(“Энцыклапедыя гісторыі Беларусі”, Мн., 2003г., т.6/2, стар. 56)
Яго ведала ўся Еўропа, аб ім складваліся песні i легенды, дружбай з ім ганарыліся манархі многіх краін. Яго ваеннымі поспехамі захапляліся i Рымскі Папа, i персідскі шах, i германскі імператар. Яго баяліся i паважалі ў Швецыі, у Турцыі, у Валахіі i іншых дзяржавах.
Нарадзіўся Ян Кароль Хадкевіч дзесьці каля 1560 года ў сям’і вядомага магната Вялікага Княства Літоўскага Яна Геранімавіча Хадкевіча. У юнацкія гады любіў падарожнічаць па прасторах Вялікага княства Літоўскага i каралеўства Польскага. I хаця Вялікая Бераставіца не належыла яго бацьку, але гэта была вотчына Хадкевічаў і, як сведчаць тыя ж гісторыкі, ён часта бываў тут, прыкіпеў душой да гэтых мясцін, да дзіўнай архітэктуры тутэйшага касцёла, драўляны будынак якога таямніча-загадкава ўзвышаўся на самым высокім узгорку тагачаснай Вялікай Бераставіцы, назва якой "Вялікая" так i засталася неразгаданай таямніцай на ўсё яго жыццё. Бываў ён у мястэчку i пасля таго, як на месцы драўлянага касцёла падняўся гмах мураванага, велічнасці i ўбранству якога маглі пазайздросціць многія гарады i мястэчкі не толькі Рэчы Паспалітай, але i многіх еўрапейскіх дзяржаў. Можа, таму было такім i яго завяшчанне, зразумелым для нямногіх i таямніча-загадкавым для ўcix астатніх.
Як i ўciм дзецям магнатаў, яму былі даступны для навучання лепшыя ўстановы Рэчы Паспалітай. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Вільні. Дзіўная рэч, але калі кароль Польскі i Вялікі князь Літоўскі Стэфан Баторый наведаў яго ў 1579г., у купцы навучэнцаў, якія віталі яго, ён упадабаў гэтага васемнаццацігадовага шляхціча i сказаў: “Быць яму вялікім воінам”. Як напрарочыў...
Як у свой час i яго бацька, Ян Кароль адправіўся пасля калегіума ў Заходнюю Еўропу. Бываў у Германіі, Англіі, Францыі, Італіі. Ваяваў у Нідэрландах пад началам герцага Альбы на баку іспанскага караля Філіпа II супраць гёзаў. Пасля быў на Мальце, знаёміўся з жыццём мальтыйскіх рыцараў. У 1592 г. ён атрымаў прывілей на жамойцкае стараства, як сведчаць тагачасныя летапісцы, у дзяржаўным жыцці нічым адметным не вылучаўся. Але сам час працаваў на яго.
У 1594 г. на Украіне падняліся казакі супраць польскай шляхты. Пагуляўшы па Валыні, яны рушылі на Палессе, занялі Петрыкавічы, Слуцк, Магілёў. "Мещан, бояр, людей учтивых так мужей, яко и жон, детей малых побил и, порубали, попоганили, скарбов тех незличоных побрали с храмов и из домов", - пісалася ў адным з твораў таго часу. (“Старажытная беларуская літаратура”. Мн. 1990г. С. 212). Два тыдні гаспадарылі ў Магілёве. Усіх, хто не cxіліў свае галовы перад казацкім атаманам, перабілі. Не было такога раней, каб казакі так па-зладзейску сябе вялі на землях Вялікага княства Літоўскага, наадварот, баранілі яго ад ворагаў. На ix уціхамірванне хадзіла некалькі атрадаў, але ўсе было дарэмна. Тады Вялікі гетман Крыштоф Радзівіл даручыў узначаліць паход Яну Каралю Хадкевічу, і мяцежнікі былі разбіты. Гэта быў першы яго вайсковы паход.
У 1599-1600 гг. ён удзельнічаў у барацьбе Рэчы Паспалітай за Малдавію супраць валашскага ваяводы Міхася Храбрага. У бітве з валахамі 20 кастрычніка 1600г. ваенны манеўр i нечаканая атака пад кіраўніцтвам Хадкевіча прынеслі ўдачу польска-ліцвінскаму войску. Пагроза на паўднёвай мяжы Рэчы Паспалітай была ліквідавана. Збывалася прароцтва Стэфана Баторыя - Ян Кароль Хадкевіч станавіўся воінам, ваеначальнікам... За перамогу ў Малдавіі ён атрымаў пасаду Польнага Гетмана Вялікага княства Літоўскага.
Але, бадай, найбольш удала раскрыўся яго талент як ваенаначальніка ў час шматгадовай вайны Швецыі з Рэчу Паспалітай за Лівонію ў 1600-1621 гг. Дарэчы, вайна са шведамі яго застала ў Ляхавічах, дзе ён займаўся будаўніцтвам мураванага палаца i царквы. I хаця ў Яна i была цяжкая траўма - зломана нага пасля рыцарскага турніру - ён выправіўся ў паход. Ехаў на брычцы, шлях пралягаў праз Бераставіцу, дзе ён з-за боляў у назе вымушаны быў прапыніцца. Праляжаў ён i ў Гродна некалькі дзён, змагаючыся з болем. "Пячэ ў левай назе пад каленам, нясцерпна баліць, хоць крыкам крычы", - пicaў ён жонцы. (“Карэспандэнцыя Яна Караля Хадкевіча”. Т.1. Варшава, 1875г., С.36). У 1601 г. пры актыўным удзеле Польнага Гетмана Яна Хадкевіча Крыштоф Радзівіл выйграў бітву са шведамі пад Кокенгаўзенам. Ян Кароль са сваім атрадам вызваліў Трэйдан і Зыгвалт, удзельнічаў у абароне Рыгі. 25 верасня 1601 г. з атрадам у 2300 воінаў каля мястэчка Белы Камень, недалёка ад Дэрпта, ён разграміў атрад шведаў i немцаў з 7300 чалавекаў, на месцы бітвы засталося каля дзвюх з палавінай тысяч загінуўшых ворагаў. У гэты час Хадкевіч пасля смерці Крыштофа Радзівіла назначаецца Вялікім Гетманам Вялікага княства Літоўскага.
Агульнаеўрапейскую славу і прызнанне заслужыў Вялікі Гетман Ян Хадкевіч пасля жорсткай кровапралітнай бітвы каля вёскі Кірхгольм у дзвюх мілях ад Рыгі, дзе ён 27 верасня 1603 г. з 7-ю тысячамі воінаў разбіў ушчэнт шведскае войска з 14 тысяч чалавек. Не зважаючы на небяспеку, Гетман праявіў асабістую мужнасць i смеласць, быў сам у гушчы бітвы, пастаянна рызыкуючы сваім жыццём. У гэтай бiтвe пацярпелі паражэнне, на полі бою загінула 9 тысяч чалавек. Свет быў уражаны подзвігам невялікага войска літвінаў.
Англійскі кароль прыслаў Хадкевічу каштоўныя дары, вiншaвaлi яго з перамогай турэцкі султан, пepciдcкi шах, германскі імператар. Нават Рымскі Папа Павел V праз свайго пасла перадаў Яну Хадкевічу віншаванне. 16 сакавіка 1609г. Вялікі Гетман у бiтве пад Пярнаў зноў атрымаў перамогу, захапіўшы ў шведаў два караблі з гарматамі. Хітры на выдумкі ён прыдумаў, як выкарыстаць іх. У англійскіх i галандскіх купцоў ён набыў яшчэ некалькі караблёў, узброіўшы іх трафейнымі гарматамі. У выніку ў літвінаў з'явіўся хаця і невялікі, але свой флот, а гэтага шведы ніяк не чакалі. Каля Шалца адбылася сутычка, у час якой, прымяніўшы ваенную хітрасць, Хадкевіч знішчыў два шведскія караблі, а астатнія прымусіў адступіць. 27 верасня таго ж года ў бітве каля Дынамюндэ ён зноў разбіў 14-тысячнае войска шведаў, праз некаторы час - 6 лістапада - зноў перамога над 6-цітысячным шведскім атрадам. Патрэбна асабліва падкрэсліць, што шведскае войска адпавядала патрабаванням таго часу, але вайсковы талент Хадкевіча апярэдзіў час. Ён абапіраўся на мабільнасць i манеўранасць, умела выкарыстоўваў асаблівасці мясцовасці, хутка i рашуча прымаў рашэнні i асабістай мужнасцю i смеласцю вёў за сабою воінаў.
Не сам выбірае сабе шляхі-дарогі ваеначальнік. Так склаўся лёс, што Я.К.Хадкевіч, уцягнуты ў клубок каралеўскіх інтрыг, на чале войска Рэчы Паспалітай увосень 1611г., летам 1612 г. i ўвосень 1617-18 гг. прымаў удзел у паходах на Маскву.
У гэтых ваенных акцыях, дзе яму давялося сутыкнуцца з кіраўнікамі Маскоўскага апалчэння Дзмітрыем Пажарскім i Кузьмой Мініным, Вялікі Гетман праявіў надзвычайны тактычны і стратэгічны талент i асабістую мужнасць. Але гэтыя паходы пацвердзілі яшчэ раз гістарычную ісціну: якім бы нi быў таленавітым ваеначальнік, якімі б ні былі мужнымі ягоныя воіны, але калі падняўся супраць іх народ, дык перамогі стануць паражэннем. Народ нельга перамагчы. Шкада, што гэтую ісціну давялося праверыць Яну Хадкевічу на сабе.
Але сапраўды вечную славу заваяваў Ян Хадкевіч сабе і Айчыне перамогай над войскам Турэцкай імперыі, якая была адной з мацнейшых дзяржаў як Еўропы, так і Азіі і Афрыкі і ўладанні якой раскінуліся на трох частках свету.
Пад яго кіраўніцтвам войска Рэчы Паспалітай у 1621г. каля замка Хацін (цяпер Украіна) разбіла полчышчы турэцкага султана Асмана II у вайне, якой, як пісаў тагачасны польскі гісторык
Я.Сабескі, “не бачылі і не памятаюць нашы сучаснікі”. Міф пра магутнасць туркаў развеяўся. Пад камандай Гетмана было амаль 40 тысяч чалавек, сярод якіх i асабісты полк Вялікага Гетмана - 3700 чалавек. Сярод ix былі воіны з ycix маёнткаў і мясцовасцей, якімі валодала сям'я Хадкевічаў. Можна з упэўненасцю сказаць, што там, як i ў вайне са шведамі і ў час маскоўскіх паходаў, былі i жаўнеры з Ляхавіч, Быхава, Вялікай Бераставіцы i іншых родавых маёнткаў Хадкевічаў. Войска Турцыі па колькасці намнога пераўзыходзіла войска Рэчы Паспалітай і складала, па турэцкіх звестках, 257000 чалавек. Калі ўлічваць, што дагэтага войска пад Хацін увесь час падыходзілі папаўненні, дык яно намнога перавышала прыведзеную туркамі лічбу і складала 300000 - 400000 чалавек. Праўда, на дапамогу Яну Хадкевічу ў апошні час прыйшлі запарожскія казакі - па адных звестках 48, па дpyгix - 30 тысяч чалавек.
Больш месяца - з 2 верасня па 8 кастрычніка – працягвалася Хацінская бітва. Як пісаў удзельнік бітвы, "забітых было так многа, што імі пакрылася ўся зямля". Толькі за 5 першых дзён на полі бітвы туркі страцілі 87 тысяч воінаў. Канешне, значныя страты былі i ў Войску Рэчы Паспалітай: "Неба гарэла, а паветра пачарнела ад дыму, дрыжала зямля, стагналі лясы, скалы разляталіся на кавалкі. Што ў гэты дзень бачыла вока, не апісаць ні на адной, ні на дзесяці старонках; нельга выказаць з якой лютасцю i мужнасцю, або хутчэй - задчаем біліся абодва бакі”, - пісаў Я.Сабескі
(Собесский Я. История Хотинского похода 1621г. Киев, 1896г. С.44). I ўсё ж, такі перамога была за Хадкевічам.
Хацінская бітва - гэта бітва народаў. З аднаго боку былі літвіны, палякі, жамойты, украінцы, немцы i г.д., а з другога - тypкi, арабы, татары, негры, грэкі, егіпцяне i іншыя падуладныя султану народы. Хацінская перамога стала закатам магутнасці Турэцкай імперыі. Міф пра яе магутнасць развеяўся, задума султана заваяваць палову Еўропы правалілася. Ваяўнічы меч Іслама абламаўся аб шчыт Хрысціянства. I гэты шчыт выпала трымаць літвіну Яну Каралю Хадкевічу. 24 верасня 1621 года Яна Хадкевіча не стала. Памёр ён на полі бітвы пад Хацінам, яшчэ незадоўга да смерці правёўшы апошні Ваенны Савет. Пакінуў гэты свет, як пісалі потым сведкі, ціха, i неяк неўзаметку. Вестка аб яго смерці дайшла да манархаў i да народаў шмат пазней. А ўвосень 1621 года было не дагэтага. Еўропа святкавала свае выратаванне ад турэцкага нашэсця. Пасля яго смерці, як сцвярджаюць польскія гісторыкі Нясецкі, Афтаназы i Касакоўскі, саркафаг з сэрцам, згодна апошняй просьбе памершага, пахавалі ў Вялікай Бераставіцы, якую ён вельмі любіў, часта бываў у ёй, у касцёле Прасвятой Дзевы Марыі, які ён вельмі паважаў, хаця меў у сваіх уладаннях шмат іншых прыгожых мясцін i не менш прыгожых храмаў.
Але так упадабаў ён новы храм і гэтае мястэчка з такім ласкавым жаночым імем Бераставіца, а легенда апавядае - не толькі мястэчка, але ўпадабаў i бераставічанку - што завяшчаў пасля смерці (ці пагібелі пад час бітвы) пахаваць яго сэрца ў саркафагу ў скляпеннях храма.
І цяпер, кажуць у народзе, адзін раз у год белая здань падымаецца над будынкам касцёла і ціха плыве над Бераставіцай. Гэта душа Гетмана Хадкевіча шукае сваю каханую бераставічанку. І хто ўбачыць гэта відовішча , той будзе дужым, смелым, каханым, шчаслівым. Ды толькі гэта бывае ў дзень нараджэння, а ён для гісторыкаў невядомы.
Аўтар нарысу Мікалай Пацэнка, метадыст па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці, Лаурэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.