Жыхарка Бераставіцкага раёна ўзнагароджана ордэнам Маці
14.10.2025
Дзень маці стаў двайным святам для жыхаркі аграгарадка Пархімаўцы Алены Сакалоўскай. У гэты дзень яна ва ўрачыстай абстаноўцы атрымала ордэн Маці.
Уручыць ордэн Маці ў кантору КСУП “Пархімаўцы”, куды запрасілі мнагадзетную маму, прыехаў старшыня Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык. Міхаіл Віктаравіч павіншаваў усіх прысутных жанчын з Днём маці, пажадаў ім здароўя, шчасця і дабрабыту. Асаблівыя словы ўдзячнасці за нялёгкую мацярынскую працу ён скіраваў, вядома ж, Алене Сакалоўскай і ўручыў ёй кветкі і заслужаны ордэн Маці.
Алена Славянінаўна да выхаду ў адпачынак па догляду за дзіцём працавала аператарам машыннага даення на ферме “Канчаны” ў КСУП “Пархімаўцы”. У яе сям’і нарадзілася і выхоўваецца пяць дзяцей. Старэйшаму сыну Уладзіславу 22 гады, ён ужо жанаты, жыве асобна і мае сваю дачку, дачцэ Карыне 17 гадоў, яна вучыцца ў гуманітарным каледжы, Даша – дзевяцікласніца, трохгадовы Сямён ходзіць у дзіцячы сад, а малодшаму Паўлу год і шэсць месяцаў, ён падрастае і выхоўваецца дома, з мамай.
— Атрымаць ордэн Маці для мяне вялікае хваляванне і гонар, — адзначыла Алена Славянінаўна, — я рада, што дзяржава не забывае мнагадзетныя сем’і і аказвае нам неабходную падтрымку, а мы, у сваю чаргу, будзем старацца выхаваць нашых дзяцей годнымі грамадзянамі.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара