27.10.2023
На Бераставіччыне адбыўся семінар-практыкум “Дзівосы беларускай саломкі”
Работнікі клубных устаноў культуры спасцігалі сакрэты
саломапляцення на семінары-практыкуме па традыцыйных рамёствах “Дзівосы
беларускай саломкі”.
Прысутныя акунуліся ў гісторыю рамяства саломапляцення, пазнаёміліся з
яго ўвасабленнем на Бераставіччыне і з захаваннем на ўзроўні краіны і ў
свеце, папоўнілі сваю метадычную скарбонку прыкладамі выкарыстання
вырабаў з саломкі пры правядзенні народных святаў і абрадаў, у гуртковай
дзейнасці. Носьбіт рамяства, загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай
культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці
Тамара Касьян правяла майстар-клас па стварэнні саламянага анёлка –
традыцыйнай беларускай цацкі-абярэга. Традыцыі і сучаснасць
Рамяству пляцення з саломкі не адна тысяча гадоў. Перыядам
найвышэйшага ўзлёту беларускага саломапляцення лічыцца канец
ХVIII-пачатак XIX стагоддзя. У гэты час на беларускім Палессі склалася
лакальная мастацкая школа па стварэнні саламяных іканастасаў для
праваслаўных цэркваў. Беларускімі майстрамі была створана ўнікальная ў
гісторыі мастацтва практыка саламяных Царскіх брам, некалькі ўзораў якіх
захаваліся да нашых часоў.
Новы ўзлёт у гісторыі беларускага саломапляцення пачаўся ў 1960-я
гады. З гэтага часу саломапляценне стала інтэнсіўна ўзбагачацца новымі
прыёмамі пляцення. Родапачынальніцай сучаснага саломапляцення стала Вера
Гаўрылюк (1904-1986). Вера Ільінічна стала заснавальніцай мастацкага
промыслу на Брэсцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў.
Сёння саломапляценне, якое страціла сваё першапачатковае побытавае і
рытуальнае прызначэнне, захоўваецца сучаснікамі як каштоўная культурная
і духоўная спадчына і развіваецца ў новым увасабленні, дэманструючы
багатую палітру сваіх дэкаратыўных уласцівасцяў. Беларускія мастацкія
практыкі саломапляцення ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных
каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Эталон мастацтва
– Беларусь – адна з нямногіх краін свету, дзе саломапляценне атрымала інтэнсіўнае сучаснае развіццё , – расказвае метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Анастасія Касьян. – У
большасці развітых краін Заходняй Еўропы, Амерыкі, Азіі пляценне
саломкі перайшло ў разрад хобі. У 2001 годзе майстры з Англіі, Амерыкі,
Аўстраліі і Венгрыі наведалі Беларусь. Узровень работ беларускіх
майстроў і мастакоў, якія працуюць з саломкай, быў расцэнены імі як
эталон сучаснага мастацтва саломапляцення, якое захавала яркую
нацыянальную індывідуальнасць. У 2022 годзе ў было прынята рашэнне аб
уключэнні саломапляцення Беларусі ў Рэпрэзентацыйны спіс сусветнай
нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Сёння беларуская саломка
набыла значэнне нацыянальнага брэнду, мастацкія вырабы і сувеніры з
саломкі беспамылкова асацыіруюцца з Беларуссю, сведчаць аб творчых
здольнасцях і працавітасці беларусаў.
Рэгіянальны каларыт
На Бераставіччыне саломапляценне прадстаўлена работамі майстра Тамары
Касьян, якая прызнана носьбітам гэтага рамяства ў Гродзенскай
вобласці. 20 гадоў жанчына стварае вырабы з саломкі, якія набылі
рэгіянальны каларыт, і дасягнула ў справе высокага ўзроўню.
– Тамара Мікалаеўна ўдзельнічае ў шматлікіх раённых
мерапрыемствах, выставах, фестывалях і кірмашах абласнога і
рэспубліканскага ўзроўню , – адзначае метадыст па фальклору Святлана Здрадоўская. – Яна
праводзіць майстар-класы па саломапляценні, каб зацікавіць саломкай
моладзь, прадэманстраваць хараство і непаўторнасць саламяных вырабаў,
пранесеныя праз стагоддзі нашымі продкамі. Да майстра прыходзяць
гурткоўцы. Звесткі пра дзейнасць бераставіцкага майстра саломапляцення
размешчаны ў выданні «Жывая традыцыя рамёстваў Беларусі»,
падрыхтаваным пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у
рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”.
Для даведкі. Са старадаўніх часоў саломка
прымянялася ў якасці розных абрадавых вырабаў. На Каляды выраблялі
саламяных павукоў, зоркі і ёлачныя цацкі, якімі ўпрыгожвалі жытло.
Рабілі маскі казы, чорта, бусла, пудзіла каня, якія выкарыстоўвалі
падчас абраду калядавання. У абрадзе гукання вясны ўжывалі невялікіх
саламяных птушачак. На Вялікдзень таксама ўпрыгожвалі хату саламянымі
павукамі, птушкамі. Велікодныя яйкі абклейвалі саломкай у тэхніцы
аплікацыі і інкрустацыі. Перад Вялікаднём на Вербную нядзелю ўпрыгожвалі
саломкай галінкі вярбы. Першы зажыначны і апошні дажыначны снапы,
“барада” або “божая барада” – аздобленыя няжатыя каласкі, якія
абавязкова пакідалі на полі, дажыначныя вянкі – таксама абрадавыя вырабы
з саломы, як і саламянае жазло, лялькі дзяўчыны і хлопца з саломы на
вяселле. https://www.beresta.by/na-berastavichchyne-adby-sja-seminar-praktykum-dzivosy-belaruskaj-salomki/