21.03.2023
Народны хор ветэранаў “Памяць сэрца” выступіў на абласным фестывалі
ХХVII абласны фестываль народнай творчасці ветэранскіх
калектываў “Не старэюць душой ветэраны” адбыўся 18-19 сакавіка. 12
аматарскіх калектываў дэманстравалі сваю творчасць у Іўе і 15 – у
Ваўкавыску.
На сцэне Ваўкавыскага гарадскога Дома культуры выступіў і народны хор
ветэранаў “Памяць сэрца” Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і
народнай творчасці.
Як паведаміла старшыня раённага савета ветэранаў і ўдзельніца
народнага хору ветэранаў “Памяць сэрца” Алена Сілкова, выступленне
калектыву ўключала чатыры харавыя песні і песню ў выкананні трыо ў
складзе Зінаіды Зямцовай, Ліліі Жданук і Аліны Сапуновай. Падрыхтавалі
хор да ўдзелу ў абласным фестывалі мастацкі кіраўнік Таццяна Панасюк і
акампаніятар Дар’я Барысевіч.Тэматыка песень была ваенна-патрыятычная,
прасякнутая любоўю да роднай зямлі.
– Выступленне нашага хору было адзначана Дыпломам за духоўнае і патрыятычнае выхаванне моладзі, прапаганду песні і памятным падарункам, – адзначыла Алена Іосіфаўна. – Асаблівыя
словы падзякі мы атрымалі ад кіраўніка аддзела культуры Ваўкавыскага
райвыканкама Віталія Ляховіча. Як самая старэйшая ўдзельніца абласнога
фестывалю, 86-гадовая Таццяна Якімовіч, прадстаўніца народнага хору
ветэранаў “Памяць сэрца”, была ўзнагароджана грашовым сертыфікатам.
Ірына МІКЛАШ