06.10.2022
Дэкада «Залаты ўзрост» на Бераставіччыне. У райбібліятэцы адбылося святочнае пасяджэнне клуба «Паклічу сяброў»
У рамках дэкады «Залаты ўзрост»
Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В. М. Кавалеўскага сабрала
ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання пажылых людзей “Паклічу сяброў” на
святочнае пасяджэнне. Мэта сустрэчы – аддаць даніну павагі старэйшаму
пакаленню, перад якім мы ў неаплатным даўгу, напоўніць жыццё пажылых
людзей цяплом і святлом.
Бібліятэкары прапанавалі гасцям установы пазнавальна-забаўляльную праграму “Как молоды мы были”.
Вядучыя цёпла павіншавалі віноўнікаў урачыстасці са святам веры,
мудрасці і дабрыні. Бібліятэкар Наталля Ляўковіч прачытала душэўныя
вершы.
За кубкам гарачай гарбаты ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Паклічу
сяброў” спявалі песні сваёй маладосці, чыталі байкі і аўтарскія творы,
успаміналі жыццё. А яшчэ актыўна і з юным запалам удзельнічалі ў
віктарынах і конкурсах. Госці правялі ў бібліятэцы прыемныя хвіліны
адпачынку, атрымалі зарад бадзёрасці і пазітыву.
На сустрэчы прысутнічалі старшыня Бераставіцкай раённай арганізацыі
Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Алена Сілкова і дырэктар
Бераставіцкай райбібліятэкі Святлана Станкевіч, якія сардэчна
павіншавалі прысутных з Днём пажылых людзей, пажадалі ім моцнага здароўя
і даўгалецця.
Інга Антановіч, бібліёграф Бераставіцкай райбібліятэкі