У Вялікай Бераставіцы прайшоў раённы семінар-практыкум для загадчыкаў і культарганізатараў клубных устаноў. Мерапрыемства, арганізаванае Бераставіцкім раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці, было прысвечана выкарыстанню творчага патэнцыялу аматарскіх калектываў і арганізацыі масавых мерапрыемстваў для захавання нацыянальных культурных традыцый.
Семінар пачаўся з тэатралізаванай сустрэчы і частавання гасцей, пасля чаго ўдзельнікі семінара пазнаёміліся з выставай-прэзентацыяй абрадаў «Зажынкі», «Купалле», «Багач», «Каляда», «Масленіца», «Вялікдзень».
Прысутныя маглі таксама азнаёміцца з выставамі творчасці аматарскіх аб’яднанняў, а таксама з клубнай дакументацыяй.
Адбыўся майстар-клас загадчыцы аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Тамары Касьян па вырабу саламянай птушкі.
Цэнтральнымі падзеямі семінара сталі справаздачы спецыялістаў па пытаннях выкарыстання творчага рэсурсу аматарскіх калектываў, арганізацыі масавых мерапрыемстваў і развіцця творчага патэнцыялу.
Дырэктар ДУК «Бераставіцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» Марына Ясюкевіч, метадыст па народных мастацкіх рамёслах, традыцыях, абрадах, фальклору Алена Бутрыла і вядучы метадыст па рабоце з дзецьмі і моладдзю Гродзенскага АМЦНТ Святлана Крывіцкая прадставілі важныя аспекты працы з аматарскімі калектывамі, робячы акцэнт на выкарыстанне сучасных форм работы і захаванне нацыянальных традыцый.
Адзначалася, што на працягу 2024 года ва ўстановах культуры раёна дзейнічала 66 клубных фарміраванняў з агульнай колькасцю 702 удзельніка, з іх 33 – для дзяцей, з агульнай колькасцю 340 дзяцей.
У другой частцы семінара адбылося выступленне розных мастацкіх калектываў. Іх удзельнікі прадэманстравалі свой творчы патэнцыял. Прысутныя з цікавасцю паглядзелі на выступленні гурткоўцаў майстэрства вядучага, акцёрскага майстэрства, аматараў фальклору, мастацкага чытання.
У выкананні народнага ансамбля народнай песні «Бераставіцкія музыкі» быў паказаны таксама абрад “Засеўкі”.
Важным аспектам семінара стала размова пра ўдзел клубных фарміраванняў у сацыяльна-значных мерапрыемствах і працы з дзецьмі і падлеткамі, якія знаходзяцца на розных відах уліку. Была адзначана важнасць выкарыстання сучасных формаў арганізацыі дасугу, а таксама праблемы і шляхі вырашэння праблем прыцягнення дзяцей і падлеткаў да творчай дзейнасці.
У заключэнне семінара адбыўся круглы стол, дзе прайшло абмеркаванне планаў на будучыню. Удзельнікі абмяняліся вопытам, выказалі свае думкі і прапановы па ўдасканаленні працы аматарскіх калектываў і арганізацыі культурна-дасугавых мерапрыемстваў.
https://www.beresta.by/vykarystanne-tvorchaga-rjesursu-amatarskih-kalektyva-u-berastavickim-rajone-adby-sja-rajonny-seminar/Больш фота па спасылцы