Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Бераставiцкi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
02.06.2020

Народны тэатр “Магія ігры” рыхтуе чарговы спектакль

Удзельнікі народнага тэатра “Магія ігры” Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці працуюць над чарговой тэтральнай пастаноўкай. П’еса “Пан Твардоўскі” Сяргея Кавалёва ў выкананні бераставіцкіх акцёраў хутка ўбачыць свет у онлайн-фармаце. – Сёння ўся дзейнасць работнікаў культуры перайшла на новыя рэйкі, – гаворыць рэжысёр народнага тэтра “Магія ігры” Марына Хамяня. – Пакуль эпіядэміялагічная сітуацыя не наладзіцца, мы працуем онлайн – запісваем відэа і праз інтэрнэт  дзелімся сваёй творчасцю. Акрамя таго, у бліжэйшай перспектыве тэатру трэба будзе абараняць званне «народны». П’еса “Пан Твардоўскі” як нельга лепш падыходзіць для гэтай мэты – у ёй прысутнічае і захапляльны змест, і пранікнёная ігра акцёраў. “Негістарычная драма”, як называе яе сам аўтар, гэта гісторыя пра вечнае каханне Барбары Радзівіл і вялікага князя літоўскага, караля польскага Жыгімонта ІІ Аўгуста, чорную зайздрасць і магічнае люстра чарнакніжніка пана Твардоўскага – аднаго з самых містычных вобразаў беларускай гісторыі, майстра спірытычных сеансаў. У існуючай легендзе расказваецца, што пасля смерці каралевы Барбары, каб суцешыць мужа, караля Жыгімонта II Аўгуста, да труны быў запрошаны знакаміты чарнакніжнік пан Твардоўскі. Пры дапамозе свайго чароўнага люстра чараўнік выклікаў прывід памерлай. Але Жыгімонт, згараючы ад любові да памерлай і забыўшыся на забарону, дакрануўся рукой да прывіду, і той знік, пакідаючы засмучанага караля навек. Паводле п’есы Сяргея Кавалёва яшчэ пры жыцці пан Твардоўскі свядома паказвае Барбары магічнае люстэрка, дзе адбіваецца яе далейшы лёс, даючы гэткім чынам Барбары выбраць: шчаслівая старасць або смерцяноснае каханне. Дзеянне п’есы адбываецца ў прыдарожнай ліцвінскай карчме. Аднак уключаныя ў спектакль радкі з паэмы Марыі Мартысевіч “Інтэрнэт-дзённік Барбары Радзівіл” пенаносяць гледача ў сучаснасць. Ролі герояў пастаноўкі выконваюць Дзмітрый Бозыр (пан Твардоўскі), Вольга Качыашвілі (Барбара Радзівіл), Марына Хамяня (Ганна Радзівіл, Незнаёмая, Вучань Ян), Іван Міцкевіч (Жыгімонт ІІ Аўгуст), Яўген Грыцко (Суддзя, Пасланец), Алена Бурая (Гальшка). Афармленне дэкарацый і касцюмаў – Надзея Дрыц. Спектакль будзе даступны гледачам онлайн. Сачыце за нашымі анонсамі. Святлана Ганчарова, фота аўтара