Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Краязнаўчы каляндар Бераставіччыны

Краязнаўчы каляндар на 2022 год створаны на аснове кнігі “Памяць” Бераставіцкага раёна, “Летапіснай хронікі Бераставіччыны”, тэматычнай папкі “Знакамітыя людзі Бераставіччыны”, фактаграфічнай картатэкі “Славутыя імёны Бераставіччыны”. Папка і картатэка змяшчаюць звесткі энцыклапедычных выданняў: Беларуская энцыклапедыя: У 18 т..-Мінск.: БелЭн., 1996-2004; Республика Беларусь: энцыкл.: в 6 т. - Минск.: БелЭн., 2005-2008; Беларусь: энцыкл. давед.- Мінск: БелЭн., 1995; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Мінск.: БелЭн., 1993-2003; Культура Беларусі: энцыкл.: у 6 т.- Мінск: БелЭн., 2010-2015; Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Х-ХІХ стст.: энцыкл. давед.- Мінск.: Бел.Эн., 1995; Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т.- Мінск.: БелСЭ, 1984-1987; Беларускія пісьменнікі: Бібліягр. слоўн.: у 6 т.- Мінск.: БелЭн., 1992-1995; Тэатральная Беларусь: энцыкл.: у 2 т. – Мінск: БелЭн., 2002 – 2003; Беларускі фальклор: энцыкл.: у 2 т.- Мінск: БелЭн., 2005-2006; Народная культура Беларусі: энцыкл. давед.- Мінск: БелЭн., 2002; Спортивная энциклопедия Беларуси.- Минск: БелЭн., 2005; Туристическая энциклопедия Беларуси. – Минск, 2007; Пяткевіч, А. Людзі культуры з Гродзеншчыны: давед. / Аляксей Пяткевіч.- Гродна, 2000; Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т.9. Гродзенская вобласць. Кн.1/ рэдкал.: У.У. Андрыевіч [і інш.]; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры; Выдаведства “Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі”.- Мінск : Беларус. Энцыкл. Імя П. Броўкі, 2015; Книга героев Гродненской области.- Гродно, 2005; Культура Гродзеншчыны: Факты. Падзеі. Асобы.- Мінск, 2014; Ермоленко, В.А. 400 имен: жизнеописания видных деятелей истории и культуры Гродненщины / В.А. Ермоленко, В.Н. Черепица.- Гродно, 2014; Гостев, А.П. Известные уроженцы Гродненской области / А.П. Гостев.- Гродно, 2016,   а таксама матэрыялаў з электронных рэсурсаў.
Адбор юбілейных дат рабіўся ў адпаведнасці са значнасцю для гісторыі, эканомікі і культуры краю. Для персаналій юбілейнымі вырашана лічыць: 60, 65, 70 ... і далей гадоў. Указваюцца сувязі дзеячаў з Бераставіччынай. Даты даюцца па новаму стылю, геаграфічныя аб’екты – згодна сучаснаму адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму дзяленню.
Спадзяёмся, што наш каляндар будзе карысным і цікавым для шырокага кола чытачоў, краязнаўцаў,   бібліятэкараў і ўсім тым, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю. 
475 гадоў з дня нараджэння Стрыйкоўскага Мацея (1547 – каля 1590), польскага гісторыка, паэта, удзельніка Ульскай бітвы 1568 г., падчас якой пазнаёміўся з вялікім гетманам ВКЛ Рыгорам Хадкевічам, уладальнікам Вялікай Бераставіцы. У 1570-х гг. наведаў бібліятэку Хадкевічаў у Вялікай Бераставіцы для напісання сваёй знакамітай “Хронікі Польскай, Літоўскай, Жамойцкай і Усяе Русі” (1582).





370   гадоў з дня смерці Хадкевіча Крыштафа (каля 1590 – 1652), ваяводы віленскага, уладальніка Вялікай Бераставіцы (1617 г.). Вядомы як фундатар касцёлаў у Петрыкаве (1638), бенедыктынык у Мінску (1633) і дамініканаў у Навагрудку (1637).









370   гадоў з часу будаўніцтва драўлянага палаца Хадкевічаў у Бераставіцы. Гэты помнік сядзібнай архітэктуры ХVІІ ст. існаваў на правым беразе р. Бераставічанкі. Пабудаваны Крыштафам Хадкевічам і яго сынам Янам Казімірам каля 1652 г. Гаспадарчы двор меў уязную браму, флігель, свіран, скарбніцу. Палацавы комплекс загінуў у 1944 г. падчас Другой Сусветнай вайны (1939 - 1945).



 280   гадоў з пачатку аднаўленчых работ па будаўніцтву мураванага касцёла Звеставання Панны Марыі ў Вялікай Бераставіцы (1742), помніка архітэктуры позняга барока. Будаўніцтва фундаваў уладальнік мястэчка Юзаф Мнішак (1670-1747), кашталян кракаўскі, а завяршыў яго сын Ежы Аўгуст у 1768 г.



270 гадоў з дня нараджэння Патоцкай (Мнішак) Юзэфіны Амеліі (29.08.1752-1798), пісьменніцы-аматаркі і мастачкі, якая ў 1754 годзе стала правобразам вавёркі на месніцкім  бераставіцкім гербе, уладальніцы Вялікай Бераставіцы з 1774 года,  другой жонкі генерала кароннай артылерыі графа Патоцкага Станіслава Шчэнснага.






255 гадоў з дня нараджэння Пешкі Юзафа (1767-1831), польскага і беларускага мастака, партрэтыста, гістарычнага жывапісца і майстра гарадскога пейзажу. У 1793-1794 гг. мастак выканаў партрэты першых уладальнікаў Вялікай Бераставіцы з роду Касакоўскіх: Юзафа Дамініка і яго жонкі Людвікі. Партрэты захоўваліся ў бераставіцкім палацы Касакоўскіх.



245   гадоў з дня смерці Клема Яна Генрыка (каля1710-1777), нямецкага архітэктара, які  стварыў у 1754-1755 гг. праект ратушы ў Вялікай Бераставіцы. Працаваў у стылі барока на тэрыторыі Рэчы Паспалітай (Беласток, Гродна, Хорашч, Бераставіца, Варшава, Радзына, Тычын).






240 гадоў з дня нараджэння Ельскага Казіміра Карлавіча (04.03.1782, в. Вялікія Эйсманты – 1867, Вільна), беларускага і польскага скульптара і архітэктара, першага прафесара скульптуры на Беларусі (1829), стваральніка партрэтнай галерэі выдатных вучоных Беларусі, Польшы і Літвы.





215 гадоў з дня нараджэння Орды Напалеона (11.02.1807-26.04.1883), піяніста, кампазітара, педагога, мастака. У 1868 годзе бываў на Бераставіччыне, зрабіў замалёўкі сядзіб і краявідаў у Малай і Мураванай Бераставіцах, Кватарах, Масалянах, Вайцехаўшчыне, Клепачах і Красніку.   






210  гадоў з часу акупіравання Бераставіччыны  (канец чэрвеня 1812 г.) часцямі 400-тысячнай арміі Напалеона (часці корпуса саксонцаў пад камандаваннем генерала Ж.Л. Рэнье). Акупацыя прадаўжалася да снежня 1812 г.

190  гадоў з дня нараджэння Казлоўскага Ігнація Якаўлевіча (1832, Заблудаў – 1898), ксяндза Вялікабераставіцкага касцёла ў 1862-1865 гг., аднаго з паплечнікаў Кастуся Каліноўскага па Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі (1862); з 1865 года перайшоў у праваслаўе і працаваў настаўнікам гісторыі і геаграфіі ў гарадах  Расійскай імперыі: Пензе, Новаржэўску, Усць-Мядзведзіцку.








185 гадоў з дня нараджэння Касакоўскага Станіслава Казіміра (03.07.1837, в.Вайткушкі Вількамірскага пав. (Літва) – 04.11.1905), дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Каралеўства Польскага, вядомага гісторыка і генеалога, уладальніка маёнтка ў Вялікай Бераставіцы, фундатара новага палацу Касакоўскіх у Вялікай Бераставіцы ў стылі рэнесанснага замка (не захаваўся). Казімір Касакоўскі першым апублікаваў тэкст Прывілея караля Аляксандра на землі Бераставіцкія ваяводзе А.І. Хадкевічу ў 1506 г. (Kossakowski S.K. Monografie historyko-geniealogiczne… T.1, W.- 1876).




160 гадоў з часу выхада ў свет першай беларускамоўнай газеты “Мужыцкая праўда” (1-ы нумар – ліпень 1862. Беласток). Усяго выйшла 7 нумароў у 1862-1863 гг. Газета друкавалася малым фарматам лацінскім шрыфтом. Адным з выдаўцаў газеты быў Фелікс Ражанскі (1838-1913), паэт, мемуарыст з Вялікай Бераставіцы, дзе працаваў землямерам у графа С.Ш Касакоўскага. Ф.Ражанскі разам з К.Каліноўскім распаўсюджваў “Мужыцкую праўду” на Бераставіччыне ў 1862-1863 гг.









160 гадоў з дня нараджэння Плотнікава Івана Капітонавіча (1862-1918), гродзенскага інжынера і архітэктара, які ў 1907 годзе стварыў праект касцёла Пераўтварэння Божага, пабудаванага ў Вялікай Бераставіцы ў 1912 годзе на сродкі графа І.С. Касакоўскага(1866-1917) і яго жонкі Марыі Хадкевіч (1868-1965). Помнік архітэктуры неаготыкі.







130  гадоў з дня нараджэння Шырмы Рыгора Раманавіча (20.01.1892, в. Шакуны Пружанскага р-на – 23.03.1978), беларускага харавога  дырыжора, фалькларыста, музычнага і грамадскага дзеяча, публіцыста, Народнага артыста Беларусі (1949), Народнага артыста СССР (1955), заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1966, 1974), Героя Сацыялістычнай Працы (1977). У 1929-1930 гг. некаторы час жыў на Бераставіччыне, дзе запісаў народныя песні.




115  гадоў з дня нараджэння Валейка Веры Фамінічны (1907, в. Бераставічыны - ?), удзельніцы рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. З 1930 г. – член Бераставіцкага райкама КПЗБ, у 1936-1938 гг. – член Гродзенскага акружнога камітэта КПЗБ.

130  гадоў з дня нараджэння Міхайліна Івана Пракопавіча (01.01.1892, Беламесная Слабада Тульскай вобл. – 23.06.1941), генерал-маёра, са студзеня 1941 г. – намесніка камандуючага Беларускай (Заходняй) Асобай Ваеннай акругі. Загінуў у першыя дні вайны каля вёскі Макараўцы  Бераставіцкага раёна. Прах перапахаваны ў Вялікай Бераставіцы.







110  гадоў з часу адкрыцця ў в. Клепачы (1912) мужчынскага і жаночага народных вучылішчаў на базе будынка  старога  палаца “Сымфаны” графа Вінцэнта Тышкевіча (1756 – 1816). Палац – помнік сядзібнай архітэктуры, пабудаваны ў 1778 г. (не захаваўся).




110  гадоў з часу асвячэння (1912) новага касцёла Пераўтварэння Божага ў Вялікай Бераставіцы па праекту гродзенскага архітэктара І.К. Плотнікава, помніка архітэктуры пач. ХХ ст., пабудаванага ў стылі неаготыкі. Фундатарамі з’явіліся ўладальнік маёнтка граф Юзаф Касакоўскі і яго жонка Марыя Хадкевіч.






95  гадоў з дня нараджэння Пракапец Браніславы Станіславаўны (1927-1986), Заслужанай настаўніцы Беларусі (1970). У 1951-1977 гг. працавала настаўніцай геаграфіі Вялікабераставіцкай сярэдняй школы, затым настаўніцай і дырэктарам Цецяроўскай (цяпер Пагранічнай) СШ.

95 гадоў з дня нараджэння Марцінчык Валянціны Міхайлаўны (нар. у 1927 г., в. Кубельнікі), навукоўца, педагога, кандыдата сельскагаспадарчых навук (1971), дацэнта кафедры кармлення і фізіялогіі сельскагаспадарчых жывёл Гродзенскага аграрнага універсітэта.







90 гадоў з дня нараджэння Хвясько Георгія Іосіфавіча (нар. у 1932 г., г.п. Вялікая Бераставіца), у 1976-1990-х гг. – намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама, курыраваў будаўніцтва ў  вобласці.









90 гадоў з дня нараджэння Жвалеўскай Кацярыны Антонаўны (нар. у 1932 г., в. Канюхі), заслужанага ўрача БССР (1979). З 1962 г. у Гродне: педыятр-метадыст аргмедаддзела Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы, інспектар па ахове здароўя дзяцей Гродзенскага аблздраўаддзела, галоўны педыятр вобласці (з 1970) і інш. Узнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.






85 гадоў з дня нараджэння Джонсан (Пясецкай) Барбары (25.02.1937, в.Станявічы Бераставіцкага раёна – 05.04.2013), мастацтвазнаўца, калекцыянера, філантропа, спадчынніцы амерыканскай кампаніі Johnson & Johnson, адной з багацейшых жанчын свету, з’яўлялася адным з галоўных спонсараў многіх дабрачынных фондаў ЗША і Еўропы.






85 гадоў з дня нараджэння Губіча Віктара Аляксандравіча (1937-2005), заслужанага работніка культуры БССР (1980), з 1961г. –дырэктара Бераставіцкага РДК, у 1970-71 гг. – загадчыка аддзела культуры Бераставіцкага райвыканкама.







85 гадоў з дня нараджэння Саланевіча Аляксея Уладзіміравіча (нар. у 1937 г., в. Жабры), вайскоўца, палкоўніка (1998), з 1977 г. выкладчыка, затым намесніка начальніка Тульскага вышэйшага артылерыйскага інжынернага вучылішча.








85 гадоў з дня нараджэння Чушынскай (Калінінай) Клаўдзіі Уладзіміраўны (нар. у 1937 г., в. Падбагоннікі), доктара гістарычных навук (1990), прафесара (1992), у 90-х гадах намесніка загадчыка кафедры нацыянальных і федэральных адносін у Акадэміі дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі.






85 гадоў з дня нараджэння Лукашыка Івана Аркадзевіча (нар. у 1937 г., в. Кавалі), навукоўца, электроншчыка, кандыдата фізічных навук. З 1959 г. працаваў ў вылічальным цэнтры БДУ імя Леніна. Аўтар 4-х вынаходстваў у галіне электронікі. 4 разы ўдзельнічаў у Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР.







80 гадоў з дня нараджэння Лагады Ігара Уладзіміравіча (нар. 18.02.1942 г., г.п. В. Бераставіца), навукоўца і педагога, з 1966 г. – выкладчыка Брэсцкага будаўнічага  інсцітута (цяпер політэхнічнага ўніверсітэта) на кафедры вышэйшай матэматыкі.

80 гадоў з дня нараджэння Койты Казіміра Канстанцінавіча (нар. 04.03. 1942 г., в. Макараўцы), беларускага філосафа, педагога, з 1972 г. выкладчыка кафедры філасофіі навуковага камунізму (з 1993 г. кафедры гуманітарных навук) Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта.







80 гадоў з часу стварэння  на тэрыторыі Бераставіччыны пад час Вялікай Айчыннай вайны партызанскага атрада (в. Спудзвілы, сакавік 1942 г.) пад кіраўніцтвам капітана Васіля Аляксеевіча Васільева (1908-1992). У 1943 г. партызанскі атрад быў рэарганізаваны ў партызанскую брыгаду імя В.І.Леніна, якой кіраваў В.А. Васільеў у 1943/44 гг.






75 гадоў з дня нараджэння Белашэўскага Анатоля Аляксеевіча (нар. у 1947 г., в. Рудаўляны), беларускага палітычнага дзеяча, генерал-маёра міліцыі, заслужанага работніка органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2004-2008). У 1994-2004 гг. – начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама.





75 гадоў з дня нараджэння Дарашкевіча Валерыя Мікалаевіча (нар. у 1947 г., в. Карпаўцы), навукоўца, кандыдата тэхнічных навук (1981). Працаваў у Інстытуце ядзернай энергетыкі АН БССР. З 1988 г. у Інстытуце радыёбіялогіі АН БССР. У 1990-94 гг. – намеснік дырэктара па навуковай частцы Беларускага дзаржаўнага праектнага інстытута ў Віцебску. З 1994 г.  – у Кіеве.







75 гадоў з часу надання Вялікай Бераставіцы статуса гарадскога пасёлка (19 лютага 1947 г.), цэнтра Бераставіцкага раёна.






75 гадоў з часу адкрыцця ў Вялікай Бераставіцы раённай бібліятэкі (1947) на базе мясцовай хаты-чытальні, якая дзейнічала ў 1946-1947 гг. Першы дырэктар бібліятэкі – Чупрынская Эльвіра Міхайлаўна.




75 гадоў з дня нараджэння Лукашыка Мікалая Ніканоравіча (нар. у 1947 г., в. Падбагоннікі), навукоўца, педагога, кандыдата сельскагаспадарчых навук (1984), дацэнта. З 1987 г. у Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце: дэкан факультэта аховы раслін (1990-1995), загадчык кафедры аховы раслін (з 1996 г.).






75 гадоў з дня нараджэння Шышкіна Віктара Мікалаевіча (02.01.1947, г.п.Вялікая Бераставіца - 05.04.2007), навукоўца, педагога, кандыдата хімічных навук (1978). У 1976-2006 гг. дацэнт, загадчык кафедры арганічнай хіміі Мардоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.







75 гадоў з дня нараджэння Хакала Алега Уладзіміравіча (1947, в. Ёдзічы – 2004), навукоўца, кандыдата тэхнічных навук (1978), Заслужанага вынаходніка СССР (1983).








75 гадоў з часу стварэння (1947) калгасаў у Вялікай Бераставіцы і вёсках Багдзюкі і Кавалі.

70 гадоў з пачатку будаўніцтва ў Вялікай Бераставіцы раённай бальніцы (1952).




70 гадоў з дня нараджэння Матусевіча Аляксандра Аляксандравіча (нар. у 1952 г., г.п. Вялікая Бераставіца), вайскоўца, палкоўніка, кандыдата тэхнічных навук. З 1983 г. працаваў у Днепрапятроўскім вышэйшым зенітна-ракетным вучылішчы, з 1992 г. – намеснік начальніка кафедры ваеннай падрыхтоўкі Днепрапятроўскага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта чыгуначнага транспарту. У цяперашні час – прарэктар па вучэбнай рабоце Днепрапятроўскага нацыянальнага ўніверсітэта чыгуначнага транспарту  імя акадэміка В. Лазарана ( з 2000 г.).





65 гадоў з часу стварэння ў раёне арганізацыі “Раён электрычных сетак” (РЭС) (1957).





60 гадоў з часу завяршэння будаўніцтва ў Вялікай Бераставіцы птушкафабрыкі (1962).





55 гадоў з часу адкрыцця ў Вялікай Бераставіцы (1967) першай у раёне дзіцячай музычнай школы. Першы дырэктар – Мікалай Мікалаевіч Кароль. (з 2007 г. – Дзіцячая школа мастацтваў).




55 гадоў з часу заснавання ў Вялікай Бераставіцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы (1967).

55 гадоў з часу адкрыцця манумента “Вязень, які рве путы” ў в. Лішкі (1967, бетон, выш. – 5 м). Скульптар – Павел Аксанавіч Цомпель (1933-1997).








50 гадоў з часу стварэння ў Вялікай Бераставіцы  арганізацыі “Райпалівазбыт” (1972).





45 гадоў з часу ўтварэння ў Вялікай Бераставіцы  цэха звадкаванага і прыроднага газу (Горгазу) (лістапад 1977 г.).



45 гадоў з часу ўтварэння ў Вялікай Бераставіцы  раённай кінасеткі (чэрвень 1977 г., першы дырэкар – В. І. Кіслоў; з 1988 г. – кінавідэапрадпрыемтва).




45 гадоў з часу адкрыцця помніка С.В. Прытыцкаму (1913-1971). Бюст героя-падпольшчыка КСМЗБ выканаў скульптар А.І. Салятыцкі ў 1977 г. (Бетон, выш. – 1,6 м). Помнік усталяваны каля будынка Вялікабераставіцкай СШ, якой прысвоена імя С.В. Прытыцкага ў 1972 г. Помнік С.В. Прытыцкаму з’яўляецца адзіным у Гродзенскай вобл. і другім у Беларусі (першы – у Мінску).

                                            
© Берестовицкий районный исполнительный комитет, 2022.