У рамках раённай акцыі “Сімвалы незалежнасці, міру і стварэння” ў Вялікай Бераставіцы адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў бераставічан, каб наглядна і яскрава прадэманстраваць вернасць роднай краіне і гістарычнай памяці, імкненне захаваць і прымножыць дасягненні нашых продкаў.
Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь – гэта свята тых, каму дарагія і зразумелыя нашы агульныя каштоўнасці – гонар за краіну, жаданне працаваць дзеля яе росквіту, любоў да сваёй зямлі, сям’і, родных.
Усе прысутныя разам з артыстамі ўрачыста выканалі Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.
Са словамі віншавання да бераставічан звярнуліся старшыня райвыканкама Дзмітрый Кадргулаў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Антон Кулісевіч.
Вучні Вялікабераставіцкай СШ зачыталі клятву на вернасць краіне і яе нацыянальным сімвалам.
Прадстаўнікам моладзі Бераставіччыны былі ўручаны членскія білеты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
На ўрачыстасці новымі членамі папоўнілася і Бераставіцкае раённае аддзяленне Беларускай партыі “Белая Русь”.
Канцэртныя нумары ў выкананні работнікаў Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, дарослых і юных удзельнікаў аматарскай творчасці, узорнага хора “Кампанэллі” дзіцячай школы мастацтваў былі напоўнены шанаваннем гераічнай гісторыі свайго народа, любоўю да роднай зямлі і павагай да дзяржавы, якую разам мы будуем больш за 30 гадоў.
У фае раённага цэнтра культуры дзейнічала тэматычная кніжная выстава Бераставіцкай райбібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага і экспазіцыя творчых работ навучэнцаў мастацкага аддзялення Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў.
Больш здымкаў ТУТ