Сёння ў Вялікай Бераставіцы – даўгачаканая і яркая падзея летняга сезону: тут праходзіць традыцыйнае брэндавае свята “Бераст-Фэст”. Сёлета яно прысвечана прыгажуні-вавёрцы – сімвалу Вялікай Бераставіцы. Вавёрка – гэта дзіўны і незвычайны звярок, які ўвасабляе не толькі багацце навакольнай прыроды, але і нашу ўстойлівасць і ўменне знаходзіць радасць у простых рэчах. Гэтак жа, як вавёрка збірае запасы, бераставічане збіраюць і захоўваюць багацце нашай культуры, традыцыі і каштоўнасці, перадаючы іх з пакалення ў пакаленне. Нездарма Бераставіцкі раён з году ў год з’яўляецца лепшым з лепшых у сельскай гаспадарцы. Гэта значыць, што тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы.
І сёння яны – прадстаўнікі працоўных калектываў Бераставіччыны – тэатралізаваным шэсцем «У каранях наша сіла» ў суправаджэнні духавога аркестра прайшлі галоўнай вуліцай райцэнтра да летняга амфітэатра, дзе і адбылося ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства.
Адкрыў фестываль гаспадар бераставіцкай зямлі, старшыня райвыканкама Дзмітрый Кадргулаў, які павіншаваў прысутных са святам і пажадаў усім добрага настрою і цудоўнага адпачынку.
Гаспадыня сённяшняга свята – Вавёрка – прапанавала Дмітрыю Рафаэльевічу выбраць арэх з прадказаннем для Бераставіцкага раёна на ўвесь будучы год. Раскалоўшы арэх, старшыня райвыканкама парадаваў бераставічан тым, што наш раён чакае залаты, багаты і ўрадлівы год. А фанфары і халодныя бенгальскія агні дадалі ўрачыстасці гэтаму моманту.
У гонар свята Дзмітрый Кадргулаў атрымаў ад вядучых мерапрыемства торт, упрыгожаны межамі Бераставіцкага раёну, якія не маюць перашкод для сяброўства, адзінства і росквіту.
Такі ж торт быў уручаны і старшыні Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў Паўлу Панкевічу.
Затым увазе прысутных былі прапанаваныя тэатралізаваныя блокі, у час якіх жыхарам і гасцям Вялікай Бераставіцы нагадалі загадкавыя і прыгожыя моманты з гістарычнага мінулага бераставіцкай зямлі. Артысты прадставілі легенду пра Бераста і Тавіцу, што лічацца заснавальнікамі нашага мястэчка, а таксама расказалі гісторыю з’яўлення герба Вялікай Бераставіцы, які ўпрыгожвае вавёрка з залатой каронай.
Яшчэ адзін блок — «Вавёрчыны пацехі» – запрасіў бераставічан атрымаць сапраўдную асалоду ад вавёрчыных забаў і далучыцца да займальных конкурсаў і гульняў, якія з’яўляюцца векавой традыцыяй нашага краю.
Не абышлося свята і без добрай песні – бераставіцкія артысты парадавалі гледачоў цудоўнымі канцэртнымі нумарамі, якія ўзнялі настрой усім прысутным.
https://www.beresta.by/pad-pokryvam-vavjorchynaga-gerba-u-vjalikaj-berastavicy-rachysta-adkry-sja-berast-fjest/Больш фота ТУТ