Кодэкс Республікі Беларусь аб культуры. 20 ліпеня 2016 г. № 413-3
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гродзенская вобласць
МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ. ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА
Брашура "Храм пад птушынымі крыламі"
ААТ «Аграпрамбанк»,
БІК BAPBBY2X
р/р BY63BAPB36415110000140000000
Бераставіцкі райвыканкам,
пл. Ратушная, 1
УНН 500012910
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь пяці храмам Бераставіччыны нададзены статус помнікаў рэспубліканскага значэння з адпаведнай катэгорыяй і яны уключаны у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей:
ЦАРКВА Ў ГОНАР УСПЕННЯ ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ, в. Гарбачы
У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1860 г. з цэглы. Адкрыта пасля заняпаду ў 1992г.
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Да цэнтральнага кубападобнага аб'ёму па падоўжнай планіровачнай восі далучаны прамавугольная трапезная і паўцыркульная апсіда. У цэнтры і па вуглах пакатага шатровага даху - цыбулепадобныя купалы на барабанах. Галоўны ўваход вылучаны кілепадобным франтонам. У архітэктурным дэкоры фасадаў - лапаткі, какошнікі, цягі, нішы, карнізы.
17 ліпеня 2010 г. вернікі мясцовай і суседніх парафій урачыста адзначылі 150-годдзе царквы. Праасвяшчэнны Арцемій, Епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі, адслужыў Боскую літургію ў саслужэнні благачынных Бераставіцкай, Ваўкавыскай і Свіслацкай благачыній і духавенства раёна, а паломнікі прынялі ўдзел у хрэсным ходзе ад храма прападобнай Еўфрасінні Полацкай у п. Пагранічны да царквы ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы ў в. Гарбачы.
ЦАРКВА Ў ГОНАР РАЖДЖАСТВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ, аг. Масаляны
На паўднёвай ускраіне вёскі. Храм пабудавана ў 1796 г. з каменю і будаваўся, як сцвярджае доктар архітэктуры А.Кулагін, як касцёл. Ёсць і другая думка: храм будаваўся як уніяцкая царква. Ва ўсякім выпадку, у шматлікіх архіўных дакументах 1800-1840-х гадоў Масалянская царква екаднаразова ўпамінаецца, як уніяцкая царква.
Помнік архітэктуры позняга барока. Вырашана прамавугольным высокім аб'ёмам з працяглай паўкруглай апсідай. Плоскасць франтальнага фасада крапавана пілястрамі на 3 праслы і апяразана вытанчана прафіляванымі карнізам і антаблементам. У завяршэнні фасада 4-гранная шатровая вежа-званіца, якая бакавымі валютамі плаўна злучаецца з асноўнай плоскасцю, адзначанай па ўскрайках зграбнымі 2-яруснымі вежачкамі з макаўкамі. Такая ж вежачка вянчае дах над апсідай. Прамавугольныя высока ўзнятыя аконныя праёмы раўнамерна чляняць галоўны, а лучковыя - бакавыя фасады.
У перакрытую плоскай столлю прастору малітоўнай залы 3 магутнымі аркамі адкрываюцца ўчыненыя над вузкім прытворам хоры. Сцены расчлянёны пілястрамі са спрошчанымі капітэлямі. За перагародкай у апсідзе створана тарцовая рызніца. Апсіда вылучана драўляным 2-ярусным пазалочаным іканастасам канца 19 ст. Яго 2-ярусная кампазіцыя расчлянёна паўкалонкамі карынфскага ордэра і прафіляваным карнізам, упрыгожана разным арнаментальным спляценнем акантавага лісця. У левым клірасе знаходзіцца ківот, упрыгожаны арабескавай арнаментальнай разьбой па дрэве. Абраз «Іаан Багаслоў» (1882, мастак МЛ.Пліс). У алтары 2 латунных падсвечнікі з гравіроўкай (вышыня 2,2 м). У 1891 г. прыхаджане на добраахвотныя ахвяраванні набылі для царквы панікадзіла.
Побач з храмам у 2-й пал. 19 ст. пастаўлена бутавая капліца - 4-гранны кубападобны аб’ём пад шатровым дахам.
КАСЦЁЛ УШЭСЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ І СВЯТОГА ЯНА НЕПАМУКА, аг. Вялікія Эйсманты
У цэнтры вёскі. Пабудаваны ў 1849-50 гг. пад кіраўніцтвам ксяндза Міхаіла Сезянеўскага. У 1912 г. адрэстаўрыраваны. Дзейнічаў і ў савецкі час.
Паводле старажытных хронік, першапачатковы касцёл пабудаваны ў 1659 г. Ганнай Эйсмантавай з сынам Якавам, які згарэў у 1722 г. У 1903-10 гг. рабіліся спробы збудаваць новы храм: у выкладзеных з бутавага каменю сценах з'явіліся трэшчыны, якія пастаянна павялічваліся. Было складзена некалькі праектаў касцёла, але парафіяне на ўласныя сродкі сціпла перабудавалі і адрамантавалі яго.
Архітэктурная стылістыка прамавугольнага ў плане храма з кубападобнай апсідай і сакрысціямі вызначаецца эклектычным спалучэннем класіцыстычных і гатычных рэмінісцэнцый - 4-калонны дарычны порцік галоўнага фасада суседнічае з гатычнымі стральчатымі аконнымі праёмамі бакавых плоскасных фасадаў. Па баках уваходнага партала арачныя нішы. Магутны 3-вугольны франтон 2-схільнага даху запоўнены прамянямі кампазіцыі «Усёбачнае вока».
Унутраная прастора 4-ма парамі драўляных слупоў падзелена на 3 нефы: цэнтральны перакрыты цыліндрычным скляпеннем з размалёўкай, бакавыя - плоскай столлю. Галоўны драўляны алтар з абразом «Маці Божая Эйсмантаўская» (1-я палавіна 18 ст. прыўнесены ў 1740) вырашаны ў стылі рэтраспектыўнай готыкі, бакавыя - з элементамі класіцызму і барока. Над уваходам на шырыню залы на 2 слупах узняты аркатурныя хоры з арганам.
Абразы мяжы 18-19 ст. «Маці Божая Вастрабрамская», «Маці Божая Ляжайская», «Маці Божая Чанстахоўская» (пачатак 19 ст.), абраз у металічнай шаце 18 ст. «Ян Непамук».
КАСЦЁЛ ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА, г.п. Вялікая Бераставіца
У цэнтры гарадскога пасёлка. Узведзены ў 1912 г. з цэглы па фундацыі ўладальніка маёнтка графа Юзафа (Іосіфа) Касакоўскага. Дзейнічае з 1989 г.
У мястэчку існаваў касцёл, які ў 1866 г. быў пераўтвораны ў праваслаўную Свята-Успенскую царкву. Новы касцёл закладзены 23.6.1909г. паводле праекта гродзенскага губернскага інжынера Плотнікава.
Помнік архітэктуры неаготыкі. Вырашаны прамавугольнай 3-нефавай базілікай з 5-граннай апсідай. Галоўны фасад атрымаў дынамічную, вертыкальна накіраваную кампазіцыю, завершаную 3-ох-яруснай шатровай вежай-званіцай. Вертыкальнасць узмацняюць ступеньчатыя контрфорсы і стральчатыя праёмы. Каларыстычнае вырашэнне будынка дасягаецца спалучэннем фактурнай «аксамітавай» муроўкі сцен і атынкаваных элементаў архітэктурнага дэкору: лапатак, карнізаў, ліштваў, нішаў.
Гатычнай узнёсласцю вылучаецца інтэр'ер храма, нефы якога перакрыты стральчатымі скляпеннямі з гуртамі. Драўляны амбон таксама вырашаны ў вытанчаных формах готыкі.
аг. Макараўцы,
КАСЦЁЛ УЗВІЖАННЯ СВЯТОГА КРЫЖА
У заходняй часты вёскі, на могілках, побач з былой сядзібай Хрусціцкага. Пабудаваны ў 1795 г. з дрэва. У 1995 г. вернікі парафіі ўрачыста святкавалі 200-годдзе касцёла. Непадалёку пастаўлена мураваная званіца.
Архітэктура помніка вырашана ў традыцыях народнага драўлянага дойлідства. Два рознавялікія ашаляваныя зрубы (асноўны аб'ём і апсіда) накрыты агульным дахам з 3-вугольнымі застрэшкамі над стыкамі аб'ёмаў. Маленькія сакрысціі з самастойным пакрыццём. Фасады дэкарыраваны падкарнізнай і падваконнай разной аркатурай, фігурнай рамай і крыжам на фоне шалёўкі «ў елку» франтона галоўнага фасада. Сцены расчлянёны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі ў прасценках.
У інтэр'еры бэлькі з укосінамі пад плоскай столлю візуальна чляняць прастору храма на апсіду, галоўны і бакавыя нефы, нартэкс, галерэю хораў над ім. Пластыка-дэкаратыўным акцэнтам інтэр'ера з'яўляюцца 3 драўляныя алтары, выкананыя ў стылі барока. У глыбіні апсіды пастаўлена барочная карынфская каланада, якая разам з вязкамі пілястраў нясе крапаваны антаблемент з пуцці. Па баках алтара стукавыя паліхромныя скульптуры святых Пятра і Паўла. Вынесеныя ў залу бакавыя меншыя алтары аналагічнай мастацка-стылёвай трактоўкі. За ажурнай балюстрадай хораў - арган.Помнікі архітэктуры, гісторыі і археалогіі Бераставіцкага раёна, занесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Помнікі архітэктуры
Свята-Мікалаеўская царква (цяпер - царква Свяціцеля Міколы Цудатворцы), г.п. Вялікая Бераставіца, вул. Камсамольская, 18
Пабудавана ў 1868 годзе на месцы будынка драўлянай царквы, які ў 1860 годзе разабралі. У тым жа годзе распачалося будаўніцтва новай мураванай. У якасці будаўнічага матэрыялу для сцен выкарыстоўваўся камень. Званіца пабудавана ў 1882 годзе. Праект складзены, як сцвярджае прафесар, доктар архітэктуры А. Кулагін, у 1858 годзе архітэктарам Фардонам. Быў закладзены фундамент, узведзены сцены да вокнаў, але на гэтым будаўніцтва прыпынілася. У 1865 годзе будаўніцтва царквы прадоўжылася. Значную дапамогу ў будаўніцтве аказвалі прыхаджанне і граф Станіслаў Касакоўскі. У 1962 годзе царква была зачынена. У 1988 годзе яна зноў пачала дзейнічаць.
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю, цэнтрычны, крыжавы ў плане аб’ём, сяродкрыжжа якога завершана двухярусным чатырохгранным светлавым барабанам з цыбулепадобным купалам. Фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў кілепадобных ліштвах, аперазаны прафіляванымі карнізамі і вуглавымі лапаткамі.
Рэшткі касцёла Візітацыі Найсвяцейшай Дзевы Марыі, г.п. Вялікая Бераставіца, Цэнтральная плошча
Пабудаваны ў 1615-1620 г. Будынак цагляны, у сярэдзіне ХVIII ст. часткова перароблены. Галоўны заходні фасад падзелены пілястрамі на 3 часткі, завершаны ступеньчатым атыкам. Сярэдняя павышаная частка атыка ўвенчана франтонам з авальнай нішай у цэнтры. Бакавыя фасады і апсіда раўнамерна расчлянёны пілястрамі і лапаткамі, лучковымі аконнымі праёмамі. Унутраная прастора расчлянёна 4-ма масіўнымі слупамі на 3 нефы.
Касцёл – помнік архітэктуры барока. Падобны касцёл ёсць у Кракаве. Апошнія навуковыя даследаванні сведчаць, што ён ніколі не належаў ордэну кармелітаў, а быў прыхадскім.
Пабудаваны па фундацыі Кашталяна Віленскага Гераніма Хадкевіча ў 1615-1620гг. Будынак цагляны. У 1615 годзе паводле рашэння Гераніма Хадкевіча пры касцёле пачалі дзейнічаць царкоўна-прыходская школа і прытулак для бедных і ўбогіх. Паводле даследаванняў польскіх вучоных у 1621г. тут было пахавана сэрца Вялікага Гетмана Вялікага княства Літоўскага Яна Караля Хадкевіча. Легенда апавядае, што адзін раз у год – у дзень свайго нараджэння, які гісторыкам невядомы – белая здань Яна Караля Хадкевіча падымаецца над касцёлам і доўга кружыць над Вялікай Бераставіцай. Хто ўбачыць гэты цуд – будзе здаровым, багатым і шчаслівым. У сярэдзіне ХVIII ст. касцёл часткова перароблены. У 1862 годзе, па сцвярджэнні беларускага даследчыка Генадзя Кісялёва, у скляпеннях касцёла друкаваліся першыя нумары “Мужыцкай праўды” Кастуся Каліноўскага. У 1865 годзе пасля задушэння паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага будынак касцёла аддадзены царскімі ўладамі пад праваслаўную царкву. У 1920 годзе вернуты вернікам. У 1960-х гадах зачынены. У 1991 годзе ў выніку пажару згарэў дах, сцены разбураюцца. Мясцовымі ўладамі прымаюцца меры да яго рэстаўрацыі. У аддзяленні Белаграпрамбанка ў г.п. Бераставіца адкрыты спецыяльны рахунак для спонсарскіх ахвяраванняў на рамонт будынка.
Помнікі гісторыі
Брацкая магіла, г.п. Вялікая Бераставіца, Цэнтральная плошча
У брацкай магіле пахаваны астанкі 192 чалавек. Вядомы імёны 23, невядомы - 169 чалавек. Над магілай помнік: скульптура воіна з аўтаматам на пастаменце ў выглядзе ўсечанай піраміды вышынёй 8,5 м. На гранітнай пліце перад помнікам значацца прозвішчы загінуўшых, якія вядомы. Над магілай чаша вечнага агню. З тыльнага боку помніка мемарыяльная Сцяна Памяці з прозвішчамі загінуўшых землякоў.
У 1948 годзе па рашэнню рэспубліканскіх партыйных і дзяржаўных органаў і органаў мясцовай улады ў раёне пачалося перазахаванне астанкаў загінуўшых воінаў Савецкай Арміі, партызан і падпольшчыкаў, пахаваных у розных месцах раёна, у брацкую магілу на цэнтральнай плошчы. У 1985 годзе праведзена рэканструкцыя вакол брацкай магілы. У выніку створаны Мемарыял Славы.
Брацкая магіла, г.п. Вялікая Бераставіца, вул. Леніна, паўночная ўскраіна
У брацкай магіле пахаваны астанкі 127 чалавек. Вядомы імёны 53, невядомы - 74 чалавек. Над магілай помнік “Смуткуючай маці”: скульптура жанчыны ў жалобе і сувораўца, якая знаходзіцца на пастаменце ў форме куба. Помнік дэкарыраваны двума сценкамі з барэльефамі. Перад помнікам устаноўлены 4 гранітныя пліты з прозвішчамі загінуўшых. Тут знаходзяцца астанкі генерал-маёра Івана Пракоф’евіча Міхайліна, які загінуў у першыя дні вайны на Бераставіччыне.
Помнікі археалогіі
Свяцілішча перыяду сярэднявечча, в. Верхаўляны
Помнік язычніцкага культу. Мясцовая назва Гарадзішча. За 150 м на паўднёвы ўсход ад вёскі, за поплавам, каля лесу, на ўзроўні першай надпоплаўнай тэрасы р. Шэпта. Круглая пляцоўка дыяметрам каля 7 м. Акружана ровам глыбінёй 0,5- 1,2 м (на поўнач больш за 2 м) і валам вышынёй 1,6-2,9 м. На паўднёвым захадзе ў вале зроблены праход, злучаны з пляцоўкай земляной перамычкай. Выявіў у канцы ХІХ ст. вядомы расійскі археолаг Ф.В.Пакроўскі, даследаваў у 1986 г. і ў 1992 г. навуковы супрацоўнік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Э.М. Зайкоўскі. Выяўлены вугольчыкі, фрагменты ганчарнай керамікі са слядамі апрацоўкі. Гэтыя прадметы і справаздачы аб даследаваннях перададзены мясцоваму музею.
У выніку даследаванняў 1986 г. і 1992 г. устаноўлена: культурны пласт праслойкі складае 0,15-0,23 м. Культурны пласт у рове складае 0,4 м. Выбрукоўка рову камянямі выконвала рытуальныя функцыі (тут знаходзіліся палаючыя ахвярнікі, куды кідалі мяса жывёл і рытуальна разбітыя пасудзіны). Знойдзены косці і зубы жывёл, слабаапрацаваныя крамяні, вугольчыкі, фрагменты ганчарнай керамікі, якая адносіцца да ХІ-ХІІ ст. Аналагічныя свяцілішчы выяўлены ў Паўночнай Букавіне (Украіна), на Смаленшчыне, у паморскіх славян.
Гарадзішча перыяду сярэднявечча – новага часу, аг. Алекшыцы
Гарадзішча адносіцца да сярэдневяковых умацаванняў абарончага тыпу. Мясцовая назва Альшчына, за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі, з правага боку ад дарогі на Гродна, у забалочанай мясцовасці. Гарадзішча ўяўляе сабой узвышаную пляцоўку. Пляцоўка па форме блізкая да чатырохвугольніка. Даўжыня трох бакоў па 150 м, аднаго 130 м. Пляцоўка арыентавана па дыяганалях. З паўночнага ўсходу, паўднёвага ўсходу і паўднёвага захаду балота, уздоўж паўночна-заходняга боку роў шырынёй каля 10 м. Уезд на пляцоўку ў выглядзе насыпу даўжынёй каля 90 м з паўднёвага захаду. З працілеглага боку (паўночнага захаду) праз роў праходзіць таксама праезд, больш вузкі, чым першы. Па вуглах пляцоўкі 4 выступы прамавугольнай ці блізкай да яе формы. Тры з іх маюць памеры 10 х 20 м, чацвёрты (усходні) – 20 х 20 м. Паміж выступамі ўздоўж паўднёва-заходнега боку пляцоўкі размешчана сажалка прамавугольнай формы памерам 60 х 20 м.
Гарадзішча адкрыта Ф.В. Пакроўскіх у канцы ХІХ ст., абследавана Я.Г. Звяругам у 1973 г. Гарадзішча адносіцца да тыпу сярэдневяковых умацаванняў.
У 1960-х гадах, ёсць такія звесткі, на яго тэрыторыі знойдзены 2 каменныя ядры. Другіх звестак няма.