05.07.2020
“Нашы песні – наша жыццё!”. У Вялікай Бераставіцы адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
Святочны канцэрт “Нашы песні – наша жыццё!”, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, адбыўся ўвечары на сцэне летняга амфітэатра ў Вялікай Бераставіцы. Сваю любоў да малой радзімы, да роднай Беларусі праз песні выразілі артысты, калектывы і ўдзельнікі аматарскай творчасці Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Падчас канцэрта асобыя словы падзякі і пашаны за мірнае неба над нашай Бацькаўшчынай прагучалі ў адрас ветэранаў, паколькі галоўнае свята краіны непарыўна звязана з важнай падзеяй у айчыннай гісторыі — вызваленнем ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сучаснае пакаленне сёння проста абавязана захаваць здабыткі, за якія нашы дзяды і прадзеды ахвяравалі сваім жыццём, і прымножыць іх сваімі працоўныя дасягненнямі.
У тэматычнай канцэртнай праграме прагучалі песні пра Беларусь і на беларускай мове ў выкананні лепшых салістаў Бераставіччыны і калектываў.
Сапраўдным упрыгожаннем канцэрта стала выступленне народнага ансамбля народнай песні “Бераставіцкія музыкі” і ансамбля песні “Верацейцы”. Творчасць гэтых калектываў выклікалі ў гледачоў пазітыўныя эмоцыі і ўзвышаны настрой, а песні пра любоў да беларускай зямлі і да роднага мястэчка ў выкананні ўдзельнікаў ансамбляў прагучалі шчыра і пранікнёна. Гэта і не дзіўна. У сваёй творчасці артысты заўсёды ўвасабляюць уласныя пачуцці, якія перапаўняюць сэрца і даюць сілы на добрыя справы дзеля родных і блізкіх, дзеля той мясцовасці, дзе яны нарадзіліся і выраслі.
Беларуская культурная спадчына мае слаўныя карані. Падчас кацэрта была прадстаўлена этнаграфічная кампазіцыя “Азбука беларускага арнаменту”, якая патлумачыла гледачам значэнне сімвалаў нацыянальнага арнаменту, які і сёння ўжываецца на вышываных вырабах.
Пасля тэматычнай часткі праграмы ў святочным канцэрце прагучалі эстрадныя кампазіцыі.
Сваёй творчасцю з жыхарамі і гасцямі гарпасёлка падзяліліся работнікі і аматары мастацкай творчасці ўстаноў культуры раёна Вольга Паўлючук, Валерыя Гасціловіч, Алег Зайцаў, Юрый Заяц, Аляксандр Лапскі, Юлія Сяргеева, Арына Лукашэвіч, Анастасія Татур, Андрэй Аруткін, Уладзімір Макар, Вольга і Дзмітрый Пазнякі.
Фінальнай песняй удзельнікі канцэрта яшчэ раз павіншавалі ўсіх бераставічан са святам і пажадалі моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, міру, шчасця і дабрабыту, працоўных і творчых дасягненняў на карысць Бераставіцкага раёна, на любай Беларусі.
Святлана Ганчарова, фота аўтара