Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Гісторыя

Бераставіцкі раён, як і любы іншы раён Беларусі, мае сваю багатую гісторыю. Як сведчаць гістарычныя раскопкі, людзі ў гэтай мясцовасці жылі ўжо ў 2-м тыс. да н. э., а паселішча на месцы Вялікай Бераставіцы ўжо існавала і ў XII ст.

Вялікая Бераставіца – гарадскі пасёлак, цэнтр раёна.

Бераставіцкі раён размешчаны на захадзе Гродзенскай вобласці, які быў утвораны 15 студзеня 1940г., як Крынкаўскі, а 20 верасня 1944г., як Бераставіцкі. Мяжуе з Рэспублікай Польшча, Гродзенскім, Мастоўскім, Ваўкавыскім і Свіслацкім раёнамі. На тэрыторыі раёна размешчаны 4 памежныя заставы, кантрольна-прапускны пункт, мытны пост «Бераставіца» Гродзенскай рэгіянальнай мытні. Па дадзеных раённага аддзела статыстыкі апошняга перапісу насельніцтва, у раёне пражывае 70% беларусаў, 21,7% палякаў, 5,8% рускіх, 1,24% украінцаў, 1,26% прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей.

У раёне размешчана 16 культавых аб'ектаў, дзевяць з якіх належаць праваслаўным абшчынам, а сем – каталіцкім.

Бераставіччына мае шматвяковыя гісторыка-культурныя традыцыі, якія працягваюцца сёння і перадаюцца нашчадкам.

Культурна-гістарычная спадчына раёна прадстаўлена помнікамі архітэктуры XIX-XX ст.ст. У гарадскім пасёлку размешчаны старажытны архітэктурны помнік XVII ст. — касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. Дзейнічаюць храмы: Свята-Мікалаеўская царква (1868 г.) і касцёл Праабражэння Гасподняга (1912 г.). Захаваліся і помнікі архітэктуры: Эйсмантаўскі касцёл Яна Непамука, Масалянская Свята-Раства-Багародзіцкая царква, царква (1860 г.) у. в.Гарбачы, Макараўскі касцёл Узвышэння Святога Крыжа, Свята-Крыжаўзвіжанская царква (2-я пал. ХІХв.) у в. Клепачы, Свята-Пакроўская царква (1871г.) у аг. Алекшыцы і многае іншае.


Касцёл Яна Непамука ў аг. Вялікія Эйсманты

Храм пабудаваны ў 1849-1850гг. Архітэктурная стылістыка прамавугольнага храма з кубападобнай апсідай і сакрыціямі вызначаецца эклектычным спалучэннем класіцыстычных і гатычных рэмінісценцый - 4-х калонны дарыйскі порцік галоўнага фасада суседнічае з гатычнымі спічастымі аконнымі праёмамі бакавых пласкасных фасадаў. Па баках уваходнага партала арачныя нішы. Магутны 3-вугольны франтон 2-схільнага даху запоўнены прамянямі кампазіцыі «Усёведны Вачэй».


Свята-Раства-Багародзіцкая царква

Знаходзіцца храм на паўднёвай ускраіне аг.Масаляны, які быў пабудаваны ў 1796 годзе з каменя. Помнік архітэктуры позняга барока. Гэта высокі прамавугольны будынак з даўгаватай паўкруглай апсідай, якая ўяўляе аднанефны прамавугольны храм з двухсхільным дахам і двух'ярусным фасадам. Завяршае фасад 4-х гранная вежа-званіца.

Прастакутныя аконныя праёмы раўнамерна падзяляюць галоўны фасад, а лучковыя – бакавыя фасады. Сцены раздзелены пілястрамі са спрошчанымі капітэлямі, а за перагародкай у апсідзе створана тарцовая рызніца.


Капліца Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў аг. Масаляны

Капліца Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў аг. Масаляны размешчана ў паўночна-заходняй частцы вёскі, на беразе плантатары, насупраць былога палаца Біспінгаў. Пабудавана ў 1915 г., зачынена ў 1939 г., вернута вернікам і адбудавана ў 1991 г. Помнік усходне-экзатычнага напрамку архітэктуры мадэрна, якая вырашана прамавугольным у плане аб'ёмам з паўкруглай апсідай, над якой 2-х скатны дах. Фасад вырашаны прамавугольнымі гранёнымі пілонамі са спічастымі шпілямі ў завяршэнні. У канфігурацыі ўваходнага і аконных праёмаў выкарыстана гатычная арка-цюдор. Капліца дзейнічае і па сённяшні дзень.



Касцёл Святога Антонега

Касцёл быў узведзены ў Малой Бераставіцы ў 1851 годзе па хадайніцтве і фундацыі ўладальніка маёнтка памешчыка Антона Волхавыцкага (маршалак Сакольскага павета). Помнік архітэктуры позняга класіцызму з рысамі рэтраспектыўна-рускага стылю.

Пабудаваны ў выглядзе доўгага прастакутнага аб'ёму пад 2-схільнай страхой. Над галоўным фасадам на атыку ўзвышаецца каркасная 4-х гранная званіца з купальным пакрыццём.


Касцёл Праабражэння Гасподняга

Пабудаваны ў 1912 годзе. Ініцыятарам будаўніцтва храма быў граф Касакоўскі. Помнік архітэктуры неагатычнага стылю ўзвялі побач з рэзідэнцыяй Касакоўскіх. Фасад храма адрозніваецца дынамічнай, вертыкальна-накіраванай кампазіцыяй, якую завяршае 3-ярусная шатровая вежа-званіца.

Вертыкальнасць узмацняюць контрофорсы і стральчатыя вокны.



Царква Свяціцеля Мікалая Цудатворцы

Пабудавана ў 1860 годзе на месцы будынка драўлянай царквы, які ў 1860 годзе разабралі. У тым жа годзе пачалося будаўніцтва новай мураванай. У якасці будаўнічага матэрыялу для сцен выкарыстоўваўся камень. Званіца пабудавана ў 1882 годзе.

Праект складзены ў 1858 годзе архітэктарам Фардона. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.


Касцёл Візітацыі Дзевы Марыі

У самым цэнтры Бераставіцы знаходзіцца помнік мінулых стагоддзяў, касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі.

Бераставіцкі касцёл уяўляе сабой помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны ў 1615 годзе па фундацыі Віленскага каштэляна Гераніма Хадкевіча, роду якому належала Бераставіца і навакольныя яе зямлі.

Як было прынята ў тыя часы, касцёл стаў і сямейным некропалем, у якім хавалі прадстаўнікоў самых вядомых прозвішчаў у Вялікім княстве Літоўскім і Каралеўстве Польскім, першых і наступных уладальнікаў Бераставіцы: Хадкевічаў, Мнішкаў, Патоцкіх, Касакоўскіх.



Заезны двор

Помнік грамадзянскай архітэктуры з рысамі народнага драўлянага дойлідства.  Пабудаваны ў 2-й палове XIX ст. з дрэва. Знаходзіцца на вуліцы Чырвонаармейскай у Вялікай Бераставіцы. Цяпер жылы дом. Сцены ўмацаваныя вертыкальнымі сцяжкамі, вокны прастакутныя.

Галоўны фасад абабіты, завершаны высокім трохвугольным шчытом, дэкараваны фігурнымі сценамі. Да тыльнага баку фасада прымыкае гаспадарчы корпус, які ўтварае замкнёны ўнутраны двор.


Палац Касакоўскіх

Аўтарам праекта стаў архітэктар Юліюш Васюцынскі. Палацавы комплекс размяшчаўся на правым беразе рэчкі Береставічанка, дзе знаходзіцца раённая бальніца. Бераставіцкі палац быў пабудаваны з цэглы і меў два паверхі. Дах чатырохсхільны, накрыты чарапіцай. У фасаднай частцы знаходзіліся дзве востраканцовыя вежы, пакрытыя зверху ліставым жалезам, а на правым крыле будынка, па кутах, былі дзве меншыя вежы.

З тыльнага боку (ад парка і "чвараков", дзе жылі работнікі) непасрэдна да палаца была прыбудавана вялікая драўляная веранда, на якой Касакоўскія часта прымалі гасцей і арганізоўвалі фуршэты. У палацы былі багата аздобленыя інтэр'еры, знаходзіліся калекцыі палотнаў вядомых мастакоў, дарагая мэбля. Частка з іх была прывезена ў Бераставіцу перад продажам варшаўскага палаца.

У ваеннае ліхалецце палац гарэў, і яго канчаткова разабралі ў першыя пасляваенныя гады. Пры агульнай тагачаснай беднасці, адсутнасці будматэрыялаў цэглу з палаца выкарыстоўвалі пры ўзвядзенні жылых дамоў пасёлка, а таксама будынкі, дзе сёння знаходзіцца раённы аддзел міліцыі.

© Бераставiцкi раённы выканаўчы камітэт, 2024.