Аснову скульптурнай кампазіцыі складае ўмоўная крона дрэва з двух ствалоў, як сімвал велічы сілы прыроды і яе вечнасці.
Дрэва як бы ўпіваецца сваімі магутнымі каранямі ў аснову-пастамент, выкананы з граніту ў выглядзе піраміды. Карані паступова пераходзяць у ствалы і разгаліноўваюцца ў крону, у цэнтры якой круг - сімвал сонца. У крузе размешчаны тэкст «Вялікая Бераставіца» і дыск-манета, на якой адчаканена дата ўзнікнення пасёлка: «1506 г.».
У цэнтральнай частцы круга размешчана ваверка і завяршае ўсю кампазіцыю карона.
Характэрнай асаблівасцю "Дрэва жыцця" з'яўляецца і тое, што ў яго кроне і каранях адлюстроўваецца дробная пластыка жывой прыроды: дзве птушачкі, якія сядзяць на галінцы, гняздо з птушанятамі, матылькі, на цэнтральным ствале замацаваўся дзяцел, ніжэй сеў крумкач, побач маленькая мыш, сярод каранёў іншая жыўнасць.
Уся дробная пластыка разглядаецца на блізкай адлегласці. На далёкай адлегласці ўсё зліваецца з дрэвам разам. Адначасова ў кроне дрэва мы можам убачыць умоўны сілуэт фігуры чалавека з паднятымі ўверх рукамі, якія трымаюць крону.
На пастаменце, выкананым з чырвонага паліраванага граніту, размешчана пліта ў выглядзе ліста папірусу з тэкстам, прысвечаным 500-годдзю г. п. Вялікая Бераставіца.
Уся праца выканана з бронзы.
Памер па вертыкалі з пастаментам складае 4,2 м.
Скульптар В. В. Церабун
Кіраўнік праекта Галуза В. Л.