Але калі ўладар падземнага агню ў добрым настроі, тады сагравае зямлю спакойным жыватворным цяплом. І тады буйным коласам наліваецца збажына, шпарка растуць дрэвы ў лясах і ў садах, добра гняздзяцца птушкі, здаровымі растуць дзеці... (Паводле “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”).
МЕМАРЫЯЛЬНАЯ ДОШКА НА ДОМЕ
На доме адной з цэнтральных вуліц Мінска - вуліцы Захарава - замацавана Мемарыяльная дошка з надпісам: "Тут жыў Ганаровы грамадзянін горада Мінска, Miнicтp прамысловага будаўніцтва БССР, Герой Сацыялістычнай Працы Іван Мацвеевіч Жыжаль". I тут жа яго барэльефны партрэт: твар адкрыты, па-сялянску мудры i добры, высокі лоб. Мемарыяльную дошку адкрывалі ў 1984 годзе, праз 12 гадоў пасля яго смерці . На ўрачыстай цырымоніі сабралася, вядома, больш за ўcix будаўнікоў, якія добра яго ведалі, паважалі, цанілі. Прысутнічала многа i творчай інтэлігенцыі: пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў. I нядзіўна... Іван Жыжаль з імі сябраваў, гадзінамі мог гаварыць аб літаратурных творах, спектаклях, фільмах.
Як казаў Ніл Гілевіч, "у тыя часы гэта быў, бадай, адзіны міністр, які свабодна мог размаўляць i выступаць на сакавітай беларускай мове, які чытаў навінкі літаратуры яшчэ ў часопісах, нягледзячы на сваю занятасць".
Сярод пісьменнікаў, з якімі ў яго ўсталяваліся сяброўскія ці проста добрыя адносіны, былі Якуб Колас, Mixacь Лынькоў, Максім Танк, Кандрат Kpaпiвa, Іван Мележ, Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак ды іншыя вядомыя постаці беларускай літаратуры.
І. М. Жыжаль вельмі любіў тэатр. Гэта любоў у яго праявілася яшчэ ў юнацтве, калі ўдзельнічаў у драматычным гуртку ў Мінскім клубе чыгуначнікаў. Гэту любоў пранёс да смерці . Можа таму ён дружыў з вядомымі артыстамі , такімі як Народныя артысты СССР Ларыса Александроўская і Барыс Платонаў, Лідзія Ржэцкая i Леанід Рахленка, Здзіслаў Стома i Стэфанія Станюта.
Што ж гэта быў за чалавек - член урада, дэпутат парламента, Міністр Іван Жыжаль з Сыраежак?
ЧАС НАРАДЖЭННЯ НЕ ВЫБІРАЮЦЬ...
Ваня Жыжаль ў дзяцінстве i юнацтве марыў быць машыністам паравоза. Гэтая мара ў яго зарадзілася, як кажуць, з малаком маці, а, правільней, перадалася ад бацькі. Нарадзіўся ён у вёсцы Сыраежкі ў сям’і беззямельнага селяніна, які служыў пуцявым абходчыкам на недалёкай чыгунцы. У сям’і было сямёра дзяцей, таму бацькоўскага заробку ледзь-ледзь хапала на харчаванне. У басаногім дзяцінстве Ваня мог гадзінамі назіраць за чыгункай i чакаць, калі па ёй праімчыць чарговы кур’ерскі цягнік на Варшаву, Парыж ці Пецярбург. I марыць аб вялікіх гарадах, магутных паравозах...
А ў жніўні 1914 года па гэтай чыгунцы пайшло на захад многа цягнікоў з людзьмі ў ваеннай форме і вінтоўкамі ў руках. Пачалася Першая сусветная вайна - ці як у вёсцы тады казалі – “вайна з германцам”.
Кур’ерскія цягнікі ўcтyпілi месца воінскім эшалонам, якія iшлi на захад, на фронт, i, бывала, затрымліваліся на мясцовым перагоне. I тады Ваня са шчымлівай асалодай слухаў невядомую дагэтуль яму песню "Салавей, салавей-пташачка" ці заліваўся горкімі слязьмі, калі на перагоне спыняліся цягнікі, якія ішлі ў адваротным напрамку - з захаду на ўсход. У іх, як правіла, ужо знаходзіліся забінтаваныя i перабінтаваныя салдаты, часта без рук ці ног. I песні ўжо былі іншыя - маркотныя i такія жаласлівыя, што дзіцячае сэрца захлыналася ад жалю да гэтых людзей.
У жніўні 1915 года фронт Першай сусветнай вайны пачаў прыбліжацца i да Гродзеншчыны. Дзесьці наверсе, у Пецярбургу, гаварылі нават, што сам цар прыняў такое рашэнне: "Усё насельніцтва эвакуіраваць у глыбокі тыл". Гісторыкі кажуць, што такога масавага перасялення людзей, як у 1915 годзе, не было ніколі. Выязджалі не тое, што сем’ямі - вёскамі. Падаліся ў так званае "бежанства" i жыхары вёскі Сыраежкі. Сям’я Жыжаляў апынулася на Урале, у Чэлябінску. Тут праз некаторы час ад тыфу памёр бацька. У пачатку 20-х гадоў "бежанцы" сталі вяртацца дамоў. Але родныя Сыраежкі, як i ўся Заходняя Беларусь, у 1921 годзе, паводле Рыжскага мірнага дагавору, адышлі да Польшчы. Таму сям’я вырашыла абсталявацца ў Мінску. Горад вялікі, авось знойдзецца якая-небудзь работа для ўcix. Асабліва быў рады такому рашэнню Іван - ён ужо даўно вырашыў стаць паравозным машыністам, ды i бацькаў запавет хлопчык добра памятаў, а Мінск якраз спрыяў гэтаму. Але да здзяйснення мары было яшчэ ой як далёка. Пятнаццацігадоваму юнаку, будучаму міністру, у 1921 годзе прыйшлося прыпісаць сабе 2 гады, каб яго ўзялі чорнарабочым на чыгуначную станцыю. Вялікай лапатай, цяжкім ломам i кіркай ён ачышчаў чыгуначныя пуці ад снегу i лёду, драіў керасінам паравозы, быў вучнем слесара. Словам, выбіраць не прыходзілася: патрэбна было зарабляць на кавалак хлеба...
НАШ ПАРАВОЗ ЛЯЦІЦЬ НАПЕРАД...
У 1922-23-х гадах у Мінску i ў іншых беларускіх гарадах ствараюцца шматлікія вучылішчы “ФЗО” (фабрично-заводского обучения), дзе вучылі многім рабочым спецыяльнасцям. У адну з такіх школ, дзе за 4 гады вучобы можна было атрымаць спецыяльнасць памочніка паравознага машыніста, i паступіў Іван Жыжаль. Гэта была добрая прыступка для здзяйснення сваёй мары - стаць машыністам. А яшчэ тут давалі месца ў інтэрнаце i кармілі. А песня "Наш поровоз вперёд лети...» была любімай песняй тагачаснага пакалення.
Пасля заканчэння рамеснага вучылішча (ФЗО) Іван спачатку слясарыў у дэпо, потым працаваў памочнікам машыніста. Паралельна з асноўнай работай у яго яшчэ быў адзін занятак: камсамолец Жыжаль - адным з першых у Мінску - стаў няштатным піянерскім важатым. Спачатку асцярожна, з аглядкай, хадзіў ён на першыя свае сустрэчы з амаль што беспрытульнымі хлопцамі з галодных рабочых акpaiн. Ды і тыя хуліганістыя падлеткі сустрэлі яго таксама насцярожана, яршыста. А праз некаторы час яны так зблізіліся, пасябравалі, што Ваня увесь свой вольны час аддаваў гэтай "дабрачыннай" рабоце. 3 яго атрада выйшлі ў самастойнае жыццё вучоныя, кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў i проста сумленныя рабочыя людзі. Як расказваў былы «падапечны» Жыжаля акадэмік архітэктуры Георгій Заборскі (нам удалося адшукаць яго ўспаміны), "важаты для нас быў сапраўдным аўтарытэтам. Менавіта з яго дапамогай бясконцае бадзяжніцтва па горадзе змянілася турысцкімі паходамі па наваколлях Мінска i займальнымі вечарамі каля турысцкага вогнішча, заняткамі спортам. А летам разам з важатым мы жылі ў палатках, праводзілі спартыўныя i ваенныя гульні. Нам па-сапраўднаму зайздросцілі нашы аднагодкі"...
У гэты час яшчэ адно захапленне, цi як цяпер гавораць “xoбi”, авалодала юнаком - ён па-сапраўднаму захапіўся паэзіяй і тэатрам. У вольную гадзіну, пасля рабочай змены, яны - моладзь 20-х гадоў - да хрыпаты ў голасе чыталі, абмяркоўвалі, спрачаліся аб вершах тады папулярных сярод моладзі паэтаў Сяргея Ясеніна, Аляксандра Блока, Уладзіміра Маякоўскага, Аркадзя Куляшова, Пятра Глебкі. Іван разам з іншымі сваімі сябрамі ў 1925 г. аддаў амаль усю стыпендыю, каб толькі трапіць на літаратурны вечар, у якім прымаў удзел Уладзімір Маякоўскі.
У сярэдзіне 1920-х пры клубе чыгуначнікаў пачынае працаваць драматычны гурток. Ваня Жыжаль з іншымі актывістамі драмгуртка набраліся смеласці, а можа крыху i нахабства, i звярнуліся да шырока вядомага ў той час драматурга i акцёра Уладзіслава Галубка з просьбай дапамагчы ім у арганізацыі драмгуртка. Знакаміты рэжысёр - сын чыгуначніка i сам былы чыгуначнік - хлопцам не адмовіў. Як потым ён жартаваў: “з-за пачуцця пралетарскай салідарнасці”. (У 1937 годзе Уладзіслаў Галубок быў беспадстаўна абвінавачаны ў нацыяналізме і рэпрэсіраваны. Застаецца здзіўляцца, як тагачасная рэпрэсіўная машына, запушчаная Яжовым, абмінула тых, хто быў у блізкix адносінах з рэжысёрам. Хаця, па праўдзе кажучы, абмінула далёка не ўсіх...)
Гартаем кнігу ўспамінаў "Адхінуўшы заслону часу" (Мінск, 1973 г.), якую напісала дачка рэжысёра Багуслава Галубок. Чытаем: «Доўгі час У.I. Галубок кipaваў драмгуртком пры клубе чыгуначнікаў. У гуртку займалася таленавітая моладзь... Памятаю, быў там вельмі здольны i працалюбівы, абаяльны i вельмі настойлівы хлопец Іван Жыжаль, якому ўдаваліся як гераічныя, так i камічныя ролі...»
Зазначым, што Галубок запрашаў здольнага гурткоўца ў прафесійны тэатр, але наш зямляк выбраў сабе іншую дарогу. У тэатр пайшлі яго сябры Уладзімір Дзядзюшка, Антон Згіроўскі i іншыя, якія сталі гонарам беларускага мастацтва. Але да канца cвaix дзён Іван Мацвеевіч любіў тэатр, сябраваў з мнoгiмi майстрамі сцэны.
У 23 гады збылася мара не толькі Івана, але ўсёй сям’і Жыжаляў - ён стаў машыністам. Але не думаю, што Іван доўга быў бы за рэверсам паравоза. Няўрымслівасць i кемлівасць, настойлівасць i працавітасць, напэўна, прывялi б яго ў аўдыторыі чыгуначнага ці палітэхнічнага інстытута. А потым з прафесійным ростам быў бы рост i па службе... Кім бы ён мог стаць - можна толькі меркаваць... Начальнікам дэпо, а можа i Міністрам чыгуначнага транспарту... А ён стаў Міністрам будаўніцтва... Але ж якое ж дачыненне мае прафесія машыніста паравоза да будоўлі заводаў i фабрык, шахтаў i Дамоў культуры? Сапраўды, якое?..
НАВУКУ ГРЫЗЛІ, ЯК ГРАНІТ ...
Можна сказаць, што жыццё кідала Івана Жыжаля з аднаго месца ў другое, што ён быў саломінкай у вірлівай плыні тагачасных імклівых падзей. Але гэта наўрад ці будзе адпавядаць ісціне i тагачаснай рэчаіснасці. Здаецца, больш правільным будзе зазначыць, што Іван Жыжаль, перафразіраваўшы таго ж Маякоўскага "жизнь брал за узду, не охал и не ахал..." А ўпарта iшoў наперад, выбраўшы для сябе ў гэтым імклівым і супярэчлівым часе ўстойлівыя маральныя арыенціры: чалавечнасць, справядлівасць, сумленная і самаадданая праца, служэнне людзям, Айчыне. Зазначым, што гэтыя самыя арыенціры былі ў праграме бальшавіцкай партыі, членам якой ужо тады стаў Іван Жыжаль.
У 1930-я гады ў Беларусі, як i ва ўciм CCCР, у сувязі з індустрыялізацыяй, будаўніцтвам новых заводаў, патрэбны былі інжынеры-будаўнікі. У Miнску для ix падрыхтоўкі адкрыўся інстытут, i ў Мінскае дэпо прыйшлі дзве пуцёўкі для паступлення ў яго. Адну з ix уручылі машыністу Івану Жыжалю. 3 таго часу вучоба ў інстытуце была яго важнейшым партыйным даручэннем. Як прызнаваўся пазней Іван Мацвеевіч, «шлях у новую прафесію быў не толькі выпадковым, але i цярністым». Праўда, аўтар гэтых радкоў наконт выпадковасці гатоў паспрачацца з самым Міністрам. Само сабой зразумела, што ў інстытут адбіралі найбольш здольных i тэхнічна граматных людзей. I, вядома, настойлівых, самаадданых. Іван Жыжаль якраз i адпавядаў гэтым чалавечым якасцям i партыйным патрабаванням. Таму выбар на яго выпаў не выпадкова, а заканамерна. А вось наконт “цярністасці” Іван Мацвеевіч, мусіць, праўду казаў. Будаўнічы інстытут, які ў хуткім часе стаў факультэтам у пaлiтэxнiчным інстытуце, патрабаваў саліднай падрыхтоўкі па матэматыцы i фізіцы. А яе ў рабоча-сялянскага хлопца не было, хоць ён i закончыў пасля рамеснага вучылішча яшчэ i вячэрнюю школу. Прыходзілася пачынаць спачатку, даганяць, сядзець цэлымі начамі над падручнікамі, формуламі i задачамі.
Немалаважным было i тое, што стыпендыя студэнта ў многа разоў была меншая, чым заробак машыніста. А Іван да гэтага часу ўжо жаніўся на прыгажуні 3іне, якая была са сваіх, чыгуначнікаў. А хутка, як i водзіцца, у маладых нарадзіўся сын. А ў бацькі - студэнцкая стыпендыя... Акрамя вучобы, прыйшлося ноччу i па выхадных днях грузіць i разгружаць вагоны. А тут яшчэ бяссонныя ночы з-за “сапрамата” i вышэйшай матэматыкі...
Не раз прыходзіла думка, як потым прызнаваўся Іван Мацвеевіч, вярнуцца на паравоз. Але партыйная дысцыпліна i “жыжалеўскі” характар перамаглі жаданне кінуць вучобу. Ды i 3іна, яго жонка, падтрымлівала як магла.
Іван Жыжаль закончыў інстытут, калі яму было ўжо амаль 30. Пачаў працаваць на будоўлях Мінска з пасады прараба. Ужо потым ён будзе гаварыць, што гэта пасада адна з важнейшых ва ўсёй будаўнічай iepapxii... I яго дзеці, Генадзь i Галіна, пасля заканчэння інстытута пачыналі з таго ж на будоўлях сталіцы. Але тады, у 1930-я, дзеці яшчэ былі малымі. А ў бацькі хутка праявіўся талент канструктара i праекціроўшчыка, і яго перавялі ў праектны інстытут. У 1938 годзе Іван Мацвеевіч быў прызначаны ўжо дырэктарам інстытута "Белпрампраект". Інстытут у той час праектаваў не толкі заводы i фабрыкі, але i абаронныя аб'екты. Сам дырэктар таксама дняваў і начаваў над чарцяжамі з грыфам “сакрэтна”.
«ВАЙНА – НЕ ФЕЙЕРВЕРК, А СМЯРОТНА НЕБЯСПЕЧНАЯ, ПЯКЕЛЬНАЯ РАБОТА...»
Так казаў аб вайне адзін з савецкіх паэтаў. У Івана Мацвеевіча на фронце гэта была сапраўды пякельная работа. Хаця ў каго яна была «райскай?»
Як ўжо адзначалася, да вайны рыхтаваліся... Сам Іван Мацвеевіч дняваў i начаваў над абароннымі праектамі з грыфам "сакрэтна". Але не падрыхтаваліся так, як хацелася.
Вайна для І.Жыжаля, як для ўcix людзей, пачалася нечакана. Бомбы пасыпаліся на Мінск ужо на другі дзень вайны. Пад бесперапыннай бамбёжкай прыйшлося тэрмінова эвакуіраваць інстытут. Тут было ўжо не да сям’і. Пакуль адправілі апошнія скрынкі з дакументацыяй i абсталяваннем, то самім ужо прыйшлося выбірацца хто чым мог. Да Барысава дабраўся на веласіпедзе... І калі там Іван Мацвеевіч з'явіўся на прызыўны пункт з просьбай аб накipaвaннi ў дзеючую армію добраахвотнікам, ваенны камісар катэгарычна адказаў: “У вас бронь...” А потым яшчэ i прыстрашыў трыбуналам: “У ваенны час праекціроўшчыкі таксама патрэбны, вунь колькі прадпрыемстваў эвакуіруецца ў глыбіню СССР...”
На спадарожных машынах дабіраўся Іван да Смаленска. Там усё ж такі ўдалося дабіцца свайго: добpaaxвотнік, малодшы лейтэнант І.М. Жыжаль быў залічаны ў пантонна-маставы батальён камандзірам узвода. Праўда, на ўвесь батальён, а ў ім было 800 чалавек, выдзелілі толькі 37 вінтовак, 5 аўтамашын i некалькі надуўных лодак. Як хочаш, так i ваюй...
А ваяваць ірваліся ўсе. 12 ліпеня, калі ўжо бai iшлi на подступах да Смаленска, батальёну пacтyпіў загад пакінуць для прыкрыцця адступлення 123 добраaxвотнікі, а астатнім пешым маршам ісці да Ельні.
- Хто хоча застацца - два крокі наперад! - падаў каманду камбат. I што вы думаеце?.. Ступіў наперад увесь строй, усе 800 чалавек. Памяць аб гэтым хвалюючым моманце вялікага патрыятызму Іван Жыжаль пранёс праз усё жыццё. Усе ж ведалі, што астаюцца на немінучую пагібель, i ўсё-такі гатовы былі астацца. (Вось ён, савецкі патрыятызм, з якога здзекваліся - ды здзекваюцца яшчэ і цяпер - усе, каму ні лянота).
Пад Смаленскам Івана не пакінулі. Яму давялося прымаць удзел у абароне Масквы, вучыць салдат i caмому вучыцца, як ставіць міны, узводзіць пераправы. Пасля вайны Іван Мацвеевіч нi раз успамінаў, як чуць не ўзляцеў ў неба разам са cваімі салдатамі з-за ўласнага промаху ў час заняткаў па падрыўной тэхніцы. Але ў хуткім часе беларускі будаўнік стаў высокакласным мінёрам, а заадно быў павышаны ў званні - лейтэнант, камандзір роты. А ўдалая аперацыя па мініраванні, у выніку якой у снежні 1941 года на мінным полі каля вёскі Акулава пад Масквой узарвалася адразу 6 танкаў, была адзначана нават у зводках камандавання.
З данясення камандуючага войскамі Заходняга фронту генерала арміі Г.К. Жукава І.В. Сталіну ад 8 снежня 1941 года (на мове арыгінала): "Подразделения наших сапёров противотанковые мины устанавливали иногда в непосредственной близости от танков противника. В бою у деревни Акулово немецкие танки на минных полях понесли большие потери...»
А вось што пісаў у кнізе "Дарогу адкрывалі сапёры" (М., 1983г) генерал-лейтэнант І. Л. Галіцкі (на мове арыгінала): "У деревни Акулово под огнём противника минные поля были установлены воинами сапёрной роты под командованием лейтенанта Ивана Жижеля. За этот подвиг И.М. Жижель был награждён орденом Красной Звезды, который я вручил ему..."
А праз некалькі дзён лейтэнант быў узнагароджаны вышэйшай салдацкай узнагародай - медалём "За адвагу" за навядзенне пад агнём праціўніка пераправы праз Масква-раку ў некалькі дзесятках кіламетраў ад сталіцы.
Колькі ён навёў пераправаў пад артылерыйскім i кулямётным агнём фашыстаў, вельмі часта па пояс у ледзяной вадзе, падлічыць цяжка. Колькі паставіў мінаў i абясшкодзіў ix - падлічыць наогул немагчыма. Колькі засталося на полі бою ці ў той ледзяной вадзе яго аднапалчан - таксама не пералічыць. Толькі за адзін ліпеньскі дзень 1942 года пры ўзвядзенні пераправы на Смаленшчыне яго батальён не далічыўся амаль 80 чалавек. Таму самай высокай узнагародай, падараванай воінскім лёсам, было тое, што ён вярнуўся з вайны жывым - так заўсёды лічыў Іван Жыжаль. А яшчэ ён вельмі ганарыўся працоўным ордэнам "Знак Пашаны", які таксама атрымаў на вайне, за наведзеныя пераправы i наладжаныя дарогі, за перавернутыя сотні кубаметраў зямлі.
САЛАЎІ, НЕ ТРЫВОЖЦЕ САЛДАТ...
У званні маёра, намеснікам камандзіра батальёна завяршыў ваенную службу Іван Жыжаль. Вярнуўшыся ў вызвалены Мінск, працаваў некаторы час у Дзяржплане. Два гады ўзначальваў аддзел будаўнічых матэрыялаў, настойліва дабіваўся аднаўлення цагельных i цэментных заводаў, наладжваў вытворчасць цэмента, цэглы, шкла, цвікоў, чарапіцы, а крыху пазней - i шыфера. Гэта пры яго актыўным удзеле у пасляваенны час сталі працаваць на Бераставіччыне ў вёсках Краснае i Знайдзіна цагельныя заводы. На ix адкрыццё прыязджаў у родны край і работнік Дзяржплана Іван Жыжаль з прадстаўнікамі абласных уладаў. А колькі было ў яго радасці, калі стала працаваць цагельня ў вёсцы Непарожнеўцы, пайшла першая дахоўка ў Канчанах.
Потым ноша таксама не лягчэйшая: тры з палавінай гады - галоўны інжынер “Галоўпрамбуда", i амаль паўтара - начальнік “Галоўсельбуда". "Уласна кажучы, - як успамінаў Іван Жыжаль, - гэта таксама была "перадавая". Толькі ў адрозненне ад франтавой за невыкананне задання пападалі не ў штрафны батальён, а ў Ciбip - на лесапавал..."
У 1951 годзе I.M.Жыжаль узначаліў галоўную будаўнічую арганізацыю па адбудове сталіцы “ГалоўМінскбуд". Адзін з тагачасных кipaўнiкoў Белаpyci М.С.Патолічаў, благаслаўляючы на гэту пасаду, ці то жартам, ці то ўсур'ёз, зазначыў: "Трэба будаваць Miнск так, каб яго прыгажосцю людзі са ўсяго свету любавацца ехалі... I для яго жыхароў горад быў вельмі ўтульным... Мы ж у цэнтры Еўропы жывём..."
Іван Мацвеевіч стараўся, забыўшыся пра адпачынак. Тады быў шасцідзённы рабочы тыдзень з адным выхадным - у нядзелю. I ў гэты адзіны выхадны - тысячы мінчан яшчэ выходзілі расчышчаць завалы ад бамбёжак. Сярод iх быў i ён...Жыжаль.
...А Мінск будаваўся. Цэнтральны праспект імя Сталіна ўпэўнена пашыраўся ў бок парка Чалюскінцаў, упрыгожваючыся новымі велічнымі будынкамі. Раслі гмахі трактарнага і аўтамабільнага заводаў, прыгожыя жылыя кварталы для ix рабочых. Толькі вось бяда, амаль усё на тагачасных будоўлях рабілася ўручную... Цэглу, бетонны раствор прыходзілася рабочым з зямлі насіць на насілках, у вёдрах, карзінах. З'яўленне на праспекце першага будаўнічага пад'ёмнага крана з доўгай стралой было вялікім цудам, на які паглядзець некалькі дзён збіраўся вялікі натоўп народу. У другой палове 1950-х стала працаваць у будаўніцтве лягчэй. На аб'ектах з'явіліся тыя ж пад'ёмныя краны, экскаватары, самазвалы. Але аб'ёмы будоўлі, вытворчая i сацыяльная значнасць аб'ектаў, ix профільная накіраванасць намнога ўскладніліся. Вось тады, ў 1955 годзе, па рэкамендацыі зноў жа таго самага М.С.Патолічава, Іван Мацвеевіч Жыжаль назначаецца Міністрам будаўніцтва БССР.
Трэба зазначыць, М.С.Патолічаў, 1-ы сакратар ЦК КПБ, у людзях разбіраўся добра. Хоць ён і быў кіраўніком сталінскай фармацыі, ён добра разумеў і патрабаванні часу, і змены ў палітычнай абстаноўцы. Калі пры ім гаварылі вядомы сталінскі афарызм “Кадры вырашаюць усё”, ён заўсёды дабаўляў “Асабліва нацыянальныя кадры, якія акрамя таго, што яны вырашаюць усё, яшчэ і ствараюць патрэбную творчую атмасферу, для вырашэння ўсяго...” Таму рабіў усё магчымае і немагчымае, каб адказныя пасады ў рэспубліцы займалі беларусы. Усё больш прыкметнымі ў той час становяцца асобы Кірыла Трафімавіча Мазурава, Пятра Міронавіча Машэрава, Ціхана Якаўлевіча Кісялёва, Васіля Іванавіча Казлова, Сяргея Восіпавіча Прытыцкага.
Новы Міністр з галавой акунуўся ў работу. На пачатку ён пастараўся аб’яднаць у адзіны механізм розныя будаўнічыя пляцоўкі. Атрымалася...
У 1958 годзе, М.С.Хрушчоў, які тады быў 1-м сакратаром ЦК КПСС і Старшынёй Савета Міністраў СССР, паставіў перад будаўнікамі задачу павысіць тэмпы жыллёвага будаўніцтва. У Беларусі, якой разам з Масквой было даручана апрабаваць новы метад жыллёвага будаўніцтва, пад кіраўніцтвам І.М.Жыжаля будаваліся заводы і камбінаты буйна панэльнага домабудаўніцтва, у якіх манціравалася купленае ў Францыі абсталяванне. Варта адзначыць, што дзякуючы яго намаганням, панэльныя дамы ў Мінску пачалі будавацца ў той жа час, як і ў Маскве. Гэта ўжо пазней іх назвалі “хрушчоўкамі”, а потым на іх абрушылася і хваля крытыкі. А ў той час, калі многія жыхары беларускіх гарадоў жылі ў бараках і камуналках, гэтыя “хрушчоўкі”, якія вырабляліся на заводах і хутка сабіраліся на будаўнічых пляцоўках, ашчаслівілі мільёны людзей. Менавіта І.М.Жыжаль быў гарачым і настойлівым паборнікам укаранення ў будаўнічую індустрыю Беларусі зборнага жалезабетону, які атрымаў шырокае прымяненне ў прамысловай вытворчасці будаўнічых матэрыялаў.
Гэты эфектыўны працэс будаўніцтва ў Беларусі меў немала-важнае значэнне для прыняцця ў пачатку 1960-х гадоў у Крамлі важнейшага палітычнага і эканамічнага рашэння: аб развіцці новай галіны беларускай прамысло-васці - хімічнай і тэкстыльнай, радыё-электроннай; аб будаўніцтве Гродзенскага азотнатукавага, Гомельскага суперфасфатнага, Мозырскаганафтаперапрацоўчага заводаў, Брэсцкага дывановага камбіната і г.д. На тым пасяджэнні ў Крамлі разам з іншымі прысутнічаў Іван Мацвеевіч. Просьбу Беларускага кіраўніцтва аб будаўніцтве гэтых прадпрыемстваў у Беларусі падтрымаў і Аляксей Мікалаевіч Касыгін, які тады ўзначальваў Дзяржплан, а з 1964 года і ўрад СССР.
Міністр, не марудзячы, узяўся за фарміраванне новых будаўнічых трэстаў. У іх набіраліся дзесяткі тысяч, як правіла, вясковых хлопцаў і дзяўчат, якіх патрэбна было навучыць будаўнічым спецыяльнасцям.
А час прыспешваў. Каля Полацка рос нафтахімічны комплекс. Недалёка ад Любані будаваўся новы горад беларускіх шахцёраў, які потым назвалі Салігорск. Буйнейшымі новабудоўлямі не толькі ў Беларусі, але і тагачасным СССР, былі Гродзенскі азотнатукавы, Мозырскі нафтаперапрацоўчы, Гомельскі суперфасфатны... Усяго і не пералічыць. І ўсюды патрэбна было быць, бачыць будаўнічы канвейер сваімі вачамі, аператыўна прымаць меры па ўхіленню недахопаў. Аўтару гэтых радкоў давялося пазнаёміцца ў архівах з пратаколамі пасяджэнняў Калегіі Міністэрства, якое значальваў І.М.Жыжаль, выязных планёрак ў Гродна, у Салігорску, з дакладнымі запіскамі Міністра ў ЦК КПБ, у Савмін БССР, у Маскву. Ва ўсім праглядваецца арганізатарскі талент, цвёрдая воляі настойлівасць у выкананні рашэнняў, глыбокае прафесійнае веданне сваёй справы. У працоўных калектывах Міністэрства клопат аб людзях стаў законам. Будаваліся кватэры для рабочых, на будоўлях арганізавалі гарачыя абеды. Частку іх кошту аплочвалі прадпрыемствы. Будаўнікі заахвочваліся і маральна, і матэрыяльна. Новабудоўлі станавіліся заводамі і фабрыкамі, сталі выпускаць прадукцыю.
...18 кастрычніка 1964 года ў 7.00 у кватэры Міністра раздаўся тэлефонны званок. Званіў
1-ы сакратар ЦК КПБ Кірыл Трафімавіч Мазураў. Ён першы ў той дзень павіншаваў І.М.Жыжаля з прысваеннем яму звання “Герой Сацыялістычнай Працы”.
Аўтару гэтых радкоў у 1997 годзе давялося гутарыць з Народнымі пісьменнікамі Беларусі Іванам Шамякіным і Нілам Гілевічам. Гэта было ў час падрыхтоўкі кнігі “Памяць”. Праўда, тады так і не ўдалося выкарыстаць іх успаміны. Словы Ніла Гілевіча ўжо прыводзіліся вышэй. А Шамякін у заканчэнне размовы зазначыў: “Гэта быў таленавіты будаўнік і здольны арганізатар. І сапраўдны інтэлігент, які тонка разбіраўся як у паэзіі, так і ў прозе, як у музыцы, так і ў жывапісу. Ён вельмі любіў людзей, Беларусь, добра ведаў яе гісторыю. Сваёй апантанасцю да работы, сваім інтэлектам, эрудыцыяй і інтэлігентнасцю ён быў падобны да Пятра Міронавіча Машэрава. Мне думаецца, што Жыжаль быў бы таленавітым і педагогам, і навукоўцам, і інжынерам. Ды і пісьменнік з яго мог атрымацца някепскі - у яго было добрае адчуванне мовы...”
Мог быць... Але Жыжаль стаў тым, кім стаў. Паэт казаў: “Час нараджэння не выбіраюць” ...Жыжаль таксама яго не выбіраў. Але час выбраў яго... І пранёс Іван Мацвеевіч скрозь гады не разбуральны, аб якім гаворыцца ў паданнях, а светлы, абаграваючы зямлю і людзей, агонь.
Яго цёплыя прамяні працягваюць саграваць жыхароў Мінска і Гродна, Салігорска і Полацка і многіх іншых гарадоў Беларусі. І нас, бераставічан, хто будаваўся са “знайдзінскай” цэглы ці рабіў дах з “канчанскай” чарапіцы... Вынікі яго працы засталіся нашчадкам.
І яшчэ адна добрая памяць засталася аб Жыжалю. Гэта вучылішчы будаўнікоў, якія арганізаваны па ініцыятыве Міністра ў многіх гарадах Беларусі. Ёсць такое вучылішча і ў Мінску (цяпер каледж), якому прысвоена імя Івана Мацвеевіча Жыжаля.
Тут ёсць і мемарыяльны музей Жыжаля, які ўжо перарастае рамкі мемарыяльнага і становіцца музеем будаўнікоў Мінска.
Тысячы юнакоў і дзяўчат атрымалі тут будаўнічую прафесію, “жыжалеўскую” маральную загартоўку і працягваюць яго высакародную справу: будуюць Мінск – сталіцу незалежнай беларускай дзяржавы – якім едуць палюбавацца тысячы турыстаў з усяго свету і пакланіцца Мінску, усёй Беларусі і яе жыхарам за ратны подзвіг у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Аўтар нарыса Мікалай Пацэнка, метадыст па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны раённага метадычнага цэнтра, Лаурэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь