Галоўная / Навiны / Навiны раёна
10.07.2024

Свята першага снапа “Зажынкі” адкрыла афіцыйны старт уборачнай кампаніі ў РСУП “Алекшыцы”

Сёння ў  РСУП “Алекшыцы” прайшло традыцыйнае свята Зажынкі , якое стала афіцыйным пачаткам уборачнай кампаніі ў гаспадарцы. На хлебным полі, дзе калосіцца спелае зерне, сабраліся кіраўніцтва і работнікі сельгаспрадпрыемства, якія будуць браць удзел у жніве.  

На свяце прысутнічалі  і ганаровыя госці — старшыня Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў  Павел Панкевіч, старшыня Бераставіцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Анішчык, старшыня Алекшыцкага сельскага выканаўчага камітэта Мікалай Прымачэнка, а таксама мясцовыя святары – айцец Сергій і ксёндз Анджэй.

У РСУП “Алекшыцы” ўпэўнены, што да любой працы трэба прыступаць з добрым настроем, тады і цяжкасцей ніякіх не будзе. Таму ўжо на працягу многіх гадоў перад стартам жніва ў гаспадарцы праводзяць народнае свята “Зажынкі” .  Работнікі і ўдзельнікі аматарскай творчасці філіялаў па культурна-дасуговай дзейнасці аг. Алекшыцы і Макараўцы падрыхтавалі прыгожы абрад, адкрыўшы свята песнямі, якія звычайна спявалі жнеі, выходзячы ў поле.

Па добрай традыцыі  старэйшыя і маладыя жнейкі прынеслі на ўскрай поля каравай з былога ўраджаю як даніну зямлі і падзяку Богу . А яшчэ нашы продкі верылі, што якім будзе першы сноп, такім будзе ўраджай і хлеб на  нашым стале.

 Жнейкі зжалі першы сноп, упрыгожылі яго  і ўручылі яго гаспадару алекшыцкай зямлі —  дырэктару РСУП “Алекшыцы” Валерыю Паўлюкевічу як сімвал багатага жніва. Валерый Эдуардавіч тройчы падкінуў  гэты сноп у вышыню – каб колас  быў высокі быў, а гаспадарка  — багатая.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў жніва, Валерый Эдуардавіч, пажадаў усім  моцнага здароўя, дабрабыту і спаўнення ўсіх планаў,  даў наказ выконваць  тэхніку бяспекі і захаваць сваё жыццё і здароўе.

Віншаванні з пачаткам жніва, пажаданні спрыяльнага надвор’я і  высокіх намалотаў  прагучалі ад ганаровых гасцей свята – старшыні Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў Паўла Панкевіча, старшыні Алекшыцкага сельсавета Мікалая Прымачэнкі і старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзіміра Анішчыка, які, дарэчы, таксама напомніў аб ахове працы і  заахвоціў хлебаробаў да ўдзелу ў  спаборніцтве на жніве, якое праводзіць прафсаюз.

Затым усіх прысутных арганізатары свята  пачаставалі зажыначнымі караваямі.

Перад вялікай і значнай падзеяй у беларусаў ёсць добрая традыцыя – прасіць благаслаўлення Божага. Таму і на свяце Зажынак  у Алекшыцах айцец Сергій і ксёндз Анджэй у  малітве благаславілі ўсіх на новае жніво  і акрапілі святой вадой тэхніку і механізатараў, якія будуць убіраць вырашчаны хлеб.

Затым наступіў самы хвалюючы момант – механізатары селі за штурвалы камбайнаў і павялі тэхніку на хлебную ніву. Шлях ад насення да коласа быў нялёгкім, але цяпер перад хлебаробамі стаіць не менш важная задача – убраць шчодрыя зожжавыя палі і забяспечыць харчовую бяспеку краіны.

https://www.beresta.by/svjata-pershaga-snapa-zazhynki-adkryla-aficyjny-start-uborachnaj-kampanii-rsup-alekshycy/

Больш фота ТУТ