13.08.2026
Бераставіцкія майстры ўзялі вышыню на фестывалі «Кераміка Крэва»
Ля магутных муроў старажытнага Крэўскага
замка прайшоў абласны фестываль-кірмаш «Кераміка Крэва». Адной з яркіх
кропак свята стаў падворак Бераставіцкага аддзела рамёстваў і
традыцыйнай культуры, які прывёз у Смаргоншчыну багатую праграму. Госці фестывалю мелі ўнікальную магчымасць не толькі палюбавацца
работамі бераставіцкіх умельцаў на выставе-продажы, але і забраць частку
гісторыі з сабой. Прылавак з сувенірамі карыстаўся вялікім попытам як у
мясцовых жыхароў аграгарадка Крэва, так і ў турыстаў, якія спецыяльна
прыехалі да сцен замка. Пляцоўка са старадаўнімі тэхнікамі стала сапраўдным цэнтрам
прыцягнення. За майстар-класам Тамары Касьян уважліва сачылі дзясяткі
захопленых гледачоў. Майстар саломапляцення стварыла прыгожы выраб на
вачах у публікі, далучыўшы ахвотных да працы з натуральным матэрыялам. Трыумфам для бераставічан стаў конкурс майстроў-керамістаў. Менавіта
тут талент Алены Дзянішчык атрымаў найвышэйшае прызнанне. Стварыўшы
ўнікальны гліняны экспанат непасрэдна падчас спаборніцтва, майстар
мастацкіх рамёстваў упэўнена заваявала дыплом II ступені ў намінацыі
«Лепшы выраб з гліны на месцы». Такое выступленне яшчэ раз пацвердзіла высокі прафесійны ўзровень
бераставіцкіх рамеснікаў. Варта адзначыць, што ўдзел у падобных
мерапрыемствах - важная складовая ініцыятывы «Беларусь творчая»,
накіраванай на падтрымку народных мастацкіх промыслаў у рэгіёнах краіны. #культура #ремёсла
Автор: Галіна Жук