27.02.2023
“Беларусь – мірная і стваральная краіна”. У Бераставіцкай райбібліятэцы дзейнічае кніжная выстава, прысвечаная Году міру і стварэння
“Беларусь – мірная і стваральная краіна” – назва кніжнай
выставы, якая дзейнічае ў абанементнай зале Бераставіцкай раённай
бібліятэкі. Экспазіцыя прысвечана Году міру і стварэння, аб’яўленага
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у мэтах кансалідацыі беларускага
народа, умацавання ў грамадстве ідэй міру і стваральнай працы як
галоўных умоў развіцця беларускай дзяржавы.
Жыхарка г. п. В. Бераставіца Раіса Хацько з’яўляецца шматгадовым
чытачом райбібліятэкі. У свой чарговы візіт жанчына пазнаёмілася з
літаратурай, прадстаўленай на выставе.
– Наша краіна – міралюбівая і працалюбівая , – кажа Раіса Іванаўна. – Выданні на кніжнай выставе пацвярджаюць гэта і, лічу, усім чытачам варта наведаць экспазіцыю.
– Бібліятэкі валодаюць вялікім патэнцыялам у галіне папулярызацыі
мірнай стваральнай працы, ідэй міру і згоды, які можа быць выяўлены
праз розныя формы работы , – расказвае дырэктар Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага Святлана Станкевіч. – Кніжныя
выставы – адна з такіх форм. Напрыклад, на выставе ў цэнтральнай
бібліятэцы прадстаўлена навукова-папулярная літаратура – энцыклапедычныя
і грамадска-палітычныя даведнікі, фотаальбомы, зборнікі, якія
распавядаюць пра дасягненні нашай краіны ў розных сферах жыцця
грамадства. Ёсць асобны падраздзел з выданнямі, якія ўшаноўваюць памяць
пра гераізм, мужнасць і стойкасць беларусаў падчас вызвалення ад
нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама знаёмяць чытачоў з фактамі
генацыду нашага народу. Шэраг твораў прысвечаны сучаснай нацыянальнай
ідэі і прынцыпам, якімі кіруецца Рэспубліка Беларусь у сваім развіцці і
міжнародных адносінах. Экспазіцыя робіць акцэнт і на моладзі, як
стваральнай моцы нашай краіны, а таксама на абаронцах нашай Радзімы,
якія стаяць на варце міру і спакою.
Галоўны сэнс экспазіцыі – успомніць тых, хто заваяваў права на
незалежнасць Беларусі самай дарагой цаной – цаной жыцця, пазнаёміць
чытачоў з дасягненнямі стваральнай працы нашага народа і з асноўнымі
акцэнтамі ідэалогіі беларускай дзяржавы, а таксама з гістарычным
мінулым, сучаснымі палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі і культурнымі
аспектамі жыцця Рэспублікі Беларусь.
Акрамя кніжна-ілюстрацыйных выстаў у райбібліятэцы і яе сельскіх
філіялах пройдзе шэраг іншых мерапрыемстваў у рамках Года міру і
стварэння, разлічаных у тым ліку і на юнага чытача. На працягу года
наведвальнікаў бібліятэчных устаноў чакаюць урокі патрыятызму, міру,
памяці і мужнасці, прававыя інфарміны, гістарычныя рандэву і экскурсы,
дыскусіі, інфармацыйныя гіды, дыялогі-разважанні, гульнявыя асарці,
краязнаўчыя падарожжы і іншыя пазнавальныя сустрэчы.
Святлана ГАНЧАРОВА, фота аўтара