09.01.2023
На Бераставіччыне праходзіць выстава-конкурс “Самаробны цуд”
Нягледзячы на далёка не зімовае казачнае надвор’е, Рэзідэнцыя
Бераст-Зюзі і Спадарыні Завеі ў Вялікай Бераставіцы працягвае дарыць
дзецям навагоднюю казку. На канікулах экскурсіі ў сядзібу бераставіцкага
Дзеда Мароза актывізаваліся, а разам з імі актывізавалася і наведванне
навагодняй экспазіцыі ў пакоях Спадарыні Завеі. Штогод па слаўнай
традыцыі тут дэманструюцца вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці,
створаныя ў рамках раённай выставы-конкурсу “Самаробны цуд”.
– На раённы конкурс, які праводзіцца пры падтрымцы ДУК “Музей Вавёркі
ў Вялікай Бераставіцы”, раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання
“Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, раённай арганізацыі
Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, аддзела ідэалагічнай работы,
культуры і па справах моладзі і аддзела адукацыі Бераставіцкага
райвыканкама, сёлета даслана 169 работ, – расказвае адзін з
арганізатараў творчага мерапрыемства Наталля Таргонская. – Канкурсанты
праявілі сапраўдны талент і фантазію пры стварэнні вырабаў у традыцыйнай
намінацыі “Аб’ёмная калядная кампазіцыя”, а таксама ў новых намінацыях
“Навагодняя сняжынка”, “Навагодні ліхтарык” і “Зімовае дрэва”. Экспанаты
“Самаробнага цуда” вельмі адпавядаюць той навагодняй казачнай
атмасферы, якая пануе ў пакоях Спадарыні Завеі, і выклікаюць цікавасць у
наведвальнікаў усіх узростаў.
Гэта сапраўды так. Можна бясконца разглядаць некаторыя работы і не
пераставаць дзівіцца незвычайнай прыгажосці, вытанчанасці і багатай
выдумцы ўдзельнікаў конкурсу. Хоць іх узроставы парог не перавышае 16
год, зразумела, што на выставе прадстаўлена творчасць, народжаная
сумеснымі намаганнямі дзяцей, бацькоў, настаўнікаў, кіраўнікоў гурткоў і
аматарскіх аб’яднанняў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Аднак такі
тандэм дае выдатныя вынікі, у чым можна ўпэўніцца наведаўшы Рэзідэнцыю
Бераст-Зюзі.
Падвядзенне вынікаў і вызначэнне пераможцаў выставы-конкурсу будзе завершана да 16 лютага.
Святлана ГАНЧАРОВА, фота аўтара