Галоўная / Навiны / Навiны раёна
05.09.2023

У Бераставіцкай райбібліятэцы дзейнічае выстава “Летапіс пісьмовай культуры”

У Бераставіцкай райбібліятэцы дзейнічае выстава “Летапіс пісьмовай культуры”, прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства і друку.Гэта дзяржаўнае свята дае ўнікальную магчымасць жыхарам краіны звярнуцца да вытокаў нацыянальнай культуры беларускага народа, адчуць цесную ўзаемасувязь і арганічнае адзінства славянскіх культурных традыцый.

Тэматычная кніжная выстава знаёміць з гісторыяй станаўлення і развіцця беларускага пісьменства і кнігадрукавання, з лёсамі выбітных беларускіх асветнікаў. Цікавае, напрыклад, выданне «Асветнікі Беларусі», дзе сабраны звесткі пра Францыска Скарыну, Еўфрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага, Сімяона Буднага, Міколу Гусоўскага, іншых першапраходцаў беларускай пісьменнасці.

Прадстаўлена на экспазіцыі пашыранае выданне «Кніжная спадчына Беларусі», а таксама творы сучасных даследчыкаў роднага слова.

Менавіта праз кнігу асветнікі зямлі беларускай выхоўвалі ў людзях лепшыя якасці, уплывалі на фарміраванне іх светапогляду.

У 2023 годзе сталіцай Дня беларускага пісьменства стаў раённы цэнтр Гарадок – радзіма Канстанціна Вераніцына, аўтара вядомай сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе».

***

Шэраг мерапрыемстваў у межах святкавання Дня беларускага пісьменства і друку адбыўся ў Бераставіцкай райбібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага і яе філіялах у аграгарадках. Так, 2 верасня ў філіяле “Вялікаэйсмантаўская сельская бібліятэка” прайшлі гучныя чытанні “Твае першыя кніжкі”. Дзеці паглядзелі фільм пра Францыска Скарыну, адказалі на пытанні тэматычнай віктарыны, згулялі ў літаратурныя гульні  і распавялі пра сваю любоў да роднай краіны.

https://www.beresta.by/u-berastavickaj-rajbiblijatjecy-dzejnichae-vystava-letapis-pismovaj-kultury/