Галоўная / Навiны / Навiны раёна
03.07.2020

“Табе, Беларусь, наша праца і песні!” Вялікая Бераставіца адзначае Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (+відэа)


Святочныя мерапрыемствы да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь пачаліся ў Вялікай Бераставіцы раніцай 3 ліпеня з урачыстага мітынгу ля помніка Воіну-вызваліцелю на Ратушнай плошчы. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, а таксама моладзь і жыхары гарадскога пасёлка.

Видео Виктора Фриделя

Ганаровае права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена лепшым па прафесіі – Святлане Кілімбет, медыцынскай сястры Бераставіцкай цэнтральнай раённай бальніцы, і Сяргею Жураўскаму, галоўнаму заатэхніку РУСП “Масаляны”.

Са словамі віншаванняў да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч.

—   Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь  ужо больш двух дзясяткаў гадоў з’яўляецца сімвалам самаадданасці Айчыне, надзеі і аптымізму для кожнага з нас, — адзначыў Антон Станіслававіч. —    У гэты дзень мы звяртаемся да гістарычнай памяці і аддаём даніну глыбокай павагі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны за мужнасць і стойкасць, праяўленыя ў барацьбе за мір і шчасце беларускага народа, выказваем удзячнасць за добрасумленную і плённую працу ўсім, хто аднаўляў нашы гарады і вёскі ў пасляваенны час. 76 гадоў над краінай мірнае неба, вырасла не адно пакаленне беларусаў, мы пабудавалі суверэнную дзяржаву і нясём адказнасць за яе будучыню. Сёння Бераставіччына дынамічна развіваецца, паляпшаецца інфраструктура, мы ганарымся дасягненнямі ў сельскай гаспадарцы і эканоміцы, перамогамі ў спорце і адукацыі. І ўсё гэта дзякуючы людзям, якія сваёй шматгадовай працай, актыўнай грамадскай пазіцыяй складаюць гонар і славу нашага раёна.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў Антон Кулісевіч выказаў землякам пажаданні моцнага здароўя, поспехаў і дабрабыту, стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

У памяць аб тых, хто змагаўся за наша мірнае жыццё і   незалежнасць прагрымелі залпы святочнага салюту, удзельнікі мітынгу хвілінай маўчання ўшанавалі загінуўшых на франтах Вялікай Айчыннай вайны і   ўсклалі жывыя кветкі да помніка Воіну-вызваліцелю і Вечнага агню.

Ад імя моладзі раёна выступіла Юлія Матсапаева, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце СВП “АграМір”, якая выказала падзяку тым, хто коштам свайго жыцця здабываў Перамогу і мірнае неба для ўсіх нас, і паабяцала, што маладое пакаленне захавае памяць аб подзвігу сваіх дзядоў і прадзедаў, будзе беражліва адносіцца да міру на роднай зямлі і стваральнай працай рабіць сваю малую радзіму  багацейшай  і прыгажэйшай.

Па добрай традыцыі ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на Бераставіччыне адбываецца ўшанаванне   лепшых працоўных калектываў і працаўнікоў раёна.  Вось і на гэты раз Антон Кулісевіч уручыў ганаровыя пасведчанні працоўным калектывам і лепшым па прафесіі людзям, якія занесены на раённую Дошку гонару па выніках 2019 года.

У завяршэнне мітынгу бераставіцкая моладзь вынесла на плошчу  вялікае палотнішча Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь, гэта акцыя стала яркім момантам мерапрыемства  і была  сустрэта шчырымі апладысментамі прысутных.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара