Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Бераставiцкi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
03.06.2021

Майстры Бераставіччыны – у ліку пераможцаў ХІI Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”

Дыпломамі ІІІ ступені ХІI Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет” узнагароджаны загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, майстар па саломапляценні Тамара Касьян і метадыст аддзела, майстар па вышыўцы Анастасія Касьян. Рэспубліканскі фестываль-кірмаш адбыўся 29 мая ў Мінску на пляцоўцы каля Палаца спорту. Дэлегацыю Гродзенскай вобласці прадстаўлялі вядучыя майстры народнай творчасці з Астравецкага, Бераставіцкага, Лідскага, Навагрудскага, Слонімскага раёнаў і г. Гродна. Арганізатарамі фестывалю-кірмашу выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкам і Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. У мінулым годзе ён не праводзіўся, а ў 2019-м бераставіцкія майстры таксама прадстаўлялі ў Мінску экспазіцыю сваіх вырабаў. Сёлета на плошчы каля Палаца спорту быў разгорнуты цэлы горад майстроў з трох сотняў унікальных рамеснікаў з усёй рэспублікі. Падчас мерапрыемства яны прэзентавалі свае вырабы і праводзілі майстар-класы па апрацоўцы дрэва, ганчарству, ткацтву, вышыўцы, роспісу, каванні, выцінанцы, саломапляценні. Акрамя майстроў і рамеснікаў, на фестываль прыехалі самабытныя творчыя калектывы з усіх куткоў рэспублікі, у тым ліку з Гродзеншчыны – народны ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік” і ўзорны ансамбль народнай музыкі “Гулянок” Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў імя М.К. Агінскага. Фестываль-кірмаш «Вясновы букет» праводзіцца ў мэтах падтрымкі народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў, аднаўлення рэдкіх і забытых відаў традыцыйных рамёстваў, павышэння сацыяльнага і творчага статусу народных майстроў, папулярызацыі мастацкіх рамёстваў і промыслаў. Падчас фестывалю традыцыйна праводзіцца конкурс работ народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з прадстаўленнем майстрамі калекцый уласных творчых работ. Гэтыя калекцыі ацэньвае экспертная камісія на чале з беларускім мастацтвазнаўцам і этнолагам, прафесарам, старшынёй Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгенам  Сахутам. – Вельмі прыемна, што нашы вырабы атрымалі гэткую высокую адзнаку членаў камісіі, – расказвае загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Тамара Касьян. – На фестывалі-кірмашы было шмат таленавітых, дастойных прызнання майстроў з усёй краіны. Мерапрыемства стала цудоўнай пляцоўкай для зносін, абмену вопытам і атрымання новых ведаў. Бераставіцкія майстры адзначаны дыпломамі ІІІ ступені і грашовымі прызамі ў намінацыях “пляценне з прыродных матэрыялаў” (саломы, лазы, лыка, лучыны і іншых)  і “ткацтва і вышыўка”. Святлана Ганчарова