Краязнаўчы каляндар на 2022 год створаны на аснове кнігі “Памяць” Бераставіцкага раёна, “Летапіснай хронікі Бераставіччыны”, тэматычнай папкі “Знакамітыя людзі Бераставіччыны”, фактаграфічнай картатэкі “Славутыя імёны Бераставіччыны”. Папка і картатэка змяшчаюць звесткі энцыклапедычных выданняў: Беларуская энцыклапедыя: У 18 т..-Мінск.: БелЭн., 1996-2004; Республика Беларусь: энцыкл.: в 6 т. - Минск.: БелЭн., 2005-2008; Беларусь: энцыкл. давед.- Мінск: БелЭн., 1995; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Мінск.: БелЭн., 1993-2003; Культура Беларусі: энцыкл.: у 6 т.- Мінск: БелЭн., 2010-2015; Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Х-ХІХ стст.: энцыкл. давед.- Мінск.: Бел.Эн., 1995; Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т.- Мінск.: БелСЭ, 1984-1987; Беларускія пісьменнікі: Бібліягр. слоўн.: у 6 т.- Мінск.: БелЭн., 1992-1995; Тэатральная Беларусь: энцыкл.: у 2 т. – Мінск: БелЭн., 2002 – 2003; Беларускі фальклор: энцыкл.: у 2 т.- Мінск: БелЭн., 2005-2006; Народная культура Беларусі: энцыкл. давед.- Мінск: БелЭн., 2002; Спортивная энциклопедия Беларуси.- Минск: БелЭн., 2005; Туристическая энциклопедия Беларуси. – Минск, 2007; Пяткевіч, А. Людзі культуры з Гродзеншчыны: давед. / Аляксей Пяткевіч.- Гродна, 2000; Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т.9. Гродзенская вобласць. Кн.1/ рэдкал.: У.У. Андрыевіч [і інш.]; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры; Выдаведства “Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі”.- Мінск : Беларус. Энцыкл. Імя П. Броўкі, 2015; Книга героев Гродненской области.- Гродно, 2005; Культура Гродзеншчыны: Факты. Падзеі. Асобы.- Мінск, 2014; Ермоленко, В.А. 400 имен: жизнеописания видных деятелей истории и культуры Гродненщины / В.А. Ермоленко, В.Н. Черепица.- Гродно, 2014; Гостев, А.П. Известные уроженцы Гродненской области / А.П. Гостев.- Гродно, 2016, а таксама матэрыялаў з электронных рэсурсаў.
Адбор юбілейных дат рабіўся ў адпаведнасці са значнасцю для гісторыі, эканомікі і культуры краю. Для персаналій юбілейнымі вырашана лічыць: 60, 65, 70 ... і далей гадоў. Указваюцца сувязі дзеячаў з Бераставіччынай. Даты даюцца па новаму стылю, геаграфічныя аб’екты – згодна сучаснаму адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму дзяленню.
Спадзяёмся, што наш каляндар будзе карысным і цікавым для шырокага кола чытачоў, краязнаўцаў, бібліятэкараў і ўсім тым, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.
475 гадоў з дня нараджэння
Стрыйкоўскага Мацея (1547 – каля 1590), польскага гісторыка, паэта, удзельніка Ульскай бітвы 1568 г., падчас якой пазнаёміўся з вялікім гетманам ВКЛ Рыгорам Хадкевічам, уладальнікам Вялікай Бераставіцы. У 1570-х гг. наведаў бібліятэку Хадкевічаў у Вялікай Бераставіцы для напісання сваёй знакамітай “Хронікі Польскай, Літоўскай, Жамойцкай і Усяе Русі” (1582).
370 гадоў з дня смерці
Хадкевіча Крыштафа (каля 1590 – 1652), ваяводы віленскага, уладальніка Вялікай Бераставіцы (1617 г.). Вядомы як фундатар касцёлаў у Петрыкаве (1638), бенедыктынык у Мінску (1633) і дамініканаў у Навагрудку (1637).
370 гадоў з часу будаўніцтва
драўлянага палаца Хадкевічаў у Бераставіцы. Гэты помнік сядзібнай архітэктуры ХVІІ ст. існаваў на правым беразе р. Бераставічанкі. Пабудаваны Крыштафам Хадкевічам і яго сынам Янам Казімірам каля 1652 г. Гаспадарчы двор меў уязную браму, флігель, свіран, скарбніцу. Палацавы комплекс загінуў у 1944 г. падчас Другой Сусветнай вайны (1939 - 1945).
280 гадоў з пачатку аднаўленчых работ па будаўніцтву
мураванага касцёла Звеставання Панны Марыі ў Вялікай Бераставіцы (1742), помніка архітэктуры позняга барока. Будаўніцтва фундаваў уладальнік мястэчка Юзаф Мнішак (1670-1747), кашталян кракаўскі, а завяршыў яго сын Ежы Аўгуст у 1768 г.
270 гадоў з дня нараджэння
Патоцкай (Мнішак) Юзэфіны Амеліі (29.08.1752-1798), пісьменніцы-аматаркі і мастачкі, якая ў 1754 годзе стала правобразам вавёркі на месніцкім бераставіцкім гербе, уладальніцы Вялікай Бераставіцы з 1774 года, другой жонкі генерала кароннай артылерыі графа Патоцкага Станіслава Шчэнснага.
255 гадоў з дня нараджэння
Пешкі Юзафа (1767-1831), польскага і беларускага мастака, партрэтыста, гістарычнага жывапісца і майстра гарадскога пейзажу. У 1793-1794 гг. мастак выканаў партрэты першых уладальнікаў Вялікай Бераставіцы з роду Касакоўскіх: Юзафа Дамініка і яго жонкі Людвікі. Партрэты захоўваліся ў бераставіцкім палацы Касакоўскіх.
245 гадоў з дня смерці
Клема Яна Генрыка (каля1710-1777), нямецкага архітэктара, які стварыў у 1754-1755 гг. праект ратушы ў Вялікай Бераставіцы. Працаваў у стылі барока на тэрыторыі Рэчы Паспалітай (Беласток, Гродна, Хорашч, Бераставіца, Варшава, Радзына, Тычын).
240 гадоў з дня нараджэння
Ельскага Казіміра Карлавіча (04.03.1782, в. Вялікія Эйсманты – 1867, Вільна), беларускага і польскага скульптара і архітэктара, першага прафесара скульптуры на Беларусі (1829), стваральніка партрэтнай галерэі выдатных вучоных Беларусі, Польшы і Літвы.
215 гадоў з дня нараджэння
Орды Напалеона (11.02.1807-26.04.1883), піяніста, кампазітара, педагога, мастака. У 1868 годзе бываў на Бераставіччыне, зрабіў замалёўкі сядзіб і краявідаў у Малай і Мураванай Бераставіцах, Кватарах, Масалянах, Вайцехаўшчыне, Клепачах і Красніку.
210 гадоў з часу акупіравання Бераставіччыны (канец чэрвеня 1812 г.) часцямі 400-тысячнай арміі Напалеона (часці корпуса саксонцаў пад камандаваннем генерала Ж.Л. Рэнье). Акупацыя прадаўжалася да снежня 1812 г.
190 гадоў з дня нараджэння
Казлоўскага Ігнація Якаўлевіча (1832, Заблудаў – 1898), ксяндза Вялікабераставіцкага касцёла ў 1862-1865 гг., аднаго з паплечнікаў Кастуся Каліноўскага па Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі (1862); з 1865 года перайшоў у праваслаўе і працаваў настаўнікам гісторыі і геаграфіі ў гарадах Расійскай імперыі: Пензе, Новаржэўску, Усць-Мядзведзіцку.
185 гадоў з дня нараджэння
Касакоўскага Станіслава Казіміра (03.07.1837, в.Вайткушкі Вількамірскага пав. (Літва) – 04.11.1905), дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Каралеўства Польскага, вядомага гісторыка і генеалога, уладальніка маёнтка ў Вялікай Бераставіцы, фундатара новага палацу Касакоўскіх у Вялікай Бераставіцы ў стылі рэнесанснага замка (не захаваўся). Казімір Касакоўскі першым апублікаваў тэкст Прывілея караля Аляксандра на землі Бераставіцкія ваяводзе А.І. Хадкевічу ў 1506 г. (Kossakowski S.K. Monografie historyko-geniealogiczne… T.1, W.- 1876).
160 гадоў з часу выхада ў свет першай беларускамоўнай газеты “Мужыцкая праўда” (1-ы нумар – ліпень 1862. Беласток). Усяго выйшла 7 нумароў у 1862-1863 гг. Газета друкавалася малым фарматам лацінскім шрыфтом. Адным з выдаўцаў газеты быў Фелікс Ражанскі (1838-1913), паэт, мемуарыст з Вялікай Бераставіцы, дзе працаваў землямерам у графа С.Ш Касакоўскага. Ф.Ражанскі разам з К.Каліноўскім распаўсюджваў “Мужыцкую праўду” на Бераставіччыне ў 1862-1863 гг.
160 гадоў з дня нараджэння
Плотнікава Івана Капітонавіча (1862-1918), гродзенскага інжынера і архітэктара, які ў 1907 годзе стварыў праект касцёла Пераўтварэння Божага, пабудаванага ў Вялікай Бераставіцы ў 1912 годзе на сродкі графа І.С. Касакоўскага(1866-1917) і яго жонкі Марыі Хадкевіч (1868-1965). Помнік архітэктуры неаготыкі.
130 гадоў з дня нараджэння
Шырмы Рыгора Раманавіча (20.01.1892, в. Шакуны Пружанскага р-на – 23.03.1978), беларускага харавога дырыжора, фалькларыста, музычнага і грамадскага дзеяча, публіцыста, Народнага артыста Беларусі (1949), Народнага артыста СССР (1955), заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1966, 1974), Героя Сацыялістычнай Працы (1977). У 1929-1930 гг. некаторы час жыў на Бераставіччыне, дзе запісаў народныя песні.
115 гадоў з дня нараджэння Валейка Веры Фамінічны (1907, в. Бераставічыны - ?), удзельніцы рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. З 1930 г. – член Бераставіцкага райкама КПЗБ, у 1936-1938 гг. – член Гродзенскага акружнога камітэта КПЗБ.
130 гадоў з дня нараджэння
Міхайліна Івана Пракопавіча (01.01.1892, Беламесная Слабада Тульскай вобл. – 23.06.1941), генерал-маёра, са студзеня 1941 г. – намесніка камандуючага Беларускай (Заходняй) Асобай Ваеннай акругі. Загінуў у першыя дні вайны каля вёскі Макараўцы Бераставіцкага раёна. Прах перапахаваны ў Вялікай Бераставіцы.
110 гадоў з часу адкрыцця ў в. Клепачы (1912) мужчынскага і жаночага народных вучылішчаў на базе будынка старога палаца “Сымфаны” графа Вінцэнта Тышкевіча (1756 – 1816). Палац – помнік сядзібнай архітэктуры, пабудаваны ў 1778 г. (не захаваўся).
110 гадоў з часу асвячэння (1912) новага
касцёла Пераўтварэння Божага ў Вялікай Бераставіцы па праекту гродзенскага архітэктара І.К. Плотнікава, помніка архітэктуры пач. ХХ ст., пабудаванага ў стылі неаготыкі. Фундатарамі з’явіліся ўладальнік маёнтка граф Юзаф Касакоўскі і яго жонка Марыя Хадкевіч.
95 гадоў з дня нараджэння Пракапец Браніславы Станіславаўны (1927-1986), Заслужанай настаўніцы Беларусі (1970). У 1951-1977 гг. працавала настаўніцай геаграфіі Вялікабераставіцкай сярэдняй школы, затым настаўніцай і дырэктарам Цецяроўскай (цяпер Пагранічнай) СШ.
95 гадоў з дня нараджэння
Марцінчык Валянціны Міхайлаўны (нар. у 1927 г., в. Кубельнікі), навукоўца, педагога, кандыдата сельскагаспадарчых навук (1971), дацэнта кафедры кармлення і фізіялогіі сельскагаспадарчых жывёл Гродзенскага аграрнага універсітэта.
90 гадоў з дня нараджэння
Хвясько Георгія Іосіфавіча (нар. у 1932 г., г.п. Вялікая Бераставіца), у 1976-1990-х гг. – намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама, курыраваў будаўніцтва ў вобласці.
90 гадоў з дня нараджэння
Жвалеўскай Кацярыны Антонаўны (нар. у 1932 г., в. Канюхі), заслужанага ўрача БССР (1979). З 1962 г. у Гродне: педыятр-метадыст аргмедаддзела Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы, інспектар па ахове здароўя дзяцей Гродзенскага аблздраўаддзела, галоўны педыятр вобласці (з 1970) і інш. Узнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
85 гадоў з дня нараджэння
Джонсан (Пясецкай) Барбары (25.02.1937, в.Станявічы Бераставіцкага раёна – 05.04.2013), мастацтвазнаўца, калекцыянера, філантропа, спадчынніцы амерыканскай кампаніі Johnson & Johnson, адной з багацейшых жанчын свету, з’яўлялася адным з галоўных спонсараў многіх дабрачынных фондаў ЗША і Еўропы.
85 гадоў з дня нараджэння
Губіча Віктара Аляксандравіча (1937-2005), заслужанага работніка культуры БССР (1980), з 1961г. –дырэктара Бераставіцкага РДК, у 1970-71 гг. – загадчыка аддзела культуры Бераставіцкага райвыканкама.
85 гадоў з дня нараджэння
Саланевіча Аляксея Уладзіміравіча (нар. у 1937 г., в. Жабры), вайскоўца, палкоўніка (1998), з 1977 г. выкладчыка, затым намесніка начальніка Тульскага вышэйшага артылерыйскага інжынернага вучылішча.
85 гадоў з дня нараджэння
Чушынскай (Калінінай) Клаўдзіі Уладзіміраўны (нар. у 1937 г., в. Падбагоннікі), доктара гістарычных навук (1990), прафесара (1992), у 90-х гадах намесніка загадчыка кафедры нацыянальных і федэральных адносін у Акадэміі дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі.
85 гадоў з дня нараджэння
Лукашыка Івана Аркадзевіча (нар. у 1937 г., в. Кавалі), навукоўца, электроншчыка, кандыдата фізічных навук. З 1959 г. працаваў ў вылічальным цэнтры БДУ імя Леніна. Аўтар 4-х вынаходстваў у галіне электронікі. 4 разы ўдзельнічаў у Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР.
80 гадоў з дня нараджэння Лагады Ігара Уладзіміравіча (нар. 18.02.1942 г., г.п. В. Бераставіца), навукоўца і педагога, з 1966 г. – выкладчыка Брэсцкага будаўнічага інсцітута (цяпер політэхнічнага ўніверсітэта) на кафедры вышэйшай матэматыкі.
80 гадоў з дня нараджэння
Койты Казіміра Канстанцінавіча (нар. 04.03. 1942 г., в. Макараўцы), беларускага філосафа, педагога, з 1972 г. выкладчыка кафедры філасофіі навуковага камунізму (з 1993 г. кафедры гуманітарных навук) Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта.
80 гадоў з часу стварэння на тэрыторыі Бераставіччыны пад час Вялікай Айчыннай вайны партызанскага атрада (в. Спудзвілы, сакавік 1942 г.) пад кіраўніцтвам капітана Васіля Аляксеевіча Васільева (1908-1992). У 1943 г. партызанскі атрад быў рэарганізаваны ў партызанскую брыгаду імя В.І.Леніна, якой кіраваў В.А. Васільеў у 1943/44 гг.
75 гадоў з дня нараджэння
Белашэўскага Анатоля Аляксеевіча (нар. у 1947 г., в. Рудаўляны), беларускага палітычнага дзеяча, генерал-маёра міліцыі, заслужанага работніка органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2004-2008). У 1994-2004 гг. – начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама.
75 гадоў з дня нараджэння
Дарашкевіча Валерыя Мікалаевіча (нар. у 1947 г., в. Карпаўцы), навукоўца, кандыдата тэхнічных навук (1981). Працаваў у Інстытуце ядзернай энергетыкі АН БССР. З 1988 г. у Інстытуце радыёбіялогіі АН БССР. У 1990-94 гг. – намеснік дырэктара па навуковай частцы Беларускага дзаржаўнага праектнага інстытута ў Віцебску. З 1994 г. – у Кіеве.
75 гадоў з часу надання Вялікай Бераставіцы статуса гарадскога пасёлка (19 лютага 1947 г.), цэнтра Бераставіцкага раёна.
75 гадоў з часу адкрыцця ў Вялікай Бераставіцы раённай бібліятэкі (1947) на базе мясцовай хаты-чытальні, якая дзейнічала ў 1946-1947 гг. Першы дырэктар бібліятэкі – Чупрынская Эльвіра Міхайлаўна.
75 гадоў з дня нараджэння
Лукашыка Мікалая Ніканоравіча (нар. у 1947 г., в. Падбагоннікі), навукоўца, педагога, кандыдата сельскагаспадарчых навук (1984), дацэнта. З 1987 г. у Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце: дэкан факультэта аховы раслін (1990-1995), загадчык кафедры аховы раслін (з 1996 г.).
75 гадоў з дня нараджэння
Шышкіна Віктара Мікалаевіча (02.01.1947, г.п.Вялікая Бераставіца - 05.04.2007), навукоўца, педагога, кандыдата хімічных навук (1978). У 1976-2006 гг. дацэнт, загадчык кафедры арганічнай хіміі Мардоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
75 гадоў з дня нараджэння
Хакала Алега Уладзіміравіча (1947, в. Ёдзічы – 2004), навукоўца, кандыдата тэхнічных навук (1978), Заслужанага вынаходніка СССР (1983).
75 гадоў з часу стварэння (1947) калгасаў у Вялікай Бераставіцы і вёсках Багдзюкі і Кавалі.
70 гадоў з пачатку будаўніцтва ў Вялікай Бераставіцы раённай бальніцы (1952).
70 гадоў з дня нараджэння
Матусевіча Аляксандра Аляксандравіча (нар. у 1952 г., г.п. Вялікая Бераставіца), вайскоўца, палкоўніка, кандыдата тэхнічных навук. З 1983 г. працаваў у Днепрапятроўскім вышэйшым зенітна-ракетным вучылішчы, з 1992 г. – намеснік начальніка кафедры ваеннай падрыхтоўкі Днепрапятроўскага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта чыгуначнага транспарту. У цяперашні час – прарэктар па вучэбнай рабоце Днепрапятроўскага нацыянальнага ўніверсітэта чыгуначнага транспарту імя акадэміка В. Лазарана ( з 2000 г.).
65 гадоў з часу стварэння ў раёне арганізацыі “Раён электрычных сетак” (РЭС) (1957).
60 гадоў з часу завяршэння будаўніцтва ў Вялікай Бераставіцы птушкафабрыкі (1962).
55 гадоў з часу адкрыцця ў Вялікай Бераставіцы (1967) першай у раёне дзіцячай музычнай школы. Першы дырэктар – Мікалай Мікалаевіч Кароль. (з 2007 г. – Дзіцячая школа мастацтваў).
55 гадоў з часу заснавання ў Вялікай Бераставіцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы (1967).
55 гадоў з часу адкрыцця манумента “Вязень, які рве путы” ў в. Лішкі (1967, бетон, выш. – 5 м). Скульптар – Павел Аксанавіч Цомпель (1933-1997).
50 гадоў з часу стварэння ў Вялікай Бераставіцы арганізацыі “Райпалівазбыт” (1972).
45 гадоў з часу ўтварэння ў Вялікай Бераставіцы цэха звадкаванага і прыроднага газу (Горгазу) (лістапад 1977 г.).
45 гадоў з часу ўтварэння ў Вялікай Бераставіцы раённай кінасеткі (чэрвень 1977 г., першы дырэкар – В. І. Кіслоў; з 1988 г. – кінавідэапрадпрыемтва).
45 гадоў з часу адкрыцця помніка С.В. Прытыцкаму (1913-1971). Бюст героя-падпольшчыка КСМЗБ выканаў скульптар А.І. Салятыцкі ў 1977 г. (Бетон, выш. – 1,6 м). Помнік усталяваны каля будынка Вялікабераставіцкай СШ, якой прысвоена імя С.В. Прытыцкага ў 1972 г. Помнік С.В. Прытыцкаму з’яўляецца адзіным у Гродзенскай вобл. і другім у Беларусі (першы – у Мінску).