Афіцыйны сайт
Адрас:
231778, г.п. Вялікая Бераставіца,
пл. Ратушная, 1
Электронная пошта:
berestrec@mail.grodno.by
Тэлефон: 8-(01511) 2-17-47
Факс: 8-(01511) 2-17-47
16 красавіка 2021

У Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага дзейнічае кніжная выстава прысвечаная 75-годдзю вядомага беларускага мастака і скульптара Уладзіміра Церабуна

У Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага дзейнічае кніжная выстава “Мае манументы – сімвал жыцця”, прысвечаная 75-годдзю вядомага беларускага мастака і скульптара Уладзіміра Церабуна.

Манументальныя работы Уладзіміра Васільевіча – памятныя знакі і скульптурныя кампазіцыі – упрыгожваюць многія гарады Беларусі. “Мядзвежая акадэмія” – у Смаргоні,  «Заўсёды на варце» і «Ветразь» – у Гродне, «Клёкат буслоў» – у Скідзелі, «Саната памяці» – у Лагойску, «Пайшлі ў бессмяротнасць» – у Слоніме і іншыя. Творчасць юбіляра мае дачыненне і да Бераставіччыны. Менавіта Уладзімір Церабун – аўтар скульптурнай кампазіцыі «Дрэва жыцця», створанай да 500-годдзя Вялікай Бераставіцы.


Сёння Дрэва жыцця стала адметным куточкам гарпасёлка, кропкай экскурсійных маршрутаў і папулярнай фотазонай для гасцей, таму што скульптар ўдала размясціў на мануменце Вавёрку – сімвал нашага мястэчка.   

Уладзімір Церабун родам са Смаргоншчыны. Ён  працуе ў жанрах станковай і манументальнай скульптуры, у графіцы, жывапісе, у пластыцы малых формаў, піша партрэты вядомых сучаснікаў. За стварэнне мемарыяльнага комплексу «Дальва» на Лагойшчыне ў памяць аб спаленай фашыстамі вёсцы, Уладзімір Церабун быў удастоены преміі Ленінскага камсамолу БССР.


Скульптар працаваў у Гродзенскіх мастацка-вытворчых майстэрнях, быў старшынёй абласнога аддзялення Саюза мастакоў, выкладчыкам Гродзенскага вучылішча мастацтваў, старшынёй Гродзенскага фонду свабоднага мастацтва, аўтарам шматлікіх артыкулаў у абласным друку, а таксама аўтарам і вядучым перадачы «Палітра» на гродзенскім тэлебачанні, удзельнікам гарадскіх, раённых, абласных і рэспубліканскіх персанальных выстаў, двойчы выбіраўся дэпутатам Гродзенскага гарадскога Савета народных дэпутатаў. Яго працы экспанаваліся ў Гродна, Мінску, Маскве, Троіцку, Зеленаградзе, Таліне, Панявежысе, Друскінінкае, Дубне, Лондане, Міндане, Растоке, Варшаве, Смаргоні. Уладзімір Церабун – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, член Беларускага саюза мастакоў.

Да юбілею Уладзімір Васільевіч перавыдаў альбом уласных работ «На хвалях часу». Выданне прадстаўлена на кніжнай выставе ў райбібліятэцы і ўяўляе сабой своеасаблівы аповед пра гісторыю мастацкага жыцця аўтара, пра найбольш значныя яго станковыя творы, працы ў графіцы, кераміцы і жывапісе.

Кніжная экспазіцыя ўтрымлівае таксама энцыклапедычныя даведнікі “Сучасная беларуская скульптура. ХХІ стагоддзе”, “Художественный образ Гродненщины”, альбом “Смаргонь” і іншыя, а таксама артыкулы з газет “Культура” і “Гродзенская праўда”, дзе ёсць упамінанне пра мастака і скульптара, помнік работы якога ўпрыгожвае наш родны пасёлак.

Святлана Ганчарова, фота аўтара