13.01.2025
“Браму адчыняйце, Каляду пускайце”. На Бераставіччыне адраджаюць народныя абрады
Да жыхароў аграгарадка Вялікія Эйсманты і вёсак Рымуцеўцы, Каенеўцы, Кавалі завіталі калядоўшчыкі.
Сярод разнастайных кірункаў дзейнасці Бераставіцкага раённага цэнтра
культуры і народнай творчасці асаблівая ўвага надаецца захаванню
фальклорнай спадчыны і народных традыцый. Удзельнікі народнага ансамбля
польскай песні “Стокроткі” (“маргарыткі”) аддзела па правядзенню
культурных мерапрыемстваў ставяць сваёй задачай адраджэнне нацыянальных
абрадаў і ў сваім рэпертуары маюць нямала абрадавых народных песняў.
Цяпер – час для “калядак”. А таму “Стокроткі” сумесна з работнікамі
філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. В. Эйсманты і аг. Канюхі, а
таксама сектара па нестацыянарнаму абслугоўванню насельніцтва правялі
калядны абыходны абрад “Браму адчыняйце, Каляду пускайце”.
– У вобразах традыцыйных маскіраваных персанажаў — “казы”,
“мядзведзя”, “зорканошы”мы наведалі хаты вяскоўцаў са шчырымі каляднымі
і навагоднімі віншаваннямі , – расказала хормайстар народнага
ансамбля польскай песні “Стокроткі” аддзела па правядзенню культурных
мерапрыемстваў Вікторыя Бажко. – На беларускай і польскай мовах
праспявалі калядкі і шчадроўкі – асаблівыя абрадавыя песні, якія з
даўніх часоў выконвалі ражаныя падчас калядавання. Мясцовыя гаспадары і
гаспадыні сустракалі нас з радасцю.
Адкуль свята
Каляды — народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання. З
усталяваннем хрысціянства – прымеркавана да рэлігійных святаў Нараджэння
Хрыстова і Вадохрышча. На Беларусі шчыльна пераплецена з народнымі
звычаямі. У калядныя вечары па хатах ходзяць калядоўшчыкі з віншаваннямі
і велічальнымі песнямі. У адрозненне ад сельскагаспадарчага новага года
на Каляды “нараджалася новае сонца”, час “паварочваўся на вясну”. Само
слова “каляды” мае паходжанне ад лацінскага calendae, “календы” – назва
першага дня кожнага месяца (ад таго кораня пайшоў і “каляндар”), а
таксама ад старажытнай назвы сонечнага дыску – Кола.
Да Калядаў старанна рыхтаваліся. Прыбіраліся ў хаце, гатавалі смачную
ежу і ўпрыгожвалі пакоі. Пад абрус на стол абавязкова клалі сена, якое
пасля вячэры аддавалі каровам, што спрыяла павелічэнню надояў малака.
Калядаванне — адна з самых яркіх традыцый, што дайшла да сучаснасці.
Адмовіць калядоўшчыкам у пачастунках было тое самае, што пазбавіць сябе
дабрабыту на ўвесь наступны год.
Ведаць вытокі
– Рыхтуючы свята-абрад мы ставілі перад сабой мэту паказаць
невычэрпнасць і разнастайнасць народных звычаяў, якія выдатна
адлюстроўваюць святочны настрой і пачуцці людзей , – падкрэслівае Вікторыя Бажко. – Далучыць
насельніцтва, асабліва падрастаючае пакаленне, да скарбаў нацыянальнай
культуры, да яе каранеў і вытокаў вельмі важна. Праз веданне гістарычнай
спадчыны і звычаяў нашага народа фарміруецца любоў да Радзімы і яе
духоўных каштоўнасцяў.
Абрад калядавання ў розных формах правялі і ў іншых філіялах клубнай і
бібліятэчнай сістэмы раёна, у тым ліку з удзелам юных наведвальнікаў
аматарскіх аб’яднанняў і гурткоў.
https://www.beresta.by/bramu-adchynjajce-kaljadu-puskajce-na-berastavichchyne-adradzhajuc-narodnyja-abrady/