Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Бераставiцкi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
14.11.2022

Маладзёжны этна-фэст «Folk PARTY» адбыўся на Бераставіччыне

Бабулі, якія спяваюць у хустачках, танцы ў рознакаляровых народных касцюмах, музыка з балалайкай – магчыма так сучасная моладзь уяўляе сабе фальклор. Пра тое, што гэта велізарны пласт культуры, незаменны для асноў фарміравання каштоўнасцей, разумее далёка не кожны. Між тым, характэрныя рысы, уласцівыя кожнаму народу, можна вызначыць па музыцы, рукадзеллі, рамяству, звычаях і традыцыях. Вывучаючы гэтыя асаблівасці можна зразумець жыццёвыя прынцыпы і душу народа, адчуць нацыянальную самаідэнтычнасць. Натхніўшыся дэвізам “Зразумець традыцыю, можна толькі пражыўшы яе”, супрацоўнікі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці зладзілі для старшакласнікаў Вялікабераставіцкай СШ і навучэнцаў Бераставіцкага дзяржаўнага каледжа маладзёжны этна-фэст “Folk PARTY”. Юнакі і дзяўчаты дакрануліся да этнакультурнай спадчыны, пазнаёміліся з народнымі традыцыямі і побытам нашых продкаў. Традыцыі, якія жывуць і сёння Зразумела, час не стаіць на месцы і дыктуе нам зусім іншыя погляды на жыццё, чым раней. Але ёсць нямала старадаўніх традыцый, якія жывуць і сёння. Напрыклад, вітаць гасцей хлебам-соллю. Гэтая традыцыя сімвалізавала ветлівасць гаспадароў, якія былі рады прыняць у сябе дома гасцей. Каб паказаць сваё добрае стаўленне, ім падавалі самую важную і сімвалічную ежу – хлеб, а таксама соль, якая была ў даўнія часы каштоўнай і лічылася абярэгам. Пад прывітальныя песні народнага ансамбля народнай песні “Бераставіцкія музыкі” гасцей этна-фэсту сустрэлі на парозе Дома культуры менавіта хлебам-соллю. І яны з энтузіязмам прынялі пачастунак. А яшчэ даведаліся, што хлеб з соллю выкарыстоўваўся і для блаславення. Напрыклад, падчас вяселля ці провадаў у дарогу. Яшчэ адзін прадмет, якія належыць і мінуламу, і сучаснасці – гэта ручнік. Ручнік не проста кавалачак тканіны. Ён з’яўляецца беларускай нацыянальнай каштоўнасцю, з якой вітаюць дарагіх гасцей, выкарыстоўваюць у вясельным і пахавальным абрадах, народзінах і хрэсьбінах як упрыгожанне, сімвал свята і абярэг. Шмат стагоддзяў карыстаюцца ім беларусы. Ткуць і расшываюць ручнікі і сёння, працягваючы ўдасканальваць прыгажосць, над якой працавала мноства папярэдніх пакаленняў. Юнакі і дзяўчаты адказалі на пытанні адносна прызначэння ручніка і палюбаваліся яго прыгажосцю падчас харэаграфічнай замалёўкі “Беларускі ручнік”. «Сялянская хатка» – калідор эпох Быццам у іншай эпосе апынуліся госці этна-фэсту, трапіўшы ў залу, убраную ў стылі традыцыйнай сялянскай хаты. Экспанаты старадаўняга сялянскага інтэр’еру, прылады працы, прадметы побыту, тканыя, саламяныя і гліняныя вырабы, вышыўку і карункі прадаставілі музей Вавёркі, Дом рамёстваў, філіял па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Алекшыцы. Госці даведаліся пра прызначэнне сярпа, цэпа, маслабойкі, прасніцы, калаўрота і іншых рэчаў, якія выкарыстоўвалі нашы продкі ў сваім побыце. Убачылі дываны і посцілкі, створаныя ткачыхамі Бераставіччыны, народнымі майстрамі Беларусі Марыяй Кажанеўскай і Аленай Барцэвіч з вёскі Плябанаўцы. Спасціглі сакрэты саломапляцення ад майстра Тамары Касьян, якая ў ліку лепшых майстроў вобласці і краіны з’яўляецца носьбітам гэтай беларускай мас­тацкай практыкі. Цікавасць у юнакоў і дзяў­чат выклікала знаёмства з адноў­леным бераставіцкім строем – жаночым і мужчынскім касцюмамі, характэрнымі для нашай мясцовасці. Дарэчы ака­заліся майстар-класы па саломапляценні і па завязванні хусткі. Пачастунак салам і побытавыя танцы Кульмінацыяй этна-фэсту стаў майстар-клас па побытавых песнях і танцах ад народнага калектыву “Жывіца” Квасоўскага цэнтра культуры. Нягледзячы на сарамлівасць і сціпласць, моладзь не змагла  ўтрымацца, каб не пусціцца ў скокі разам з каларытнымі ўдзельнікамі фальк­лорнага гурта, назва  якога вельмі адпавядае той энергіі, якую выпраменьваюць артысты. Дэгустацыя нацыянальных беларускіх страў, сярод якіх сала, каўбаса, вяндліна, салёныя агуркі, квашаная капустка, бліны, квас, канчаткова  пакарыла сэрцы і, вядома, страўнікі юнакоў і дзяўчат. Рэцэпты прыгатавання гэтых страў жывуць у вяках і перадаюцца з пакалення ў пакаленне, не губляючы актуальнасці.  *** На гэтым знаёмства з этнакультурнай спадчынай нашых продках не скончылася. Моладзь на сабе адчула, якімі вясёлымі, азартнымі і захапляльнымі былі старадаўнія гульні, якія эмоцыі і запал яны выклікалі. А колькі  народнай мудрасці і сакральнасці ўтрымлівае беларускі вясельны абрад! Юнакі і дзяўчаты ўпэўніліся ў гэтым падчас прагляду яго элементаў са сцэны ў выкананні работнікаў раённага цэнтра культуры. Несумненна, ім прыйшоўся даспадобы прапанаваны арганізатарамі інтэрактыў. Калі непасрэдна далучыцца да традыцыі, зразумець яе розумам, дакрануцца тактыльна, адчуць пэўныя эмоцыі, смак і пах, то яна ўжо ніколі не пакіне сэрца. – Задумваючы маладзёжны этна-фэст, мы кіраваліся прын­­цыпамі выхавання ў падрастаючага пакалення павагі да традыцый і звычаяў роднага краю, закладзенымі ў межах Года гіста­рычнай памяці, – падкрэслівае адзін з ініцыятараў фальклорнага паці, загадчык аддзела па рабоце з моладдзю Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вераніка Грахоўская.  – Акрамя гэтага, мы выпрабоўваем наватарскія плыні і сучасныя формы работы з падлеткамі ў рамках абласнога конкурсу на лепшае забаўляльнае мерапрыемства для моладзі “#Где_party”. Гавораць удзельнікі этна-фэсту Ганна Талочка, навучэнка 2-га курсу Бераставіцкага дзяржаўнага каледжа: – Мне вельмі спадабалася мерапрыемства. Нават  не заўважыла, як прабег час. Прыгожыя народныя касцюмы, неверагодныя тканыя і саламяныя вырабы, дэгустацыя. Усё выклікала ў мяне яркія эмоцыі і пачуцці, Упэўнена, удзел у фэсце запоўніцца надоўга. Аляксандр Андрэйчык, навучэнец  2-га курсу Бераставіцкага дзяржаўнага каледжа: – Не думаў, што народныя танцы і гульні могуць так захапіць! Было весела, пазнавальна і не колькі не сумна. Вельмі смачнымі аказаліся блінчыкі і аладкі! Юлія Лукша, вучаніца 11-га класа Вялікабераставіцкай СШ: – З задавальненнем прыняла ўдзел у майстар-класе па саломапляценні. У дзяцінстве я наведвала гурток у Тамары Мікалаеўны Касьян, і сёння рукі самі ўспомнілі, як працаваць з саломкай. Неперадавальныя адчуванні! Святлана Ганчарова, фота аўтара