Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Запрашэнне ў Рэзідэнцыю бераставіцкага Дзеда Мароза, сэлфі з Лесавіком і Кікімарай. У раёне працуе пошта Бераст-Зюзі

13.12.2024
Запрашэнне ў Рэзідэнцыю бераставіцкага Дзеда Мароза, сэлфі з Лесавіком і Кікімарай. У раёне працуе пошта Бераст-Зюзі

Пошта Бераст-Зюзі, ці бераставіцкага Дзеда Мароза, актыўна працуе вось ужо другі тыдзень. Памочнікі міфалагічнага ўладара халадоў Лесавік і Кікімара наведваюць установы адукацыі раёна, каб асабіста ўручыць лісты-запрашэнні дзецям, якія збіраюцца наведаць рэзідэнцыю Бераст-Зюзі і Спадарыні Завеі. Уручана ўжо звыш трохсот лістоў.

Казачная рэзідэнцыя размешчана на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера “Бераставіцкі”. Кожны год сюды прыязджаюць шматлікія экскурсійныя групы. І не толькі з нашага раёна, але і па-за яго межаў.

Сёлета сядзіба бераставіцкага Дзеда Мароза расчыніць свае дзверы 16 снежня. Наведвальнікаў чакае анімацыйная праграма “Зюзя і таямніцы казачнага лесу”, напоўненая прыгодамі, чараўніцтвам і сустрэчай з каларытнымі навагоднімі персанажамі.  

Імянны ліст-запрашэнне ад гаспадара рэзідэнцыі дорыць дзецям радаснае прадчуванне свята і служыць прыемным сувенірам на памяць аб наведванні казачнай сядзібы.

 У вобразах памочнікаў Бераст-Зюзі – Лесавіка і Кікімары лісты-запрашэнні ўручаюць пачаткоўцам раёна супрацоўнікі Бераставіцкай райбібліятэкі. Яны расказваюць дзецям пра рэзідэнцыю і яе насельнікаў, суправаджаючы сустрэчы навагодняй гульнявой праграмай.

Атрымаць маляўнічае запрашэнне з рук казачных персанажаў, зрабіць з імі сэлфі і перадаць фота-прывітанне для Бераст-Зюзі дзецям прыемна і радасна.  А неўзабаве іх чакае яшчэ больш яскравых эмоцый – займальная экскурсія ў навагоднюю казку, дзе жыве бераставіцкі Дзед Мароз.

Святлана Ганчарова, фота аўтара

© Бераставiцкi раённы выканаўчы камітэт, 2024.