жывы, дэталі і падрабязнасці мяне не вельмі цікавілі, а зараз, на жаль, спытаць няма ў каго. У гісторыі маёй сям’і ёсць і іншыя падобныя факты.

Абставіны атрымання дзядулем медаля ўсё ж удалося ўстанавіць дзякуючы сучасным сродкам інфармацыі. Сярод архіўных дакументаў на інфармацыйным рэсурсе “Память народа” мною знойдзены загад, у якім я з хваляваннем прачытала: “Стралок 4-ай стралковай роты гвардыі чырвонаармеец Гутар Іван Паўлавіч 01.03.1945г. у наступальным баі ў раёне горада Цынкель замяніў выбыўшага са строя наводчыка станкавага кулямёта і, ведучы агонь, у складзе роты адбіў дзве контратакі праціўніка. У баі паранены”. Размешчаная на сайце інтэрактыўная карта дазволіла прасачыць і баявы шлях дзядулі.

“Подвиг народа” і “Память народа” – гэта  ўнікальныя  інфармацыйныя рэсурсы адкрытага доступу, напоўненыя архіўнымі дакументамі аб ходзе і выніках асноўных баявых аперацый, подзвігах і ўзнагародах усіх воінаў Вялікай Айчыннай. Банк дадзеных утрымлівае 12,5 млн запісаў аб узнагародах медалямі “За адвагу” і “За баявыя заслугі”.

Асноўная мэта праекта — увекавечанне памяці аб усіх героях Перамогі, незалежна ад звання, маштабаў подзвігу, статусу ўзнагароды. Дзякуючы праекту ў запісах аб ўзнагароджанні можна знайсці звесткі аб даце здзейсненага подзвігу, месцы службы ваеннаслужачага. Гэта дае магчымасць нашчадкам па прозвішчу і годзе нараджэння знайсці цікавую, не вядомую раней інфармацыю пра сваіх блізкіх – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Сайты працягваюць папаўняцца інфармацыяй. Вы таксама можаце прыняць удзел —  дадаць вядомыя вам  даты, фотаздымак удзельніка вайны, як зрабіла гэта я.

Інфармацыйныя рэсурсы будуць карысныя для тых, хто цікавіцца падзеямі Вялікай Айчыннай вайны і мае жаданне даведацца пра подзвігі сваіх сваякоў.

http://www.beresta.by/?p=120645