Работнікі клубных устаноў культуры спасцігалі сакрэты саломапляцення на семінары-практыкуме па традыцыйных рамёствах “Дзівосы беларускай саломкі”.
Прысутныя акунуліся ў гісторыю рамяства саломапляцення, пазнаёміліся з яго ўвасабленнем на Бераставіччыне і з захаваннем на ўзроўні краіны і ў свеце, папоўнілі сваю метадычную скарбонку прыкладамі выкарыстання вырабаў з саломкі пры правядзенні народных святаў і абрадаў, у гуртковай дзейнасці. Носьбіт рамяства, загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Тамара Касьян правяла майстар-клас па стварэнні саламянага анёлка – традыцыйнай беларускай цацкі-абярэга.
Рамяству пляцення з саломкі не адна тысяча гадоў. Перыядам найвышэйшага ўзлёту беларускага саломапляцення лічыцца канец ХVIII-пачатак XIX стагоддзя. У гэты час на беларускім Палессі склалася лакальная мастацкая школа па стварэнні саламяных іканастасаў для праваслаўных цэркваў. Беларускімі майстрамі была створана ўнікальная ў гісторыі мастацтва практыка саламяных Царскіх брам, некалькі ўзораў якіх захаваліся да нашых часоў.
Новы ўзлёт у гісторыі беларускага саломапляцення пачаўся ў 1960-я гады. З гэтага часу саломапляценне стала інтэнсіўна ўзбагачацца новымі прыёмамі пляцення. Родапачынальніцай сучаснага саломапляцення стала Вера Гаўрылюк (1904-1986). Вера Ільінічна стала заснавальніцай мастацкага промыслу на Брэсцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў.
Сёння саломапляценне, якое страціла сваё першапачатковае побытавае і рытуальнае прызначэнне, захоўваецца сучаснікамі як каштоўная культурная і духоўная спадчына і развіваецца ў новым увасабленні, дэманструючы багатую палітру сваіх дэкаратыўных уласцівасцяў. Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
– Беларусь – адна з нямногіх краін свету, дзе саломапляценне атрымала інтэнсіўнае сучаснае развіццё, – расказвае метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Анастасія Касьян. – У большасці развітых краін Заходняй Еўропы, Амерыкі, Азіі пляценне саломкі перайшло ў разрад хобі. У 2001 годзе майстры з Англіі, Амерыкі, Аўстраліі і Венгрыі наведалі Беларусь. Узровень работ беларускіх майстроў і мастакоў, якія працуюць з саломкай, быў расцэнены імі як эталон сучаснага мастацтва саломапляцення, якое захавала яркую нацыянальную індывідуальнасць. У 2022 годзе ў было прынята рашэнне аб уключэнні саломапляцення Беларусі ў Рэпрэзентацыйны спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Сёння беларуская саломка набыла значэнне нацыянальнага брэнду, мастацкія вырабы і сувеніры з саломкі беспамылкова асацыіруюцца з Беларуссю, сведчаць аб творчых здольнасцях і працавітасці беларусаў.
На Бераставіччыне саломапляценне прадстаўлена работамі майстра Тамары Касьян, якая прызнана носьбітам гэтага рамяства ў Гродзенскай вобласці. 20 гадоў жанчына стварае вырабы з саломкі, якія набылі рэгіянальны каларыт, і дасягнула ў справе высокага ўзроўню.
– Тамара Мікалаеўна ўдзельнічае ў шматлікіх раённых мерапрыемствах, выставах, фестывалях і кірмашах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, – адзначае метадыст па фальклору Святлана Здрадоўская. – Яна праводзіць майстар-класы па саломапляценні, каб зацікавіць саломкай моладзь, прадэманстраваць хараство і непаўторнасць саламяных вырабаў, пранесеныя праз стагоддзі нашымі продкамі. Да майстра прыходзяць гурткоўцы. Звесткі пра дзейнасць бераставіцкага майстра саломапляцення размешчаны ў выданні «Жывая традыцыя рамёстваў Беларусі», падрыхтаваным пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”.
Для даведкі. Са старадаўніх часоў саломка прымянялася ў якасці розных абрадавых вырабаў. На Каляды выраблялі саламяных павукоў, зоркі і ёлачныя цацкі, якімі ўпрыгожвалі жытло. Рабілі маскі казы, чорта, бусла, пудзіла каня, якія выкарыстоўвалі падчас абраду калядавання. У абрадзе гукання вясны ўжывалі невялікіх саламяных птушачак. На Вялікдзень таксама ўпрыгожвалі хату саламянымі павукамі, птушкамі. Велікодныя яйкі абклейвалі саломкай у тэхніцы аплікацыі і інкрустацыі. Перад Вялікаднём на Вербную нядзелю ўпрыгожвалі саломкай галінкі вярбы. Першы зажыначны і апошні дажыначны снапы, “барада” або “божая барада” – аздобленыя няжатыя каласкі, якія абавязкова пакідалі на полі, дажыначныя вянкі – таксама абрадавыя вырабы з саломы, як і саламянае жазло, лялькі дзяўчыны і хлопца з саломы на вяселле.
https://www.beresta.by/na-berastavichchyne-adby-sja-seminar-praktykum-dzivosy-belaruskaj-salomki/