Разам мы – Беларусь! На Бераставіччыне адзначылі Дзень народнага адзінства
19.09.2025
Свята 17 верасня – Дзень народнага адзінства – на
Бераставіччыне адзначылі канцэртнай праграмай «Разам мы – Беларусь!».
Былі арганізаваны тэматычныя выставы музея Белкі, райбібліятэкі і
навучэнцаў мастацкага аддзялення Бераставіцкай школы мастацтваў.
Увесь канцэрт, які адбыўся на сцэне школы мастацтваў, быў напоўнены любоўю да роднай зямлі і гонарам за яе самаахвярны народ.
Вядучыя ўрачыстасці нагадалі землякам аб важнасці даты 17 верасня ў
сучаснай гісторыі нашай краіны і аб тым, што падзеі, якія садзейнічалі
нашаму раз’яднанню, у той жа час, дапамаглі нам за мінулыя гады
сфарміраваць сваю ідэнтычнасць і яшчэ больш палюбіць сваю радзіму.
Гаворачы аб Дні народнага адзінства, можна адзначыць, што дзеля
гэтага свята многія пакаленні беларусаў дастойна пранеслі сваю ідэю аб
свабоднай і квітнеючай зямлі, і сёння мы павінны з павагай ставіцца да
іх ідэалаў.
Адноўленае адзінства з заходнімі абласцямі нашай краіны ў 1939 годзе
стала пачаткам фарміравання новага этапу самасвядомасці беларускага
народа. І гэтую гістарычную памяць нам неабходна захоўваць.
Вакальныя нумары калектываў і салістаў Бераставіцкага раённага цэнтра
культуры і народнай творчасці, Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў,
прыгожы тэатралізаваны пралог былі прысвечаны сімвалам нашай рэспублікі
– яе мілагучнай мове, яе песнярам, якія ўславілі прыгажосць і веліч
беларускай зямлі, яе абаронцам, якія падаравалі нам свабоду і
незалежнасць, і яе народу, які сваёй працай і клопатам штодня робіць
Беларусь прыгажэйшай.
Лірычныя песні на роднай мове і аб роднай зямлі падарылі
бераставічанам радасны настрой і ўпэўненасць у тым, што толькі разам мы –
Беларусь.